Вы тут

Прэзідэнт разгледзеў кадравыя пытанні


Галоўны прынцып, якім павінна кіравацца ўлада, — справядлівасць, а ў рабоце з людзьмі асноўнае — сумленнасць і прыстойнасць. Калі гэтым будуць кіравацца на месцах, мы прыйдзем да стварэння справядлівай дзяржавы. На гэта звярнуў увагу ўчора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, узгадняючы на пасады новых кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.


Больш, чым інструкцыя

Новых кіраўнікоў атрымалі Уздзенскі і Горацкі райвыканкамы, а таксама адміністрацыі Савецкага і Цэнтральнага раёнаў Гомеля.

— Галоўны прынцып — справядлівасць, іншага не дадзена, — сказаў кіраўнік краіны. — Закон не ахопіць усе сферы жыцця і думак чалавека. Таму падключайце адзін прынцып — справядліва павінна быць, каб людзі на нас не крыўдзіліся.

Не менш важна і трымаць уладу ў руках, здзяйсняць яе. Кіраўнікі ў рэгіёнах адказваюць за канкрэтную тэрыторыю ў цэлым, і «чужых» людзей, прадпрыемстваў для іх быць не павінна. Нельга, па словах Аляксандра Лукашэнкі, дзяліць прадпрыемствы на камунальныя і ўласныя, прыватныя і дзяржаўныя, трэба дзейнічаць, бо кіраўнік раёна ў першую чаргу адказвае за людзей, якія там працуюць.

Відаць, першым выпрабаваннем новых кіраўнікоў раёнаў, райвыканкамаў стануць выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Як вядома, практычна ўся арганізацыйная работа па іх правядзенні — на мясцовых органах улады.

— Усё павінна быць годна, прыстойна, але ўлада павінна дэманстраваць сваю сілу і ўпэўненасць у ажыццяўленні паўнамоцтваў, — заявіў кіраўнік дзяржавы. Таксама ён агучыў яшчэ раз і сваё ранейшае патрабаванне для дзяржслужачых: у наступным годзе неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на пытанні добраўпарадкавання і навядзення парадку. Асабліва гэта актуальна ў сувязі з падрыхтоўкай да правядзення ў краіне буйных міжнародных спартыўных форумаў.

Расстаўляем акцэнты

Прызначыў Прэзідэнт і двух новых паслоў — у Аргенціну і па сумяшчальніцтве ва Уругвай, а таксама ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку і па сумяшчальніцтве ў Анголу, Зімбабвэ, Мазамбік і Намібію. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на перафармаціраванні работы нашага знешнепалітычнага ведамства, у прыватнасці, трэба вызначыцца, з якімі краінамі мы будзем працаваць.

— Нам трэба ў Афрыцы — я ўжо міністэрству паставіў задачу — вызначыцца, з якімі краінамі мы будзем працаваць. Мы ж не Кітай і не ЗША са сваімі рэсурсамі, што пойдзем ва ўсю Афрыку, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму нам трэба ў будучыні паглядзець і, можа быць, ад якіх-небудзь пасольстваў сысці, калі ў нас там няма інтарэсу і калі там няма супрацоўніцтва.

Або, калі мы, напрыклад, толькі пачынаем працаваць у новай краіне, не прывозіць адразу дзясятак дыпламатаў, а абысціся паслом і памочнікам. Такім чынам будзе закладзена аснова развіцця пасольства. А далей, калі будзе расці тавараабарот, вырасце і наша прадстаўніцтва. Аналагічнага падыходу, лічыць Прэзідэнт краіны, варта прытрымлівацца і ў дачыненні да работы беларускіх дыппрадстаўніцтваў у іншых рэгіёнах свету, у тым ліку ў Лацінскай Амерыцы.

Будуць сустрэчы і са студэнтамі

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Тут — акцэнт на якасць падрыхтоўкі кадраў. Прэзідэнт прызнаўся: яму шкада, што ён апошнім часам мала сустракаўся са студэнтамі.

— Упэўнены, што ў наступным годзе пройдзе шэраг гэтых сустрэч, — сказаў кіраўнік краіны. — Я буду сустракацца ў студэнцкіх аўдыторыях з людзьмі. Але трэба, каб вы мне далі сігнал, што важна зараз для студэнцкай моладзі.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by


Кіраўнік дзяржавы прызначыў:

Астапенку Уладзіміра Аркадзевіча — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Аргенціне і Уругваі па сумяшчальніцтве;

Сідарука Аляксандра Дзмітрыевіча — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у ПАР і па сумяшчальніцтве ў Анголе, Зімбабвэ, Мазамбік і Намібіі.

Кіраўнік краіны таксама даў згоду на прызначэнне:

Радзюка Сяргея Анатольевіча — кіраўніком адміністрацыі Савецкага раёна г. Гомеля;

Лебедзя Дзмітрыя Валянцінавіча — кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля;

Савіцкага Сяргея Канстанцінавіча — старшынёй Уздзенскага райвыканкама;

Кулагіна Сяргея Лявонавіча — старшынёй Горацкага райвыканкама;

Бацяноўскага Леаніда Іванавіча — генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г.Гуанчжоу (КНР);

Корбут Аліны Анатольеўны — рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў;

Кітуркі Ірыны Фёдараўны - рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэтаімя Янкі Купалы;

Картуна Андрэя Міхайлавіча — намеснікам міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю;

Хмеля Андрэя Валер'евіча — намеснікам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;

Смільгіня Івана Іванавіча — намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання — дырэктарам Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду;

Мірончыка Міхаіла Уладзіміравіча — дырэктарам Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі;

Пучылу Міхаіла Мікалаевіча — генеральным дырэктарам ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія»;

Грабнёва Генадзя Іванавіча — членам Віцебскага аблвыканкама.

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.