З конкурсу «Місіс свету», які праходзіў напрыканцы мінулага года ў паўднёваафрыканскім Яганэсбургу, беларуска прывезла тытул «Другая Віцэ-Місіс свету». Дар'я расказала, як ёй удалося ўвайсці ў тройку найлепшых.
— Як вызначалі пераможцу?
— Па выніках трох этапаў. Першы — інтэрв'ю на англійскай мове. Кожная ўдзельніца па пяць хвілін размаўляе з кожным членам журы. Так у іх склалася сваё меркаванне пра ўсіх нас. Некаторым удзельніцам, для якіх англійская мова родная, на гэтым этапе было, зразумела, прасцей. Я валодаю англійскай не дасканала, але на неблагім узроўні. Добра, што была магчымасць да інтэрв'ю падрыхтавацца, зрабіць пэўныя загатоўкі. Задавалі і дадатковыя пытанні, часцей за ўсё «Чаму ты хочаш стаць Місіс свету?»
Затым праходзіла шоу з выхадамі ў купальніках, вячэрніх сукенках і нацыянальных касцюмах. Мяркую, ужо тады журы вызначыла, хто будзе ў топ-12. Трэці этап — фінальны, з усё тымі ж выхадамі плюс дэфіле ў нацыянальным паўднёваафрыканскім касцюме. Гэты этап быў ужо з гледачамі, таму ў конкурсную праграму ўключылі танцавальныя элементы з дадаткова запрошанымі танцорамі і спевакамі. Там выбіралі топ-12 прыгажунь, пасля топ-6, і нарэшце, топ-3.
— Што было самае важнае для перамогі?
— Як казалі самі арганізатары, яе палову складала паспяховае інтэрв'ю, чвэрць — выхад у нацыянальным касцюме, яшчэ чвэрць — у вячэрняй сукенцы. Зразумела, што галоўную ролю іграла ўнутраная прыгажосць і той сацыяльны праект, які трэба было прадставіць на конкурсе. А таксама ўменне трымацца на сцэне і паднесці сябе. Бо ацаніць аб'ектыўна знешнія даныя 35 удзельніц немагчыма. Гэта былі як дзяўчаты ад 24 гадоў, так і жанчыны за 40, тыя, у каго яшчэ няма дзяцей, і тыя, у каго іх пяцёра.
— У вас быў цікавы нацыянальны касцюм...
— Яго рабіла беларускі дызайнер Ганна Забеліна. Я бачыла яе работы раней і папрасіла стварыць штосьці незвычайнае, запамінальнае і стыльнае. Ганна зрабіла паліто васільковага колеру, з вышытымі матывамі беларускага лесу і жывёламі. Яно было апранута на доўгую шыфонавую сукенку, дапаўнялі вобраз капялюшык і брошка. Усё выглядала даволі выйгрышна.
— Колькі, дарэчы, чамаданаў адзення ўзялі з сабой?
— Тры, і быў лішак. Праўда, у параўнанні з тым, што везлі іншыя ўдзельніцы, з таго ж Рыа-дэ-Жанэйра, дзе нацыянальны касцюм упрыгожвала пер'е, у мяне быў невялікі багаж. Калі ляцела дадому, было прасцей — раздарыла падарункі. Па задуме арганізатараў, кожная ўдзельніца павінна была падарыць усім астатнім невялікія сувеніры. Я дарыла беларускую касметыку — гэта выдатная нагода паказаць, што ў нас ёсць якасныя тавары, а таксама беларускі зефір.
— Гэта ж не першы конкурс прыгажосці для вас?
— Калі была студэнткай, удзельнічала ў конкурсах прыгажосці на ўніверсітэцкім узроўні, адтуль накіроўвалі на рэспубліканскі. Быў і міжнародны «Каралева-вясна», які праходзіць у Мінску. У рэспубліканскім студэнцкім конкурсе «Studеnt Stаr» я перамагла ў свой час. У «Каралеве-вясне» таксама ўвайшла ў фінал. Так што якісьці вопыт удзелу ў конкурсах я мела. Калі атрымала прапанову, адчула нават нейкую настальгію, падумала, чаму б і не? Паспрабаваць сябе ў новых абставінах — гэта добры шанц і новы досвед.
— Нейкія абавязкі з'явіліся ў сувязі з атрыманнем тытула «Другой Віцэ-Місіс»?
— Не, кантракт арганізатары падпісалі толькі з пераможцай. Але я лічу, што мой тытул — добрая нагода, каб самой зрабіць нешта для тых, каму патрэбна дапамога. Вось на Раство сумесна з арганізацыяй «SОS-Дзіцячыя вёскі» мы запрасілі больш за трыста дзяцей на кінапаказ мультфільма «Фердынанд». Стварылі ім святочны настрой.
— Раскажыце пра ваш сацыяльны праект, з якім ехалі на конкурс?
— Ужо сёмы год мы праводзім фестываль «Tаstе оf Mіnsk». Гэта сямейнае мерапрыемства на адкрытым паветры, куды можна прыйсці і добра правесці час і дзецям, і дарослым. Для малых створаны розныя зоны, працуюць аніматары, ладзяцца конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы. Кожны вечар праходзяць джазавыя вечары, працуе смачная кухня. Мінулым летам разам з ЮНІСЕФ мы вырашылі запрасіць сем'і бежанцаў з Украіны і Афганістана, якія жывуць у Беларусі, каб дапамагчы ім адаптавацца ў нашай краіне, пазнаёміць, каб дзеці знайшлі новых сяброў.
— Арганізатар гэтага фестывалю, дарэчы, ваш муж — вядомы арганізатар свецкіх мерапрыемстваў, бізнесмен Юрый Рэут. Гэта ён вас натхняе на розныя праекты?
— Канешне, ён з'яўляецца маёй апорай і падтрымкай, штосьці падказвае, і я вельмі ўдзячная яму за гэта. Але ў чым мы з мужам падобныя, дык гэта ў тым, што ў нас заўсёды былі актыўныя жыццёвыя пазіцыі. Зараз імкнёмся адзін аднаму дапамагаць і развівацца. Ён раіцца са мной наконт нейкіх новых ідэй, я — з ім. Атрымліваецца адзіная каманда. Праўда, ёсць напрамкі, дзе мы рухаемся асобна. Там я не ўмешваюся ў яго справы, а ён — у мае. Юра ў свой час атрымаў адукацыю праграміста, але кірункаў дзейнасці ў яго вельмі шмат, ён надзвычай заняты. Я бачу, што часу на сон у яго застаецца ўсё менш.
— Раскажыце пра ваш праект «Mу Musе Vіntаgе».
— Ён дастаткова малады, з'явіўся два гады таму. Ідэя нарадзілася ў маёй сяброўкі, і мы кампаньёны ў гэтай справе. Сябруем даўно, разам вучыліся. Наша 27-я мінская школа была з тэатральным ухілам. Вось гэта мастацтва пераўвасаблення, любоў да касцюмаў на нас з Насцяй і паўплывала. Аднойчы ў Барселоне яна купіла некалькі вінтажных сукенак. Сяброўкі былі ў захапленні і прасілі панасіць. Так мы вырашылі, што камусьці яшчэ гэта будзе цікава. Аказалася, што вінтажным адзеннем захапілася шмат дзяўчат. Мы прывозім яго з Парыжа, Берліна, Барселоны, Мілана.
— Ці ёсць зараз месца тэатру ў вашым жыцці?
— Канешне, любоў да яго засталася. Цяпер разам з сынам хаджу на дзіцячыя пастаноўкі, каб захапіць яго гэтым відам мастацтва. Тэатр беларускай драматургіі (мой любімы), сучасны мастацкі тэатр і тэатр оперы і балета — вось так выглядае топ-3 маіх захапленняў.
— Вы скончылі педагагічны ўніверсітэт, ці давялося працаваць па прафесіі?
— Пасля школы я хацела быць актрысай, як і многія мае аднакласнікі ездзіла паступаць у Маскву, але не атрымалася. Каб не губляць год, пайшла ў педагагічны ўніверсітэт з думкамі пасля зноў паспрабаваць трапіць у тэатральны. Праўда, у ВНУ быў свой студэнцкі тэатр, я пачала там іграць, у мяне з'явіліся новыя сябры, і я вырашыла, што мне і тут добра. Я настаўнік мовы і літаратуры. У школе выкладаць давялося толькі падчас практыкі. Паколькі на апошніх курсах працавала ў адным з часопісаў пра моду і прыгажосць, то мяне размеркавалі ў гэтую рэдакцыю.
— Зараз рэдагуеце часопіс Fаmоus?
— Так, яго выдае мой муж. А паколькі ў мяне ёсць вопыт такой працы, я займаюся творчай часткай.
— Хапае часу на сям'ю?
— Калі расстаўляць прыярытэты, то на першым месцы ў мяне заўсёды сям'я. У майго сына ніколі не было нянькі, першы год я адмовілася ад усіх праектаў і была толькі з ім. Увечары, у выхадныя адкладаю работу і больш часу праводжу з Маркам. Тата наш таксама стараецца перанесці свае справы, выбрацца разам з намі на нейкае сумеснае сямейнае мерапрыемства.
Алена КРАВЕЦ
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.