Вы тут

Усё ўключана: у Мінску выпусцілі ў продаж Картку госця


Гэта адзіная электронная картка для турыстаў, якая ўключае наведванне музеяў і экскурсій, праезд, а таксама выгадныя прапановы ад гасцініц, рэстаранаў і пракату транспартных сродкаў.


Як расказаў дырэктар УП «Мінгардаведка» Барыс ВАСІЛЬЕЎ, картка створана на базе праязнога білета. Можна набыць варыянт на адны, двое ці трое сутак. Прычым такое абмежаванне было выбрана невыпадкова: пяцідзённы тэрмін бязвізавага знаходжання ў краіне ўключае дзень прыезду і ад'езду, таму для насычанай экскурсійнай праграмы застаецца роўна тры дні. Аднак у будучыні магчымасці, як па геаграфіі дзеяння, так і па тэрмінах, збіраюцца пашырыць.

Пакуль жа картка дае права безлімітнага праезду на наземных відах транспарту і на дзесяць паездак на метро, а таксама магчымасць наведвання 74 аб'ектаў у Мінску і за яго межамі бясплатна або па спецыяльнай цане. Сярод іх 37 музеяў, у 13 з якіх з экспазіцыяй можна азнаёміцца бясплатна: напрыклад, у музеі Вялікай Айчыннай вайны, музеі архітэктурных мініяцюр «Краіна міні», Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. 16 гасцініц, восем гандлёвых сетак, два турыстычныя аўтобусы, пракаты аўтамабіляў і веласіпедаў даюць зніжкі на свае тавары і паслугі ад 5 да 50 %. У доўгатэрміновай акцыі таксама прымаюць удзел Нацыянальная бібліятэка, аквапарк «Лебядзіны» і Мінскі заапарк, за наведванне якога, дарэчы, не прыйдзецца даплачваць. Калі казаць пра кошт самой карткі, то ён складае 45, 60 і 78 рублёў адпаведна колькасці дзён. Нават калі скарыстацца толькі дзясятай часткай усіх магчымасцяў, выгада становіцца відавочнай.

Набыць картку можна ў інфармацыйна-турыстычным цэнтры на вуліцы Рэвалюцыйнай, на чыгуначным вакзале і ў Верхнім горадзе. У найбліжэйшы час стэнд «Мінгардаведкі» з'явіцца і ў Нацыянальным аэрапорце. Дарэчы, заказаць картку можна і анлайн, пасля гэтага яе трэба актываваць на працягу года. У канцы снежня была абвешчана дзесяціпрацэнтная зніжка для тых, хто паспее купіць картку ва ўстаноўленыя тэрміны. Такой магчымасцю скарысталіся 29 чалавек, сярод якіх турысты з Кітая, Італіі, Германіі і Чэхіі.

У дадатак да карткі будзе выдавацца падрабязны даведнік, інфармацыя ў якім прадстаўлена на рускай і англійскай мовах. Таксама можна скарыстацца мабільнай праграмай або знайсці ўсе неабходныя звесткі на сайце. На самой картцы пазначаны нумар, на які можна звяртацца кругласутачна, аператары адкажуць па-руску і па-англійску.

Праца над карткай вялася на працягу года. Як адзначыў Барыс Васільеў, першапачаткова меркавалася, што да праграмы далучацца пяць музеяў, але на справе жаданне ўключыцца ў працэс выказалі куды больш удзельнікаў. Прычым сярод іх больш за дзясятак устаноў, якія размешчаны не на тэрыторыі сталіцы: музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі», замкавы комплекс «Мір», музей-запаведнік «Нясвіж», мемарыяльны комплекс «Хатынь», гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна» і многія іншыя. Акрамя ўдасканалення Карткі госця, у планах у «Мінгардаведкі» ёсць стварэнне асобнай падзейнай карткі, а таксама спецыяльнай прапановы да Еўрапейскіх гульняў.

Што датычыцца інфраструктуры, то на тэрыторыі Мінска працуе 51 гасцініца агульнай змяшчальнасцю на шэсць тысяч нумароў. На гэты год запланавана адкрыццё яшчэ трох новых гатэляў: на вуліцы Зыбіцкай, за кінатэатрам «Перамога» і недалёка ад аквапарку «Лебядзіны». Як расказаў начальнік Упраўлення бытавога і гасцінічнага абслугоўвання насельніцтва Мінгарвыканкама Юрый НАТЫЧКА, сярэдняя загружанасць гасцініц — 45 %, прычым паказчык вырас у параўнанні з мінулым годам на 5 %. У навагоднія святы сітуацыя склалася найлепшым чынам: у ноч з 31 снежня на 1 студзеня многія гасцініцы былі занятыя практычна цалкам, у астатнія дні запаўняльнасць склала крыху менш за 80 %.

Паводле статыстыкі, у сярэднім турысты праводзяць у Мінску 2-3 дні і выдаткоўваюць разам з пражываннем і харчаваннем каля 200 рублёў у суткі. Намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Святлана ДЗЯМЕШКА падкрэсліла, што ў мінулым годзе турызм у краіне істотна ажывіўся. Сёлета чакаецца значны прырост колькасці турыстаў з краін Азіі, у прыватнасці з Кітая. Дзеля гэтага ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы: у многіх музеях ёсць аўдыягіды на кітайскай мове, у Мінску працуе 14 атэставаных экскурсаводаў, якія свабодна размаўляюць па-кітайску, ужо гатовы пераклад сістэмы прасторавага арыентавання, які хутка з'явіцца ў цэнтры горада. Пакуль жа часцей за ўсё магчымасцю бязвізавага ўезду самастойна карыстаюцца турысты з Германіі, Польшчы і Італіі, у рамках арганізаваных тураў — з Аўстрыі, Швейцарыі, Літвы.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

У адказе за гістарычную памяць

У адказе за гістарычную памяць

«Мы толькі цяпер пачынаем усведамляць і падыходзіць да ацэнкі рэальных маштабаў гібелі нашых людзей ад рук фашыстаў і іх памагатых у гады вайны».

Грамадства

Як музей у Вайцяшыне бібліятэку ад закрыцця выратаваў

Як музей у Вайцяшыне бібліятэку ад закрыцця выратаваў

Бібліятэк, што функцыянуюць не ў цэнтральных сядзібах, не ў аграгарадках, а ў значна меншых населеных пунктах, ужо амаль не засталося.

Грамадства

У зоне рызыкі. Як пажылым людзям засцерагчыся ад СOVІD-19

У зоне рызыкі. Як пажылым людзям засцерагчыся ад СOVІD-19

Найлепшым спосабам прафілактыкі з'яўляецца прышчэпка ад COVІD-19.