Вы тут

Як засцерагчыся ад абмаражэння і пераахаладжэння


Зіма не здае сваіх пазіцый, а ў апошнія дні лютага захоўваецца вельмі халоднае надвор'е. Як засцерагчыся ў маразы ад непрыемнасцяў на вуліцы, расказала валеолаг 2-й цэнтральнай раённай паліклінікі г. Мінска Людміла Барташэвіч.


Абмаражэнне — гэта пашкоджанне тканак, выкліканае ўздзеяннем нізкіх тэмператур. А пераахаладжэнне — моцнае ахаладжэнне арганізма, якое можа прыводзіць да розных захворванняў і нават смерці.

Аказанне першай дапамогі падчас абмаражэння першай ступені зводзіцца да аднаўлення кровазвароту ў пашкоджаных тканках паступовым саграваннем — з дапамогай цёплага адзення і знаходжання ў цёплым памяшканні. А вось саграваць канечнасці цёплай вадой ці расціраць іх снегам недапушчальна. Адправіўшы замерзлага чалавека ў гарачую ванну, яму можна толькі нашкодзіць, бо ад такога перападу тэмператур будуць пакутаваць крывяносныя сасуды. З той жа прычыны супрацьпаказаны расціранні і гарачая гарбата. Пітво павінна быць цёплае, але не гарачае.

Калі абмаражэнні больш глыбокія, пашкоджаныя ўчасткі цела неабходна ўхутаць сухім і цёплым адзеннем і даставіць пацярпелага ў медыцынскую ўстанову. А калі ўбачылі ў зімовы час на вуліцы ляжачага чалавека, яго неабходна неадкладна даставіць у цёплае памяшканне, інакш ён можа застацца без рук і ног, а то і ўвогуле замерзнуць.

У такое надвор'е трэба надзяваць цёплае, не цеснае адзенне і абуваць правільна падабраны ўцеплены абутак на тоўстай падэшве. Ён павінен быць сухі, не цесны, пажадана, не пранікальны для вады. Улічваючы той факт, што на пачатковых стадыях абмаражэння боль можа адсутнічаць, неабходна перыядычна абмацваць нос, вушы, пальцы рук. Адкрытыя ўчасткі цела перад выхадам на вуліцу пажадана змазаць тлустым крэмам. Дыхаць трэба праз нос. Гэта папярэджвае не толькі абмаражэнне носа, але і пераахаладжэнне верхніх і ніжніх дыхальных шляхоў. Тым, хто перанёс абмаражэнне, трэба памятаць, што пашкоджаныя раней участкі цела асабліва адчувальныя да холаду, таму іх трэба вельмі пільна аберагаць.

Не ўжывайце алкаголь. На марозе арганізм захоўвае цяпло, звужаючы перыферычныя сасуды, — гэта забяспечвае прыток крыві да ўнутраных органаў і стварае засцярогу ад агульнага пераахаладжэння. А алкаголь расшырае сасуды, зводзячы на нішто ўласную абарону арганізма. Акрамя таго, ён зніжае і адчувальнасць — вы занадта позна зразумееце, што замерзлі, і можаце не паспець прыняць неабходныя меры. Непажадана і курыць. Цыгарэты выклікаюць спазм перыферычных сасудаў, што пагаршае мікрацыркуляцыю крыві — такім чынам рызыка атрымаць абмаражэнне павялічваецца.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Цёплае адзенне і ніякага алкаголю

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.