Вы тут

Сталічная сям'я выхоўвае восем дзяцей


Мужа яна знайшла ў небе, а васьмёра дзетак прыйшлі, калі сэрца падказала, што прагне мацярынства. Таццяна Рамашка ўпэўнена, што для ўсяго існуе свой час, а з жыцця нельга прыбіраць дробязі, каб не рабіць яго стэрыльным. Яна — усмешлівая і мудрая жанчына, ветлівая і цікавая гаспадыня, пяшчотная і разумная мама. А яшчэ... адна з пераможцаў Х Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года», якая сёння атрымае ад Беларускага саюза жанчын пачэсную ўзнагароду ў намінацыі «Мацярынская слава».


Зайшоўшы на вяршыню, трэба з яе спусціцца

Карэспандэнты «Звязды» завіталі ва ўтульны дом Рамашкаў да свята — адпачылі ў медытацыйнай зале, паабедалі найсмачнейшымі вегетарыянскімі стравамі, пазнаёміліся з сабакам Джэкам і некалькімі катамі і выйшлі з адчуваннем, што ў нашым жыцці таксама павінна адбыцца нешта добрае. Такі ўплыў аказвае на людзей гэтая жанчына.

Яе жыццё складаецца з асобных, максімальна насычаных адметнымі падзеямі, цікавымі стасункамі і шчырым шчасцем, перыядаў. Сем гадоў Таццяна, як яна кажа, «служыла людзям і праходзіла практычна-прыкладную псіхалогію за прылаўкам, працуючы ў сферы гандлю». А завочна вучылася на гістарычным факультэце.

У гэты ж час яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам.

— У канцы 80-х — пачатку 90-х людзі хаваліся ад грубасці жыцця, сыходзячы ў горы, лясы... Гэта быў час росквіту турызму. Мы разам з Андрэем аказаліся ў адным самалёце — ляцелі на Цянь Шань. Так і знайшліся.

Пасля была праца ў фірме мужа. Таццяне спатрэбілася фінансавая адукацыя, і другую вышэйшую яна атрымала на вячэрнім аддзяленні. Кар'ера ішла ўгару, усё атрымлівалася. Аднак, як лічыць Таццяна, «зайшоўшы на нейкую вяршыню, лепш спусціцца адтуль, бо адзін ты нічога не зробіш. Трэба сабраць сямейную каманду і правесці па маршруце, што прайшоў сам».

Паўтара года ёй давялося папрацаваць у Міністэрстве фінансаў, ва ўпраўленні кадравай палітыкі. Маючы багаты вопыт работы з людзьмі, яна арганізавала там прафсаюзны рух, выконвала розныя грамадскія нагрузкі.

— Пасля я зразумела, што мая рэалізацыя ў адной, другой, трэцяй сферах — гэта ўсё прыступкі да таго, што засталося няздзейсненым у жыцці, — да мацярынства.

Не важна, дзе запэцкаўся, — хадзем мыцца

Першыя два хлопчыкі з'явіліся ў Рамашкаў у 2008 годзе. Браты: 14-гадовы Саша і 6-гадовы Коля, як мяркуюць сужэнцы, падыходзілі ім па ўзросце. На той момант ёй было 43, а мужу — 48.

— Мы не ведалі, што нас чакае, таму страшна не было, — са смехам адказвае яна на маё пытанне. — Праз год зразумелі, што нам патрэбны дзяўчаткі. Асабліва для Колі, які пайшоў у першы клас. Трэба было ўмацаваць яго дзяцінства і стварыць атмасферу братоў і сясцёр. Так з'явілася Дар'я, і яны разам пайшлі ў другі клас. Пасля — малыя: Вераніка (2,7 года) і на паўгода старэйшая за яе Дзіяна.

— Да Веранікі мы спачатку прыходзілі ў інфекцыйную бальніцу, і правадніком да яе сэрца стала наша Даша. На трэці раз малая заснула ў мяне на каленях — так пайшоў працэс прыняцця, — дзеліцца ўспамінамі наша гераіня. — Пасля мы пераехалі ў вялікі дом і зразумелі, што рэсурсы, асабліва фізічныя, дазваляюць узяць яшчэ дзяцей. Калі ты фізічна можаш узняць дзіця, гэта трэба рабіць нягледзячы на фінансавы бок.

Ілью, які ўсе свае 10 гадоў правёў у дзіцячым доме, Рамашкі знайшлі на сайце dаdоmu.bу. А Артура забралі з дома сямейнага тыпу, дзе нешта пайшло не так. У Таццяны і Андрэя ён паціху акрыяў. Стаў лепш вучыцца, хоць з гэтым раней былі праблемы. Вось толькі б яшчэ дагнаць равеснікаў у росце... Трэцякласнік Артур пакуль больш нагадвае выпускніка дзіцячага садка. Яго разам з мамай мы першым сустрэлі на прыпынку, калі ехалі ў госці да Рамашкаў. Ён паўтараў верш на англійскай мове, усміхаўся і яшчэ доўга махаў маці з аўтобуса, пакуль той не схаваўся за паваротам.

Дзяўчынка Яна прыйшла ў сям'ю нечакана.

— 25 снежня нам сказалі, што ёсць дзяўчынка, якая дагэтуль жыла з бабуляй, а пасля яе смерці панічна баіцца дзіцячага дома і хоча жыць у сям'і. Так яна прыехала да нас, — проста гаворыць шматдзетная мама. — Калі ты раскрываеш абдымкі насустрач дзіцяці — яно адкрые іх табе. Нездарма на Усходзе ёсць выраз: калі ты абдымаеш сірату — цябе абдымае Бог. Я не вельмі паглыбляюся ў папярэднія гісторыі дзяцей. Прымаю іх такімі, якія яны ёсць. З моманту, як яны трапляюць да нас, іх гісторыя пачынаецца з чыстага ліста і мінулае ўжо не мае ніякага значэння. Не важна, дзе чалавек запэцкаўся, — хадзем мыцца! Проста трэба сачыць за чысцінёй свайго жыцця: цела, мовы, учынкаў, стасункаў з дзецьмі.

Калі працуеш Папялушкай, згублены туфлік абавязкова знойдзецца

У вялікім катэджы, пошукі месца для якога сям'я пачала яшчэ ў 2010-м, Рамашкі жывуць ужо шэсць гадоў.

— Спачатку нам хацелася жыць на прыродзе, таму шукалі прапановы і прыгожыя мясціны ў радыусе 20 кіламетраў ад сталіцы. А аднойчы перакінулі пошук у сам Мінск і літаральна праз гадзіну знайшлі гэты ўчастак, — радуецца Таццяна. — І гэта правільна, бо і школа побач, і крама непадалёк, і Цнянскае вадасховішча, і зямля тут добрая, сялянская. Кальцавой аўтадарогай пад'езд пэўным чынам адгароджаны, і гарадскі аўтобус па раскладзе ходзіць.

Дом будавалі самі, ужо ведаючы, што трэба прасторнае месца для вялікага сямейства. Участак, здаецца, і не надта вялікі, але змясцілася тут шмат. Вось лазня з парылкай, куды ходзяць не толькі людзі, але і адзін з гаспадарскіх катоў. Вось дзве цяпліцы, дзе Таццяна ўмудраецца вырасціць столькі ўласнай агародніны, што хапае сямейству на паўгода. Уздоўж плота — вінаградныя лозы, там кусты парэчак, там яблынькі ды грушы. Нават грэцкі арэх ёсць, прычым з арэхамі. А яшчэ газоны, дзе можна паваляцца і пагушкацца на арэлях і куды летам выносяць «гняздо» — вялікае ўтульнае крэсла, якое ўзімку стаіць у доме.

— Мы часта хочам атрымаць ад жыцця адразу ўсё, што заслугоўваем. Але жыццё можа лічыць па-іншаму. Таму трэба найлепшым чынам рабіць тое, што табе прапануецца цяпер, — упэўнена гаспадыня. — Калі працуеш Папялушкай, згублены туфлік абавязкова знойдзецца.

Прыродны фітнес

Муж і жонка, як лічыць Таццяна, гэта бакавінкі адной лесвіцы, або сцены з дахам. Ніводны не важнейшы, а проста дапаўняе другога. Пры гэтым на розных этапах развіцця хтосьці з іх можа вырывацца наперад і быць больш падкаваным у той ці іншай галіне.

Гледзячы на мужа, які не есць мяса з 18 гадоў, яна стала вегетарыянкай. Праўда, каб клеткі арганізма перабудаваліся, спатрэбілася пяць гадоў. Цяпер усё сямейства Рамашкаў вегетарыянцы, хоць нікога да гэтага не прымушаюць.

Сямейны перыяд жыцця авалодаў Таццянай цалкам. З'явілася пачуццё напоўненасці і задаволенасці, знайшоўся той элемент «пазла», якога не хапала.

— Аднак гэта пачуццё прыйшло не адразу, — кажа яна, — а тады, калі я ўбачыла, што дзеці шчаслівыя, што ім са мной добра.

Таццяна мяркуе дапамагаць дзецям, пакуль яны дастаткова не пасталеюць, але і потым будзе ўдзельнічаць у іх жыцці. Спачатку школа, пасля студэнцтва, пачатак іх уласных сямейных адносін, унукі, каляскі — усё гэта хвалюе жанчыну, якая б з радасцю пагадзілася, каб дзеці жылі разам з ёю як мага даўжэй.

— Я б яшчэ пару паверхаў надбудавала. І бабуляй ужо хоць сёння стала б, — смяецца яна. — Аднак жыццё віруе, і дзеці будуць падхоплены гэтым патокам. Наколькі далёка іх аднясе — пакажа час. Ім самім трэба сустрэцца з выклікамі жыцця, яго спакусамі, але мы ёсць, мы побач, да нас заўжды можна вярнуцца.

Дзецям трэба шмат і рознага, і атрымліваць гэта яны павінны ад розных людзей, якія могуць падзяліцца сваім вопытам, актыўнасцю, перакананнямі, упэўнены Рамашкі:

— Кожную суботу выязджаем у лес з іншымі сем'ямі, чалавек 30 збіраецца. Там у размовах, стасунках мы сваім вопытам дапамагаем малым. Пасля пяці дзён працы трэба адпачываць, даваць нагрузку целу. Нават заняткі фітнесам — гэта ў горадзе. А ў нас ў лесе прыродны фітнес.

Акрамя пешага турызму, калі сямейства можа за дзень адмахаць 20 кіламетраў, яны выбіраюцца ў Крым, на Каўказ, у Індыю. Дзяўчаткі-Рамашкі, дарэчы, займаюцца індыйскімі танцамі. А яшчэ ўсім сямействам ці па некалькі чалавек яны часта вандруюць на веласіпедах.

Блаславенне неба — жыць пад аховай бацькоў

Сама Таццяна — позняе дзіця ў сваіх бацькоў, і якраз стасункаў з дарослымі і іх вопыту ў яе было ўдосталь.

— Бацькі заўжды мацнейшыя за нас і аддаюць нам больш, чым атрымліваюць. Яны як дубы, якія  з часам усё больш трывалыя.

Маці Таццяны жыла разам з імі з 1997 года. Трапіўшы ў сталіцу, яна вяла актыўнае жыццё, спявала ў хоры «Баявыя сяброўкі» і спачатку не разумела рашэння дачкі ўзяць дзетак. Аднак пасля стала цудоўнай бабуляй, якую ўнукі вельмі любілі.

— Дзіця чужое — толькі на адлегласці. Тады спрацоўвае розум. А калі малы побач — спрацоўвае сэрца, яно не можа не прыняць, не палюбіць дзіця, якому патрэбна абарона, — кажа Таццяна. — Жанчына павінна хацець дзяцей, павінна любіць іх, інакш у ёй нешта не так. Любіць для жанчыны — гэта яе прэрагатыва. Калі няма любві да дзяцей, то яна пераключаецца на ілюзорнае — пачынае любіць прафесію, адукацыю.

Бацька Андрэя разам з Рамашкамі з самага іх вяселля. Ён адзін гадаваў двух сыноў, калі жонка заўчасна пайшла з жыцця. І заўжды захоўваў ёй вернасць.

— Я вельмі ўдзячна, што ён працягвае патранаваць нас з мужам цяпер. Кволы звонку, кепска бачыць і перасоўваецца на калясцы, ён моцны ўнутры, і яго ўнутраны дух, накопленыя за жыццё сіла і мудрасць падтрымліваюць гэты дом. Калі нашы старыя не побач з намі, то гэтая сіла губляецца, бо яе няма каму аддаць, застаецца толькі немач. Гэта блаславенне неба — жыць са сваімі бацькамі, пад іх аховай.

Калі развітваліся з гэтым сямействам, чамусьці падалося, што дзетак тут неўзабаве стане больш, і вялікіх, і маленькіх, а галоўнае — шчаслівых і задаволеных, як і іх бацькі.

Ірына СІДАРОК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Дзясятка сямейства Рамашкаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.