Дакладна па графіку
Усіх малаказдатчыкаў Камянецкага раёна ўжо некалькі гадоў абслугоўвае прыватнае прадпрыемства «БУШсэрвіс». А цяпер у зону абслугоўвання названага прадпрымальніка ўвайшло яшчэ некалькі сельсаветаў Брэсцкага і Жабінкаўскага раёна. Калектыў «БУШсэрвіс» налічвае зараз 13 чалавек.
Яго дырэктар Анатоль ШВЕЙКУС раней працаваў у штаце высокаўскага завода «Белавежскія сыры», па родзе работы — з малаказдатчыкамі. А потым не без падачы кіраўніцтва рашыў заняцца справай прафесійна. Так нарадзілася прыватнае прадпрыемства. Правільней сказаць, ідэя, якая атрымала матэрыяльнае ўвасабленне пасля пакупкі спецыялізаваных аўтамабіляў і найму кіроўцаў. Быў час, калі тут працавалі 12 шафёраў. Потым прайшла аптымізацыя, усе затраты старанна падлічылі, графікі скарэктавалі. Да таго ж тэхніка абнаўляецца, новыя машыны сталі больш эфектыўнымі.
— Зараз у нас працуе восем кіроўцаў, — расказвае Анатоль Швейкус. — Штодня на лінію выходзіць шэсць машын, двое шафёраў на выхадных. Нарыхтоўшчыкі збіраюць малако ў 144 вёсках. Значыць, у сярэднім на аднаго кіроўцу прыходзіцца 24 населеныя пункты, куды трэба заехаць, забраць малако ў гаспадароў, потым завезці ў нашу лабараторыю, пасля гэтага даставіць на завод.
Машыны «БУШсэрвіса» працуюць, нібы маршрутнае таксі, строга па графіку.
— Пяць хвілін прамаруджвання лічыцца ў нас недапушчальным, асабліва на першым маршруце. Час другога і трэцяга выездаў кіроўцы можа быць скарэктаваны лабараторыяй альбо непасрэдна заводам, што залежыць не ад нас. Тады малаказборшчык выбіваецца з графіка, але людзі папярэджаныя, яны ведаюць, што трэба трохі пачакаць. У любым выпадку 460 малаказдатчыкаў з трох раёнаў абслугоўваем кожны дзень.
У свой час Анатоль Швейкус ездзіў вучыцца ў Еўропу. І работу ўласнага прадпрыемства імкнуўся выбудаваць дакладна і рацыянальна. На жаль, гаварыць пра стапрацэнтную скрупулёзнасць і сумленнасць сельскіх гаспадароў пакуль не даводзіцца, таму кантроль якасці малака становіцца адным з асноўных этапаў работы. У прадпрыемства ёсць тры свае лабараторыі: у Высокім, Чэрнях і Відамлі. Спачатку кіроўцы дастаўляюць малако ў найбліжэйшую лабараторыю, дзе спецыяліст робіць аналіз. Калі якасць выклікае нараканні, сыравіна вяртаецца гаспадарам. Добрае малако дастаўляецца на завод, дзе яго правярае заводская лабараторыя.
Дарэчы, цяпер «БУШсэрвіс» вязе прадукт не толькі ў Высокае на «Белавежскія сыры», але і ў Брэст на «Савушкін прадукт». Бывалі, на жаль, выпадкі, калі цэлы малакавоз заварочвае заводская лабараторыя. «На заводах стаіць абсталяванне па праверцы на антыбіётыкі коштам у 50—60 тысяч еўра, — тлумачыць Анатоль Швейкус. — У нас прыборы куды больш сціплыя. Ну і «праскокваюць» асобныя віды антыбіётыкаў. А такое малако вытворцам не патрэбнае. Вось і вяртаюць». Для нарыхтоўшчыкаў гэта абарочваецца зрывам графіка і фінансавымі стратамі.
Што яшчэ адзначае Анатоль Міхайлавіч як станоўчы момант сваёй работы — гэта супрацоўніцтва з сельскімі Саветамі. Паводле яго слоў, без мясцовай улады арганізаваць працэс было б наогул немагчыма. Жыццё ёсць жыццё. І ледзь не штодзень узнікаюць калі не канфліктныя, дык спрэчныя сітуацыі, якія дапамагаюць разрульваць менавіта старшыні сельвыканкамаў.
— Калі выяўляецца наша недапрацоўка, мы стараемся выправіць памылку адразу ж. А калі чалавек прывык разбаўляць малако вадой, а потым скардзіцца, што яго сыравіну няправільна ўлічваюць, тут трэба яму ўказаць на недапушчальнасць паводзінаў, — расказвае дырэктар прыватнага прадпрыемства. — Так што супрацоўніцтва з мясцовай уладай нам неабходна.
Эксперымент атрымаўся
У Маларыцкім раёне традыцыйна зборам малака займаюцца сельгаспрадпрыемствы. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег ЯКУБЧЫК адзначае, што не заўсёды справа ідзе гладка. Узнікае шмат пытанняў у насельніцтва, заводы нямала сыравіны вяртаюць па прычыне недастаткова высокай якасці. Такім чынам страты церпяць і сельгаспрадпрыемствы, і малаказдатчыкі. Таму сёлета ў якасці эксперымента рашылі запрасіць у адзін з сельсаветаў малаказборшчыка з суседняга Кобрынскага раёна. Кобрынскае прадпрыемства па зборы малака «Івалга» цяпер забірае яго ад насельніцтва ў Чарнянах, якія размешчаны на мяжы двух раёнаў.
Старшыня Чарнянскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр ПЯТРУЧЫК гаворыць:
— Хоць прайшоў усяго месяц, можна смела сцвярджаць, што эксперымент удаўся. Раней былі бясконцыя скаргі вясковых жыхароў, што прадпрыемства «Савушкін прадукт» вяртае малако, прад'яўляючы неабгрунтаваныя прэтэнзіі. І як тут разабрацца мясцовай уладзе, ці сапраўды ёсць праблемы з якасцю або падыход спецыялістаў занадта строгі? А цяпер, калі малако з нашай вёскі вязуць на Кобрынскі малочны завод, за месяц не было ніводнага выпадку, каб прадукцыю вярнулі. І людзі адрэагавалі вельмі хутка. Напрыклад, адзін гаспадар, які збіраўся прадаць карову, перадумаў гэта рабіць, а іншы нават купіў сабе другую. Бо, жывучы ў вёсцы, малако здаваць выгадна, гэта жывая капейка ў сямейны бюджэт.
Дарэчы, прадпрыемства «Івалга» — гэта былы КУП. Такія амаль два дзясяткі гадоў таму арганізоўвалі ледзь не пры кожным сельвыканкаме. Потым яны па прычыне нерэнтабельнасці адзін за другім спынялі сваё існаванне. А ў Кобрыне адзін КУП выжыў, яго своечасова пераўтварылі ў прадпрыемства па зборы малака. Дырэктар Сяргей КРЫШТАЛЮК расказаў, што ў сваім раёне яны аб'язджаюць за дзень прыкладна 40 населеных пунктаў. Цяпер вось узялі пад крыло і маларыцкія Чарняны. «Івалга» не мае свайго аўтатранспарту, затое мае 13 падвод, на якіх штатныя малаказборшчыкі аб'язджаюць гаспадароў і збіраюць сыравіну кожную раніцу. На цэнтральных сядзібах гаспадарак ёсць халадзільныя ўстаноўкі для ахалоджвання прадукцыі, таксама ёсць лабаранты.
Скажам, у Чарнянах у восем раніцы малако сабралі, прывезлі ў цэнтр, спецыяліст праверыў якасць, за гадзіну малако астыла, а ў дзевяць прыязджае малакавоз. Усе машыны, якія адвозяць прадукцыю на Кобрынскі завод, заводскія. Іх маршрут адладжаны па часе.
«Івалга» прапаноўвала забіраць лішкі малака і ў суседніх Дарапеевічах, але людзі аказаліся не гатовыя здаваць. Там два гады малако не збіралі, таму гаспадары прызвычаіліся прадаваць яго суседзям, дачнікам, адвозіць у горад ці рэалізоўваць нейкім іншым чынам. Тут патрэбны час, каб зноў знайшліся ахвотныя здаваць лішкі прадукцыі, як раней.
Яшчэ адну важную дэталь адзначыў Сяргей Крышталюк. Паводле яго ацэнкі, усе малаказдатчыкі ў Чарнянах надзвычай адказныя і сумленныя гаспадары, таму і не было ніводнага вяртання прадукцыі з завода. «І нам добра, і ім выгадна, — расказвае Сяргей Уладзіміравіч. — А то ў нас нядаўна ў адной з вёсак знайшоўся аматар падліць вады, мы яго так і не вылічылі, а страты панеслі і ўсе яго аднавяскоўцы (паколькі малако зліваецца ў агульную ёмістасць), і наша прадпрыемства. Акрамя таго, былі непрыемныя разборы. У нашай справе важны давер, які грунтуецца на сумленнасці кожнага».
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Камянецкі, Маларыцкі раёны
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?