Вы тут

Краснапольскі народны тэатр адзначыў сваё стагоддзе


Некалькі дзён таму краснапольскі народны тэатр адзначыў сваё стагоддзе. На фестываль «Тэатральныя вечарыны», які праходзіў тут сёмы раз, прыехала шмат удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы. Далучыўся нават калектыў з літоўскага горада Рокішкіс, які прымаў удзел яшчэ ў першым фестывалі. Тры дні на сцэне мясцовага цэнтра культуры ішлі пастаноўкі аматарскіх калектываў з Магілёва, Мінска, Гатчыны, Чарнігава, Екацярынбурга. Вярнуцца на міжнародны ўзровень краснапольскаму тэатру дапамаглі ў тым ліку і народныя абраннікі. І шмат сіл у гэтую справу ўклала Алена Раманенка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама, дэпутат папярэдняга склікання.


А памятаеш, як усё пачыналася?

Ва­лян­цін Ер­ма­ло­віч уба­чыў у ёй Паў­лін­ку (Свят­ла­на дэ­ман­струе фес­ты­валь­ную ўзна­га­ро­ду).

Напэўна, Краснапольшчына — спрыяльная зямля для творчых людзей. Адсюль родам легенда савецкай эстрады Марыя Пахоменка, ваенны паэт Аляксей Пысін. Як ён трапна сказаў пра свой край у вершаваных радках — «салаўіны, глыбінны раён». У Краснаполлі наогул цяжка знайсці чалавека, абыякавага да тэатра. Напрыклад, старшы інспектар аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Петрачэнка на сцэне з 19 гадоў. І лічыць знамянальным, што яе пяцідзесяцігадовы юбілей супаў з тэатральным стагадовым. З дзяцінства марыла пра сцэну і трапіла на яе дзякуючы таленавітаму і апантанаму акцёру і рэжысёру Валянціну Ермаловічу, які ўзначаліў тэатр у канцы 80-х.

Першы фестываль, арганізаваны Валянцінам Ермаловічам, прайшоў у Краснаполлі ў 1993 годзе. Пасля быў яшчэ адзін з удзелам творчых калектываў Літвы і Латвіі, а потым справа заглухла.

— Я прыйшла сюды на работу ў 2009 годзе, і першае жаданне было — падтрымаць наш тэатр, папулярызаваць народную творчасць, у першую чаргу Краснапольшчыны, — успамінае Алена Раманенка. — Першае, з чаго мы пачалі, арганізавалі ў 2012 годзе тэатральны тыдзень. Прайшоў ён вельмі сціпла, але ж мы нагадалі, што існуём. У 2013 годзе Анатоль Сінкавец, на той час начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, убачыў нашы творчыя пачынанні і падтрымаў ініцыятыву па развіцці тэатральнага руху на Краснапольшчыне. З бюджэту былі выдзелены сродкі, што дапамагло ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Дзякуючы гэтаму з'явілася пэўная стабільнасць, жаданне тварыць... У 2016-м усе сілы аддалі рабоце над конкурсным праектам, прысвечаным захаванню тэатральных традыцый. Адначасова працавалі над праектам па ганчарстве. У выніку перамаглі і дзякуючы праекту «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН), атрымалі гранты «Тэатральныя вечарыны», выйшлі на новы ўзровень і змаглі прэтэндаваць на брэнд раёна. Сёлета фестываль упершыню праводзіўся па рашэнні райвыканкама і пры яго фінансавай падтрымцы. Мы змаглі купіць дэкаратыўную тканіну на сцэну, зрабіць падсветку, аплаціць харчаванне і пражыванне гасцей, арганізаваць для іх экскурсію па раёне. Але гэтыя грошы абавязкова акупяцца. Нашы дзеці займаюцца ў тэатральным гуртку раённага цэнтра культуры, і дастаткова адзін раз убачыць іх на сцэне, каб пераканацца, што за будучае нашага тэатра можна не перажываць.

Знак якасці «ад народа»

Аляк­сандр Куз­ня­цоў, Ва­сіль Тка­чоў і Юрый Па­да­ля­кін (зле­ва на­пра­ва) —  лю­дзі, бліз­кія па ду­ху.

Васіль Ткачоў — драматург запатрабаваны. Яго п'есы ідуць і ў беларускіх, і ў рускіх тэатрах. А вось з «народнікамі» з Краснаполля ён працаваў упершыню.

— Калі народны тэатр узяў маю п'есу, можна ганарыцца. Гэта знак якасці ад народа. Для мяне як драматурга гэта вельмі важна.

Трагікамедыя, якую выбралі краснапальчане, — «Лёгкі на ўспаміне» ставілася ў народных тэатрах Гродзеншчыны, Віцебшчыны, нават Харкава на Украіне. Ёсць у ёй тое, што кранае да глыбіні душы.

— П'есу для сёлетняга фестывалю выбіраў доўга, — прызнаецца Аляксандр Кузняцоў, рэжысёр Краснапольскага народнага тэатра. — І п'еса «Лёгкі на ўспаміне» зачапіла. Праблема адселеных вёсак, Чарнобыль — гэта ж усё пра нас. Шмат нашых вёсак пасля чарнобыльскай трагедыі знікла. Вёску, дзе нарадзіўся мой бацька і куды я ездзіў да бабулі, на жаль, бяда таксама не абмінула.

Тэатральны перапалох

Кажуць, што пачуцці з часам становяцца менш вострымі і хвалюючымі. На артыстаў Краснапольскага народнага тэатра гэта не распаўсюджваецца. Іван Ткачоў, артыст са шматгадовым вопытам, перад прэм'ерай хваляваўся як школьнік:

— Тэатр настолькі глыбока ўва мне сядзіць, што я ўжо не ведаю, калі я жыву, а калі іграю. У новым спектаклі ў мяне галоўная роля. Я ўвасабляю Сцяпана. Калі рэпеціраваў, сто патоў сыходзіла. А ў дзень прэм'еры прачнуўся і спужаўся, што слоў не памятаю!

Юрый Падалякін, дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Краснапольскага раёна, адзін з натхняльнікаў тэатральнага руху на Краснапольшчыне.

— Сёлета ў нас паказвалі дзевяць спектакляў тэатраў з Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы. Дзякуючы ПРААНаўскаму праекту, леташні фестываль дастаткова нашумеў, — кажа ён. — Екацярынбург і Гатчына, напрыклад, завіталі другі раз. Прычым за свой кошт. Мы забяспечваем толькі пражыванне і харчаванне. Білет на фестывальны спектакль каштаваў усяго 2—3 рублі. Але, як прызнаюцца арганізатары, у накладзе яны не засталіся, бо быў, як той казаў, поўны аншлаг.

Адна з праблем — пражыванне для іншагародніх. На фестываль збіраецца шмат людзей. Некаторых прыйшлося пасяліць у суседнім Чэрыкаве. Тутэйшым прадпрымальнікам трэба ўзяць на заметку, што раёну неабходна, напрыклад, аграсядзіба пад умоўнай назвай «Тэатральная». Фестываль з'яўляецца брэндам для Краснапольскага раёна, таму трэба трымаць імідж.

З удзяч­нас­цю ад дра­ма­тур­га.

Старшыня Краснапольскага райсавета дэпутатаў Анжаліка ГОМАН:

— Для нас, дэпутатаў, прасоўванне ініцыятыў, праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі — адна з альтэрнатыўных крыніц павышэння эфектыўнасці рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці. Наша задача — дапамагаць ствараць спрыяльныя ўмовы для жыхароў. Зрабіць гэта за кошт мясцовых бюджэтаў не заўсёды атрымліваецца. Праектная дзейнасць, арганізаваная ў рамках конкурсаў з прыцягненнем замежных грантавых сродкаў, паспяхова садзейнічае развіццю тэрыторыі. За чатыры гады ўдзела ў ёй раён атрымаў грантаў на суму больш за 115 тысяч долараў і 88 тысяч еўра.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Аншлаг, і зноў аншлаг!

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.