Вы тут

Дадатковыя групы на беларускай мове адкрыюць у мінскіх дзіцячых садках


Усяго па краіне працуе 2678 беларускамоўных груп у садках — 12,2 працэнта ад агульнай колькасці. У Міністэрстве адукацыі запэўніваюць: пажаданні бацькоў стараюцца выконваць. Так, усім упраўленням адукацыі рэкамендавана пры пастаноўцы на ўлік дзяцей, якія маюць патрэбу ў наведванні садкоў, увесці адпаведную калонку, дзе бацькі будуць пазначаць, на якой мове яны хацелі б, каб навучалася іх дзіця.


— Колькасць груп залежыць перш за ўсё ад попыту. У мінулым навучальным годзе ў сталіцы такіх груп пабольшала на пяць, — расказвае галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Алена МАКАРЭВІЧ. — Папярэдні аналіз той інфармацыі, якая паступае са службаў «адно акно», дзе ідзе пастаноўка на ўлік, і вынікі камплектавання паказваюць, што ў гэтым навучальным годзе плануецца павелічэнне колькасці такіх груп яшчэ на пяць. Усім бацькам, хто выказаў такое жаданне, месца для дзіцяці ў групе забяспечваецца. Але неабавязкова гэты садок будзе ў крокавай даступнасці.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца выданню падручнікаў для беларускамоўных груп. Пераглядаюцца таксама хрэстаматыі па мастацкай літаратуры, каб там былі больш прадстаўлены творы нашых аўтараў.

— Хачу падкрэсліць, што, нават калі адукацыйны працэс ідзе на рускай мове, гэта не значыць, што там увогуле няма беларускай. Тыпавым навучальным планам прадугледжваецца колькасць гадзін на развіццё маўлення па-беларуску, — заўважае Альбіна ДАВІДОВІЧ, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Мінадукацыі.

У цэлым па краіне 95,8 працэнта дзяцей ва ўзросце ад трох да шасці гадоў атрымліваюць дашкольную адукацыю. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў ахопу ў Еўропе. Але ёсць праблема з выдзяленнем месцаў у садках у крокавай даступнасці. Гэта датычыцца абласных цэнтраў, сталіцы. А ў Мінскім раёне нарматыў па забяспечанасці месцамі не выконваецца на 23,6 працэнта. Таксама за першае паўгоддзе 2018-га 6,6 тысячы хлопчыкаў і дзяўчатак не атрымалі пры першым звароце месца ў садку ў Мінскай і Брэсцкай абласцях.

На сёлета запланавана будаўніцтва 17 устаноў дашкольнай адукацыі. Чатыры з іх ужо ўзведзены. Калі казаць пра Мінскую вобласць, то завяршаецца будаўніцтва дзіцячага садка на 230 месцаў у Фаніпалі, а ў трэцім квартале будзе гатовы садок на 150 месцаў у Копішчы. Плануюць узводзіць новыя дашкольныя ўстановы і ў Бараўлянах і Смалявічах.

— Дастаткова запатрабаваны групы кароткачасовага знаходжання. Іх наведвае амаль 42 тысячы выхаванцаў, — дадае Альбіна Давідовіч. — Ёсць групы розных відаў: адаптацыйныя, прагулачныя, вячэрняга знаходжання, выхаднога дня, па падрыхтоўцы дзяцей да школы.

У сельскай мясцовасці запатрабаваны сямейныя садкі. У Мінскай вобласці, напрыклад, іх сем. А вось у сталіцы сямейныя групы не атрымалі папулярнасці сярод бацькоў.

Вострага недахопу выхавальнікаў, на думку Мінадукацыі, не назіраецца. У ведамстве адзначаюць, што павышэнне (хоць і невялікае) заробку, павелічэнне адпачынку да 42 дзён спрацавалі на тое, каб палепшыць сітуацыю з цякучкай кадраў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.