З 6 па 12 верасня ва Узброеных Сілах Беларусі праходзіць камандна-штабное вучэнне. Сёлета яно з'яўляецца фінальным этапам у сістэме баявой, аператыўнай і мабілізацыйнай падрыхтоўкі войскаў. Іх тэма ставіць на мэце падрыхтоўку і выкарыстанне сіл для адбіцця агрэсіі супраць нашай краіны.
Фінальны этап вучэнняў распачаўся на Барысаўскім палігоне 11 верасня.
- Перад вайскоўцамі была пастаўлена задача знішчыць аэрамабільны дэсант праціўніка сіламі падраздзяленняў 19 асобнай механізаванай брыгады з баявой стральбой, - зазначыў камандуючы войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёр Андрэй Жук. - Агнявую падтрымку забяспечвалі артылерыйскія падраздзяленні. Вялікае значэнне мы надалі тылавому і медыцынскаму забеспячэнню. Пастаўленыя задачы былі выкананы.
За вучэннямі сачылі аташэ і назіральнікі амаль з 20 краін свету.
- Камандна-штабное вучэнне Узброеных Сіл, якое зараз праводзіцца, не падпадае пад катэгорыю назіраемага ў адпаведнасці з палажэннямі Венскага дакумента 2011 года, - паведаміў начальнік упраўлення верыфікацыі дэпартаменту міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі Андрэй Царык. - У той жа час мы хочам прадэманстраваць сваю адкрытасць, прыхільнасць прынцыпу ўзаемнасці. Таму Беларусь запрасіла для назірання за гэтым вучэннем вайсковых назіральнікаў з суседніх краін, у прыватнасці, з Латвіі, Літвы, Украіны. Ад кожнай з краін прыехалі па два прадстаўнікі. Да іх дадаліся 15 аташэ.
- Я вельмі рады, што магу паглядзець на актыўную фазу асноўнага этапу камандна-штабнога вучэння, - сказаў ваенны атташэ Рэспублікі Балгарыя ў Беларусі палкоўнік Станіслаў Генкаў. - Мы пабачылі разнастайныя баявыя дзеянні па ўтрыманні абарончага рубяжа і знішчэнні праціўніка, а таксама авіяцыйную і агнявую падтрымку. Узровень зладжанасці вельмі высокі. Нягледзячы на тое, што вучэнне было неназіраемае, я і мае калегі - аташэ з іншых краін - былі запрошаны сюды. За гэта ад свайго імя і ўсіх сваіх калег дзякую кіраўніцтву Узброеных Сіл Беларусі.
Камандаваў вучэннямі начальнік Генеральнага штаба - першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Алег Белаконеў. Ён уручыў ваеннаслужачым, якія вызначыліся найлепшым узроўнем падрыхтоўкі, памятныя падарункі.
Падрабязней аб тым, як праходзілі вучэнні, чытайце ў адным з наступных нумароў "Звязды".
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Фота БЕЛТА
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.