Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Нам чужога не трэба, але сваё не аддадзім. Вось наша логіка


У цяперашняй напружанай ваенна-палітычнай абстаноўцы ва Узброеных сілах краіны вялікую ўвагу надаюць падтрыманню высокага ўзроўню баявой і мабілазацыйнай гатоўнасці. Асаблівую важнасць гэта набывае сёння, калі побач з беларускімі граніцамі праводзяцца буйныя вучэнні шматнацыянальных сіл НАТА. Улічваючы гэтыя фактары, ва Узброеных Сілах праводзіцца праверка баявой гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей. Яна носіць комплексны характар і прадугледжвае накіраванне асабовага складу ў назначаныя раёны, правядзенне шэрагу вучэнняў і трэніровак, у тым ліку з баявой стральбой. Падчас праверкі праводзяцца мерапрыемствы па ўзмацненні ўчастка граніцы, патруляванні, авіяцыйнай разведцы мясцовасці пры дапамозе беспілотнікаў. 


Адзін з участкаў, якія прыцягваюцца да праверкі боегатоўнасці, падчас рабочай паездкі ў Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці праверыў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Галоўнакамандуючы азнаёміўся з ходам мерапрыемстваў, работай асабовага складу. Канешне, не абышлося без абмеркавання найбольш вострых ваенна-палітычных пытанняў. Абстаноўка напружаная, таму мабілізаваліся ўсе: салдаты, генералы, журналісты, мясцовыя ўлады. 

Любая правакацыя павінна спыняцца ўзброеным шляхам

Камандуючы войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Аляксандр Навуменка далажыў, што цяпер на паўночна-заходнім аперацыйным напрамку абстаноўка застаецца складанай і мае тэндэнцыю да нарастання напружанасці. Гэта пацвярджаецца інжынернымі збудаваннямі, што ствараюцца паблізу дзяржграніцы Беларусі на прыгранічнай тэрыторыі. супрацьтанкавымі рвамі, агнявымі пазіцыямі, а таксама засяроджваннем на складах матэрыяльна-тэхнічных сродкаў і боепрыпасаў. Агульная колькасць сіл, якія прыцягваюцца да абароны беларускага ўчастка Дзяржаўнай граніцы складае 3, 2 тысячы чалавек, у тым ліку ў Літве — да 2,8 тысячы чалавек, у Латвіі — да 500. Колькасць воінскіх кантынгентаў краін НАТА складае да 7,7 тысячы чалавек на тэрыторыі Эстоніі, Латвіі і Літвы. Воінскія часці і падраздзяленні аб’яднаных узброеных сіл НАТА, у тым ліку на тэрыторыі краін Балтыі і Польшчы, займаюцца аператыўнай і баявой падрыхтоўкай. Аляксандр Навуменка таксама падкрэсліў, што цяпер на тэрыторыі некаторых краін, сярод якіх Літва і Польшча, праводзяцца вучэнні «Квадрыга-2024». У рамках вучэння на палігоне Пабрада, што за 15 кіламетраў ад дзяржаўнай граніцы Беларусі, сканцэнтраваны тры батальёны (пяхотны і механізаваны батальёны ФРГ і танкавы батальён ЗША). 

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што беларусы і нашы Узброеныя Сілы ні ў якім разе не павінны расслабляцца. «Мы ўпэўненыя, што калі мы недзе супакоімся, яны на нас нападуць, гэта абсалютна дакладна. Але ж мы туды не збіраемся ісці», — сказаў ён. Як запэўнілі адказныя асобы, ніхто не расслабляецца, беларускія вайсковыя ўрокі з гісторыі здабываюць.

Аднак, як падкрэсліў Прэзідэнт, беларусы павінны дакладна ведаць, чаго хочуць заходнія апаненты. «Яны што, сур’ёзна думаюць, што мы тут з расіянамі спрабуем або нападзём на іх? Процітанкавыя равы навошта капаюць... Мы ж не збіраемся туды ісці», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, суседзі дарэмна так сябе паводзяць. 

Аляксандр Навуменка ў сваім дакладзе заўважыў, што батальёны, якія знаходзяцца на палігоне Пабрада, могуць быць задзейнічаны для правядзення правакацыйных дзеянняў паблізу ад дзяржаўнай мяжы з задзейнічаннем дыверсійна-разведвальных груп і незаконных узброеных фарміраванняў.

«Публічна скажу: любая правакацыя павінна спыняцца ўзброеным шляхам. Няма чаго з імі жартаваць. Парушылі дзяржаўную граніцу — да знішчэння. Ніхто не павінен ні з кім цырымоніцца. І мы так і будзем рабіць. Бо калі мы будзем жаваць соплі, ведаеш, што будзе... Таму любое парушэнне дзяржаўнай граніцы — на знішчэнне. Яны разумеюць толькі сілу», — заявіў Прэзідэнт. 

Галонаўкамандуючы таксама наведаў блокпост, дзе азнаёміўся з выкананнем задач мотастралковым падраздзяленнем. Таксама ён паглядзеў, як арганізаваны заняткі па баявой падрыхтоўцы. Галоўны пасыл кіраўніка дзяржавы — у гэтым не павінна быць ніякай паказухі. 

У любых ваенных дзеяннях усе вырашае салдат са звычайным узбраеннем

Без паказухі, а шчыра і адкрыта прайшла размова Прэзідэнта з журналістамі. Размова была прысвечана вострым тэмам, якія падымаліся падчас гэтай камандзіроўкі, і самым актуальным пытанням. Найперш, прадстаўнікоў СМІ цікавілі пытанні ваеннага характару. Яны спыталі, на што, на думку кіраўніка дзяржавы, Беларусь будзе рабіць акцэнт у развіцці сваёй арміі. «На тое, як ідзе сучасная вайна», — адзначна адказаў Галоўнакамадуючы. Аднак, па яго словах, улічваючы асаблівасці беларускай мясцовасці, разам з з перадавой высокадакладнай зброяй патрэбны і звычайныя ўзбраенні, граматныя дзеянні ваенных непасрэдна на мясцовасці. Пры чым, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, на гэта будуць рабіць акцэнт і праціўнікі. «Як яны тут пройдуць на танках, бронетранспарцёрах і гэтак далей? Выедуць на дарогу — дарогі перакрыты. Па лесе не прайсці. Гэта наша зямля. Мы ведаем кожны кавалак. Засада — знішчылі. Танк можна знішчыць звычайным гранатамётам або такім жа танкам», — сказаў ён. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў любых ваенных дзеяннях усе вырашае салдат са звычайным узбраеннем. Канешне, плюс узмацненне. Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад баявыя дзеянні ва Украіне, дзе сёння немагчыма без беспілотных лятальных апаратаў — разведвальных і ўдарных. Важныя таксама сродкі радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) у тым ліку ў справе барацьбы з беспілотнікамі. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, гэта навінка, без якой не абысціся. «Акрамя таго, важная контрбатарэйная барацьба. Артылерыя заўсёды лічылася богам вайны. Артылерыя і зараз вельмі важная, вельмі каштоўная», — дадаў ён.

Прэзідэнт нагадаў, што ў Беларусі ў свой час не адмовіліся ад базавых рэчаў і звычайных узбраенняў, якія ў сучасных ваенных канфліктах паказваюць сваю эфектыўнасць. Як прыклад — міны і мініраванне. «Я памятаю, мне, яшчэ маладому прэзідэнту, прапаноўвалі міны знішчыць. Я гавару: пачакайце, не спяшайцеся знішчаць. Паглядзіце вопыт Украіны. Яны ж мініруюць падыходы», — звярнуўся да сённяшняга досведу Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што, напрыклад, расіяне пры падыходзе да акопаў мініравалі плошчы, і ўкраінскія байцы ў ходзе няўдалага контрнаступлення не змаглі пераадолець гэтыя мінныя палі. Таксама, па словах кіраўніка дзяржавы, сёння вайна немагчымая без аўтаматаў, кулямётаў, гранатамётаў, танкаў, БМП. «Звычайнае ўзбраенне паказала сваю моц», — канстатаваў ён. Аднак у Беларусі ёсць і сучасныя комплексы СПА, якія здольныя паражаць паветраныя цэлі праціўніка. «Якія б там С-400 ні былі — а гэта вельмі сучасная супрацьпаветраная сістэма, — без звычайнага ўзбраення і салдата, афіцэра, камандзіра ніякай вайны быць сёння не можа», — перакананы Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, трэба звярнуць пільную ўвагу на падрыхтоўку кадраў. «Трэба цяпер нам вырашыць праблему навучання кадраў з запасу, рэзерву. Гэта і афіцэры ў тым ліку. Іх трэба навучыць, таму што яны потым павінны навучыць салдат. Яны павінны камандаваць», — сказаў ён.

Журналісты папрасілі Прэзідэнта пракаментаваць заявы збеглых аб тым, што Беларусь і Расія рыхтуюцца напасці на заходніх суседзяў. «Глупства поўнае. Мы сёння прыехалі адкрыта, мы ім паказваем, што не збіраемся на іх нападаць. Мы выбудоўваем тут сістэму абароны,» — запэўніў кіраўнік дзяржавы. Ён зрабіў акцэнт на тым, што Беларусі не трэба ні на каго нападаць. Аляксандр Лукашэнка нагадаў свой тэзіс, які неаднаразова агучваў: «Нам дай бог разабрацца з Украінай. Якая яшчэ вайна супраць натаўскіх войскаў? Нам гэта не трэба». Аднак заходнія апаненты самьы правакуюць беларусаў, каб мы хоць неяк ім адказалі. Як прыклад — закід дыверсійных груп праз украінскую граніцу ў Беларусь. «Навошта яны гэта робяць? Мы не атакуем, мы нічога не робім. Яны нас правакуюць, каб мы адказалі. Яны зацікаўлены ў развязванні гэтай вайны. Дурныя людзі», — абурыўся Прэзідэнт. 

Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, на палігоне Пабрадзе ў Літве цяпер сканцэнтраваны сілы НАТА, у тым ліку батальёны з США і Германіі. «Там чужыя людзі. Вы што, думаеце, што немцы і амерыканцы сюды прыйшлі і ў выпадку сутыкнення з беларусамі і расіянамі будуць Літву абараняць? Ды ніколі такога не было. І не будуць яны абараняць. Пры першай сур’ёзнай сітуацыі яны збягуць з поля бою. І правільна зробяць. Іх зямля ў Германіі і ЗША. Ніякія наёмнікі тут пытанне не вырашаць», — сказаў ён. Беларускі лідар звярнуў увагу і на аналагічную сітуацыю з боку Украіны. Ён нагадаў аб размовах наконт размяшчэння там кадравых ваенных з Францыі. «На беларускім напрамку 120 тысяч украінцаў зараз. Яны хочуць іх забраць, кінуць на фронт супраць Расіі. А тут размовы: выстраіць на нашай паўднёвай мяжы французскія ці натаўскія войскі. Гэта добра для нас. Яны не будуць абараняць Украіну так, як абараняюць зараз украінцы», — сказаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў яшчэ раз: беларусы не зібраюцца ваяваць. Нам гэта не трэба. «Заўсёды гаварыў і гавару: нам чужога не трэба, але сваё не аддадзім. Вось наша логіка. Нам не трэба гэта вайна», — падкрэсліў беларускі лідар. Ён адзначыў, што лоб у лоб стаяць і ваяваць нікому не трэба. Але беларускі бок стараюцца ў гэта ўцягнуць. А зацікаўленыя ў гэтым — далёка. «Яны хочуць, каб мы тут адзін аднаго калашмацілі. Яны прыйдуць потым на папялішча, долары надрукуюць і будуць аднаўляць гэтыя землі, але ўжо ў інтарэсах не нашых народаў. Ні літоўскага, ні польскага, ні беларускага», — заявіў Прэзідэнт.

Таму, па словах Аляксандра Лукашэнкі, трэба не займацца глупствам, а працаваць на зямлі, займацца пытаннямі жыцця людзей, карміць дзяцей і ўнукаў. «Гэта наша мэта. Мы не збіраемся з імі ваяваць. Нам трэба, каб яны разумелі, што адсюль пагрозы ім не будзе. Але калі тузануцца — мы вельмі сур’ёзна адкажам», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама, заўважыў, што беларусы гатовыя адказаць на атакі, нашы Узброеныя Сілы да гэтага рыхтуюцца. Таму захапіць знянацку нас не атрымаецца. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, з усяго, што сёння адбываецца ў нашай краіне і ў суседніх, трэба выносіць урокі. І гэта бачна. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў апошнія гады беларуская армія стала мяняцца. Засвойваюць новыя тэхналогіі, новыя віды ўзбраення, пры гэтым захаваныя і ўдасканальваюцца распрацоўкі савецкага часу. 

Узаемадзеянне беларускіх і расійскіх спецслужб дарагога варта

Журналісты не змаглі пакінуць без увагі і самую трагічную падзею мінулага тыдня — тэракт у Падмаскоўі. Яны пацікавіліся думкамі Прэзідэнта наконт таго, ці трэба прымаць дадатковыя меры, каб людзі ў Беларусі адчувалі сябе ў бяспецы. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што ніякіх надзвычайных мер прымаць не трэба. Усе неабходныя меры прыняты, і вядомы алгарытм. У Беларусі пры правядзенні масавых мерапрыемстваў на некалькі тысяч чалавек за бяспеку адказваюць АМАП, міліцыя, калі трэба — узмацняюць ваеннаслужачыя. Усе ўзброены. І такая сістэма захавання бяспекі даказала сваю эфектыўнасць. Важным аспектам, па словах Аляксандра Лукашэнкі, з’яўляецца абсталяванне аб’ектаў відэакамерамі. Менавіта дзякуючы іх наяўнасці ўдалося адсачыць і выявіць аўтамабіль з тэрарыстамі каля «Крокус Сіці Хола».

Прадстаўнікі СМІ звярнулі ўвагі, што ўжо пасля трагедыі з’явілася версія, што тэрарысты планавалі праз Бранскую вобласць з’ехаць у Беларусь. Але, па словах Аляксандр Лукашэнкі, гэта было немагчыма. І ён растлумачыў чаму: «Яны не маглі пайсці ў Беларусь. Іх куратары (у нас ёсць падазрэнні на некаторых, гэта я Пуціну патэлефаную, скажу свае падазрэнні) — яны разумелі, што ў Беларусь заходзіць нельга. Таму што ў першыя хвіліны, як у Расіі частка абласцейі перайшла на ўзмоцнены рэжым бяспекі, так і ў нас. У першыя ж хвіліны мне далажыў старшыня КДБ (ён займаецца антытэрарыстычнымі мерапрыемствамі). Мы па самай баявой сітуацыі прывялі ў дзеянне свае падраздзяленні». Былі задзейнічаны сілы МУС, выстаўлены пасты на дарогах, прыцягваліся сілы КДБ, Дзяржпагранкамітэта, некаторыя часткі ваеннаслужачых. Увесь сілавы блок Беларусі адрэагаваў імгненна. «Таму яны ў Беларусь ніяк не маглі зайсці. Яны гэта бачылі. Таму адвярнуліся і пайшлі на ўчастак украінска-расійскай граніцы», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, апераыя па затрыманні тэрарыстаў прайшла вельмі годна. «Узаемадзенне беларусаў і расіян у гэтым дарагога варта», — заўважыў ён. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўзаемадзення беларускіх і расійскіх спецслужб наладжана вельмі эфектыўна. Ён расказаў, што яшчэ да яго тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным спецслужбы дзейнічалі па зададзеным алгарытме, як гэта было вызначана ўжо даўно. Як толькі кіраўнікам дзяржаў стала вядома ад спецслужбаў аб тым, што аўтамабіль з тэрарыстамі рухаецца ў напрамку Бранска, была дасягнута дамоўленасць, што Беларусь блакуе свой участак напрамку верагоднага руху злачынцаў, а расійскі бок — свой. «Мы стэлефаноўваліся. Я ў яго пытаю: „Яшчэ нешта трэба?“ — „Не. Усё нармальна“. — Ён у мяне пытаецца: „Дапаможаш закрыць?“ — „Дапамагу. Усё робім“. Ідзе такі дыялог», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён узгадаў, што Уладзіміра Пуціна некаторыя крытыкавалі за тое, што ён першыя гадзіны пасля трагедыі маўчаў, не звяртаўся да народа. «Ды мы суткі не спалі разам з Пуціным! Што яны ведаюць аб гэтым? Пастаяннае было ўзаемадзеянне. Калі трэба было сказаць, ён выйшаў і сказаў», — звярнуў увагу Прэзідэнт. 

Мы касмічная дзяржава, дзякуючы правільнай палітыцы

На шчасце, сёння на парадку дня ёсць і добрыя падзеі. Адна з іх, безумоўна, палёт першага грамадзяніна Беларусі ў космас. Журналісты пацікавіліся асабістымі перажываннямі Прэзідэнта за Марыну Васілеўскую. І спыталі, што гэты палёт яшчэ дае краіне, акрамя іміджу. Кіраўнік дзяржавы адказаў, што гэты палёт даў краіне не толькі імідж, але і цэлую галіну. 

Па яго словах, зараз у Беларусі імідж, краіны, якая здольная выхаваць і запусціць у космас нават жанчыну, далікатнае стварэнне. «Я не лічу, што жанчына ў нас даліатнае стварэнне. І як „жаночы Прэзідэнт“ я не мог не даручыць гэта жанчыне», — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. Ён падзякаваў расійскіаму боку і асабіста Уладзіміру Пуціну за дапамогу ў падрыхтоўцы, арганізацыі палёту беларускі і вырашэнне пытанняў фінансавання. А гэта мерапрыемства нятаннае, абышлося каля 70 мільёнаў долараў. 

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што яго здзіўляе спакой Марыны Васілеўскай, які яна дэманстравала падчас першага сеансу сувязі МКС с Зямлёй. Прэзідэнт падзяліўся сваімі асабістымі перажываннямі наконт адмены першай спробы старту ракеты. Ён прызнаўся, што моцна хваляваўся, калі ў чацвер старт быў адменены. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што гэта звязана і з тым, што ў свой час час быў сведкам няўдалага запуску беларускага спадарожніка «БелКА». Аднак ў тэлефоннай размове з беларускім лідарам кіраўнік «Раскосмасу» Юрый Барысаў дэталёва расказаў, што адбылося і па якіх прычынах ракета з беларускай касманаўткай не стартанула ў першы раз. Прычына была ў акумулятарах, адзін з іх не спрацаваў, і старт быў аўтаматычна адменены. «Электроніку не ўгаворыш. Яна адключылася, і ўсё. Бяспека найперш за ўсё», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Аднак усё было хутка вырашана. 

«Стартавалі. Самае любімае маё відовішча. Прыгажуня-ракета, прыгажэйшага нічога ў свеце няма, здзейсніла свой старт. — адзначыў ён. — Я радуюся разам з вамі, што мы дасягнулі вяршыні ў космасе. Мы сапраўды сталі касмічнай дзяржавай».

Аднак Прэзідэнт заўважыў, што ў Беларусі не будуць будаваць касмадром і ствараць ракеты. Сёння гэта немэтазгодна, бо ёсць магчымасць рэалізаваць свае праекты разам з расійскімі калегамі. Беларусі важна мець нацыянальныя касмічныя праграмы і ўмець ствараць касмічныя спадарожнікі. У нашай краіне такія кампетэнцыі ёсць і яны пастаянна развіваюцца. 

«Мы паціху „лапці“ скідаем і абуваем нармальны абутак. Каб ніколі пра вас не казалі пасля мяне, што вы лапцёжнікі. Не, мы касмічная дзяржава і гэта мы зрабілі дзякуючы таму, што праводзілі правільную палітыку, прабачце за нясціпласць. Мы не біліся з расіянамі, а многаму вучыліся ў іх», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.

Мы рухаемся ў дэмакратычным накірунку 

Яшчэ адна важная падзея чакае краіну праз месяц — Усебеларускі народны сход. Прэзідэнт неаднаразрова падкрэсліваў, што ён павінен прайсці змястоўна. Журналісты пацікавіліся, ці вядомы ўжо парадак дня пасяджэння. Самымі важнымі пытаннямі Прэзідэнт назваў абноўленыя К анцэпцыю нацбяспекі і Ваенную дактрыну Беларусі, зацвярджэнне якіх вынесена на УНС. Па словах кіраўніка дзяржавы, важнейшых, чым пытанні бяспекі, зараз нічога няма. Таксама падчас пасяджэння УНС будуць вызначаны задачы на чарговую пяцігодку.

«Першае пасяджэнне — гэта перш за ўсё кадравыя пытанні. Будзе выбірацца старшыня, прэзідыум УНС будзе вызначаны. Можа, мы паспеем і ўдасца правесці назначэнні ў Вярхоўным, Канстытуцыйным судзе, Цэнтральнай выбарчай камісіі. Гэта ўсё ўжо ад Прэзідэнта выведзена на ўзровень Усебеларускага народнага сходу. Судовая ўлада з-пад Прэзідэнта выводзіцца наверх, гэта значыць, мы рухаемся ў дэмакратычным напрамку. Але гэта нявыгадна гаварыць ні нашым збеглым, ні нашым праціўнікам і ворагам. Хай бы расказалі аб гэтым,» — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, УНС павінен пачацца з кампактнага даклада Прэзідэнта. «Прэзідэнт павінен ахарактыразаваць сітуацыю ў свеце, міжнароднае становішча. Якое месца Беларусі ў гэтай сістэме каардынат, няхай нават і паўтарыцца прыйдзецца, хаця шмат не сказана. Якія пагрозы нас чакаюць. Што ў эканоміцы. І потым ужо, адштурхваючыся ад гэтага, — і кадры, і наша абаронная дактрына, і іншае», — адзначыў ён.

Пакуль канчатковы парадак дня і рэгламент першага пасяджэння УНС знаходзіцца ў распрацоўцы. 

Лепей працаваць на зямлі, чым ваяваць

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што нягледзячы на ўсе важныя пытанні бяспекі і палітычныя працэсы, нельга забываць аб працы на зямлі. І тут на першым месцы павінны быць парадак і дысцыпліна. Звычайна, наведваючы рэгіёны, Прэзідэнт звяртае ўвагу на пытанні сельскай гаспадаркі, нават калі гэта не з’яўляецца асноўнай мэтай паездкі. Камандзіроўка ў Ашмянскі раён не стала выключэннем. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на ход меліярацыі, пасяўных работ. Прэзідэнт раскрытыкаваў кіраўніцтва Гродзенскай вобласці за тое, што на месцамі на палях з азімымі не ўбраны камяні. Іх наяўнасць на палях не што іншае як асаблівасць глебы Гродзенскай вобласці, асабліва яе паўночных раёнаў. Таму перад сяўбой прынята ўбіраць вялікія камяні, якія трапляюць наверх пры ўзворванні, каб потым падчас уборкі ўраджаю не пашкодзіць тэхніку. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёння да гэтай працы можна прыцягнуць школьнікаў, калі трэба — дапамогуць ваенныя. Усё пытанне ў дысцыпліне. «Лепей камяні збіраць, працаваць на зямлі, чым ваяваць. Ваяваць — гэта катастрофа», — заключыў Аляксандр Лукашэнка. Таму, па яго словах, лепей займацца эканомікай. Гэта таксама няпроста, але ўсё ж такі лепей, чым ваяваць. 

«Давайце жыць дружна і займацца сельскай гаспадаркай. З зімоўкі выйшлі цудоўна, нічога не загінула. Калі такое было, што ў сакавіку палі зялёныя стаяць! Толькі лянівы можа быць сёння падвергнуты крытыцы. Ідэальныя ўмовы. Ніколі такога не было на маёй памяці», — сказаў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу на пратэсты фермераў у еўрапейскіх краінах. «Няхай радуюцца ўлады гэтых краін, што фермеры на гэтых трактарах іх у палацах не змялі. А то знясуць, калі яны не адрэагуюць на патрабаванні фермераў. А што трэба? Трэба купіць таннае дызельнае паліва і бензін у Расіі. У нас купіць. Яны ўсё рыхтуюцца да вайны, капаюць акопы...», — іранічна падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што Беларусь не будзе ваяваць з Польшчай, Літвой, Латвіяй. І ваенныя ў Расіі такой мэты перад сабой не ставяць. Бо вайна — гэта катастрофа. А яна нікому не патрэбная. 

«Самая міралюбівая краіна ў свеце — Беларусь. Мы хочам толькі міру. І не трэба нас папракаць, што мы збіраемся супраць Захаду ваяваць. Дакладна ніхто ў Расіі не збіраецца ваяваць з НАТА. Але калі тузануцца ў гэтым напрамку — адказ будзе імгненным. Мы ўсе ўстанем, як Брэсцкая крэпасць», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка. 

У тэму

Павышаюцца выклікі і пагрозы — павышаецца ўзровень праверак

Міністр абароны Віктар Хрэнін расказаў журналістам, што праверка баягатоўнасці Узброеных сіл — мерапрыемства традыцыйнае. «Мы назіраем за абстноўкай, якая складваецца вакол нашай краіны. Мы бачым, як узрастаюць выклікі і пагрозы для нашай краіны. Гэта ваяўнічая рыторыка, якая гучыць ад нашых суседзяў. Спакойна мы да гэтага ставіцца не можам, бо ў свой час вывучылі ўрокі гісторыі. Памятаем, чым скончылася, калі каля нашых граніц засяроджваліся нямецкія войскі і тэхніка. Таму праверка нашых Узброеных Сіл заключаецца ў рэакцыі на гэтыя дзеянні. Але, падкрэслю, мы гэта робім для таго, каб навучыць сваіх ваеннаслужачых, павысіць узровень баявой мабілізацыйнай гатоўнасці, павысць навыкі ў пытаннях дзеянняў ў незнаёмай мясцовасці», — расказаў Віктар Хрэнін. Падраздзяленні, якія ўдзельнічаюць у гэтай праверцы, размешчаны на рэальным участку (не на вучэбным палігоне), на рэальных маршрутах, на рэальнай граніцы, яны па-сапраўднаму ўзаемадзейнічаюць з пагранічнкамі. Але задачы выконваюць вучэбныя — для іх створана такая абстаноўка, калі праціўнік рыхтуецца да вайны. Па словах міністра, гэта называецца дэманстрацыя рашучасці да абароны сваёй краіны. На Ашмянскім накірунку дзейнічае узмоцнены танкавы батальён, на Пастаўскім — узмоцнены механізаваны батальён. Паралельна ваеннаслужачыя вучацца. Міністр заўважыў, што ёсць праблемы. Але менавіта для таго, каб выявіць памылкі і недахопы, праводзяцца такія праверкі. 

«Павышаюцца выклікі і пагрозы — мы павышаем узровень праверак. Гэта праверка — адна з самых маштабных», — заўважыў Віктар Хрэнін. У гэтых мерапрыемствах задзейнічаны каля 5 тысяч ваенаслужачых запасу. Міністр асабліва адзначыў высокую матывацыю гэтых людзей. Калі ў мінулым годзе былі незадаволеныя, былі нараканні, то сёлета людзі зразумелі, навошта гэта праводзіцца — каб паказаць гатоўнасць абараняць сваю Радзіму. І бараніць будзем тым, што ёсць сёння ў Беларусі. «Мы не збіраемся ўвязвацца ў гонку ўзбраенняў. Нам хапае таго, што ёсць сёння ў нашых Узброеных Сілах. І тых сродкаў, якія выдзяляюцца, нам дастаткова. Самае галоўнае — матывацыя людзей, іх падрыхтоўка і ўтрыманне тэхнікі ў належным стане. Мы ўсё гэта ўмеем рабіць», — запэўніў Віктар Хрэнін. 

Міністр абароны расказаў, якія задачы паставіў Галоўнакамандуючы. Першая — ніякай самазаспакоенасці. «Мы павінны бачыць абстаноўку, ацэньваць яе. Калі трэба — дзейнічаць рашуча, не цырымоніцца. І, канешне, рыхтаваць людзей», — сказаў Віктар Хрэнін. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Ашмянскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.