Вы тут

У Магілёве прымаюць захады, каб павысіць аўтарытэт дэпутатаў


З часу, калі ў вобласці была створана асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў, прайшло амаль 3 гады. Нядаўна актыў гэтай арганізацыі амаль цалкам змяніўся — гэта звязана ў тым ліку з аднаўленнем пасля выбараў дэпутацкага корпуса. Пра тое, што было зроблена і якія перамены чакаюцца, у размове са старшынёй Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрыем Харытончыкам.


— Дзмітрый Іванавіч, як вы ацэньваеце работу асацыяцыі? На ваш погляд, ці апраўдала яна тыя мэты і задачы, якія ставіліся?

— Першапачаткова была мэта дапамагчы Саветам мясцовых дэпутатаў дадаткова самаарганізавацца, сканцэнтраваць свае высілкі на рашэнні праблем — фінансавых, эканамічных і гэтак далей. У асацыяцыю ўвайшлі аблсавет і ўсе раённыя і гарадскія Саветы, акрамя сельскіх. Па-першае, былі арганізаваныя нарады, праводзіліся семінары. Дэпутаты спрабавалі сфармуляваць, якія актуальныя пытанні стаяць перад імі. Быў створаны разліковы рахунак, дзе збіраліся членскія ўзносы, якія потым выкарыстоўваліся для правядзення дабрачынных акцый. Каб згуртавацца і пасябраваць, арганізоўваліся сумесныя спартакіяды. Па сутнасці, гэты перыяд можна назваць станаўленнем. Не вельмі высокая актыўнасць работы асацыяцыі перш за ўсё выклікана адсутнасцю выразнага стабільнага фінансавання. Членскія ўзносы выплачваліся па прынцыпе самаабкладання. Кожны дэпутат пералічваў пэўную суму на дзейнасць асацыяцыі. Але гэтых сум было недастаткова для рашэння глабальных пытанняў.

— І ўсё ж такі, чаго менавіта не хапіла асацыяцыі, каб даказаць сваю важкасць?

— Дэпутат — гэта звычайны чалавек, толькі больш актыўны, якога заўважыла насельніцтва і вылучыла. Але і ён часам не ведае структуры ўлады — з кім вырашаць тыя або іншыя пытанні, да каго звяртацца. Шмат часу затрачвае дэпутат, асабліва на першым этапе, каб разабрацца, дзе якая служба, хто за што адказвае. Не ўсе народныя абраннікі ведаюць і пра свае паўнамоцтвы. Усё гэта трэба выправіць, іншымі словамі — навучыць дэпутата быць дэпутатам. І шмат чаго залежыць ад фінансаў. Трэба вучыцца прыцягваць сродкі звонку.

— Не так даўно адбылося пасяджэнне абласнога Савета дэпутатаў, падчас якога быў перавыбраны актыў асацыяцыі. Змяніліся старшыня, склад праўлення і рэвізійнай камісіі. А што прынцыпова зменіцца ў рабоце асацыяцыі?

— Прэзідыум зараз распрацоўвае план работ да канца года і на наступны. Будуць уносіцца змяненні ў статут з улікам напрацаванага вопыту. Трэба вызначыцца з бюджэтам арганізацыі. Першарадная задача — устанавіць стабільную крыніцу даходаў. Сёння існуе вельмі шмат грантаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, трэба вучыцца іх прыцягваць для развіцця сваіх тэрыторый.

Калі казаць пра мэты, то распыляцца на ўсё было б няправільна, таму што адразу вырашыць усё немагчыма. Трэба сканцэнтраваць свае сілы на пэўных кірунках і так іх адпрацаваць, каб убачыць рэальны вынік.

Вельмі важна пры гэтым мець пастаянна дзеючы выканаўчы орган, які б увесь час працаваў над выкананнем тых задач, якія асацыяцыя запланавала. Пасля зацвярджэння бюджэту гэты орган плануецца стварыць.

— Якая карысць насельніцтву ад асацыяцыі?

— Пры сустрэчах з насельніцтвам дэпутат становіцца злучальным звяном паміж выбаршчыкамі і выканаўчай уладай. Па сутнасці, у дэпутата няма ніякага фінансавага рычага для вырашэння тых ці іншых пытанняў. А насельніцтва вельмі часта закранае глабальныя праблемы, для рэалізацыі якіх патрэбны вялікія сродкі. Тут без выканаўчай улады дэпутату не абысціся, бо ён не распараджаецца сродкамі. Прынамсі, пакуль. Калі правільна сфарміраваць бюджэт асацыяцыі, атрымаецца добрая падтрымка. Аднымі членскімі ўзносамі сур'ёзныя праблемы не вырашыць. Але, калі рахунак рэгулярна будзе папаўняцца спонсарскімі ахвяраваннямі, грантамі міжнароднай тэхнічнай дапамогі, справы пойдуць весялей. Асацыяцыя, прыцягваючы гэтыя сродкі, зможа іх акумуляваць і накіроўваць на рашэнне тых ці іншых пытанняў, якія ставіць перад дэпутатам насельніцтва. Такім чынам можна будзе павысіць аўтарытэт дэпутата перад выбаршчыкамі, каб не ўзнікала нараканняў накшталт таго, што абраць абралі, а яго не відаць і не чуваць. І Прэзідэнт кажа пра тое, каб дэпутаты больш актыўна сустракаліся са сваімі выбаршчыкамі, абмяркоўвалі з імі праблемы і вырашалі іх. Асацыяцыя стане дадатковым інструментам для больш эфектыўнай дзейнасці народнага абранніка. Бо, зноў-такі паўтаруся, прыцягваючы сродкі звонку, яна тым самым створыць свой, так званы лакальны, бюджэт, які будзе выкарыстоўвацца на карысць людзей.

— Што робіцца для таго, каб работа дэпутатаў была больш сістэмная?

— Зараз мы працуем над стварэннем лакальных дакументаў, якія дапамогуць народным абраннікам у іх дзейнасці. Ствараем пашпарты сельскіх Саветаў і практычна закончылі работу над пашпартам дэпутата выбарчай акругі. Гэты дакумент будзе характарызаваць у цэлым участак. Там жа дэпутат будзе адлюстроўваць пытанні, якія падымаліся насельніцтвам, і тое, што ён зрабіў. Гэта дазволіць ацэньваць работу кожнага дэпутата.

Асноўныя задачы, якія ставіць перад сабой Магілёўская асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў:

  • Больш актыўна ўцягваць насельніцтва ў грамадскую дзейнасць праз органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.
  • Стварыць выразную фінансавую аснову дзейнасці асацыяцыі, прыцягнуць дадатковыя сродкі.
  • Сфарміраваць план работ асацыяцыі і стварыць выканаўчы орган.
  • Знайсці новыя падыходы і метады ў развіцці раёнаў і вызначыць найбольш праблемныя для іх пытанні.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Алгарытм дзеяння для асацыяцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.