Вы тут

Калі і як трэба выкарыстоўваць антыбіётыкі


Не сакрэт, што многія з нас пры першых праяўленнях прастуды ці расстройства кішэчніка дастаюць з хатняй аптэчкі антыбіётыкі і пачынаюць лячэнне. Іншыя ж, наадварот, нават пасля назначэння ўрачом гэтых прэпаратаў адмаўляюцца іх прымаць. Пра шкоду і карысць антыбактэрыяльных сродкаў, а таксама пра тое, як да іх ставіцца ў надыходзячы сезон рэспіраторных інфекцый, расказала загадчык аддзялення прафілактыкі 11-й гарадской паліклінікі Мінска Ірына ЕЎДАКІМАВА.


— Ірына Анатолеўна, многія з нас з асцярогай ставяцца да прызначэння антыбіётыкаў, некаторыя нават адмаўляюцца іх прымаць...

— ...Забываючы пра тое, што да іх адкрыцця на працягу тысячагоддзя галоўнай небяспекай для чалавека былі менавіта інфекцыйныя хваробы, якія перыядычна прымалі маштаб эпідэмій і выкошвалі цэлыя рэгіёны. Смяротнасць ад інфекцый была надзвычай высокая, а чалавек, якому пашчасціла дажыць да 30 гадоў, лічыўся пажылым. Так што адкрыццё антыбіётыкаў у нейкай ступені перавярнула свет. Але сапраўды многія ставяцца да іх насцярожана, і тлумачэнне гэтаму ў самой іх назве. У перакладзе з лацінскай мовы яна, дарэчы, азначае «супраць жыцця». Але зразумела, што іх дзеянне накіравана не супраць чалавека, а супраць мікраарганізмаў, якія пранікаюць у наша цела. Небяспека ў тым, што большасць антыбіётыкаў уплывае не на аднаго ўзбуджальніка, а на цэлыя групы, не толькі на хваробатворныя бактэрыі, але і на тыя, што неабходны для нармальнага функцыянавання арганізма. Напрыклад, у нашым кішэчніку ўтрымліваецца каля 2 кілаграмаў мікробаў, сярод іх пераважная колькасць бактэрый, без якіх функцыянаванне кішэчніка немагчымае. Карысныя бактэрыі прысутнічаюць таксама на скуры, у поласці рота, у похве — усюды, дзе можа адбывацца кантакт арганізма з чужародным для яго асяроддзем.

— Ужываючы антыбіётыкі, мы іх знішчаем?

— Розныя групы бактэрый суіснуюць у нашым арганізме ў балансе адзін з адным і з іншымі мікраарганізмамі, у прыватнасці, з грыбамі. Парушэнне гэтага балансу, якое адбываецца пры прыёме антыбактэрыяльных прэпаратаў, вядзе да празмернага росту антаганістаў, тых жа грыбкоў. Так развіваецца дысбактэрыёз — дысбаланс мікраарганізмаў.

— Якія найбольш частыя негатыўныя праяўленні ад прыёму антыбіётыкаў?

— Менавіта дысбактэрыёз — адно з самых частых негатыўных наступстваў. Яго праяўленнямі з'яўляюцца грыбковыя інфекцыі, яркі прадстаўнік якіх — вядомая ўсім жанчынам малочніца. Таму разам з антыбіётыкамі звычайна прызначаюць і прэпараты, якія садзейнічаюць аднаўленню мікрафлоры. Важна прымаць іх правільна: не падчас антыбіётыкатэрапіі, а пасля яе.

— Здараецца, што спачатку прызначаюць адзін антыбіётык, але ён не дапамагае, і ўрач прапісвае іншы — шырокага спектра дзеяння. Чаму нельга адразу ім скарыстацца?

— Важна ўсведамляць, што чым больш магутны прэпарат вы прымаеце і чым шырэйшы яго спектр дзеяння, тым больш бактэрый загіне. Таму пажадана прымаць антыбіётыкі шырокага спектра дзеяння толькі ў выпадках крайняй неабходнасці, а ва ўсіх астатніх урач падбірае сродак вузкага спектра. Ён аказвае прыцэльны ўплыў толькі на невялікія, «патрэбныя» нам групы бактэрый. Гэта своеасаблівая прафілактыка пры правядзенні антыбіётыкатэрапіі.

— Акрамя дысбактэрыёзу, у антыбіётыкаў шэраг іншых пабочных дзеянняў. На што найперш негатыўна ўплываюць гэтыя прэпараты?

— Трэба разумець, што пабочныя эфекты — гэта магчымае, але неабавязковае наступства прыёму антыбіётыкаў. Калі прэпарат прайшоў выпрабаванні і прыняты ў клінічную практыку, гэта азначае: было адназначна і пераканаўча даказана, што яго карысць для большасці людзей значна перавышае магчымую шкоду. Тым не менш усе людзі маюць асаблівасці, рэакцыя кожнага арганізма не лекі абумоўлена сотнямі фактараў, і ёсць пэўная колькасць пацыентаў, чыя рэакцыя на прэпарат з той ці іншай прычыны аказалася негатыўнай. Адной з такіх непажаданых рэакцый з'яўляецца алергія. Яна можа па-рознаму праяўляцца, часцей гэта скурны сып і сверб. Іх выклікаюць розныя антыбіётыкі, але найчасцей цэфаласпарыны, бета-лактаны і пеніцыліны. Таксічна антыбіётыкі ўздзейнічаюць на печань, якая выконвае функцыю ачысткі крыві ад ядаў, і ныркі, якія адказваюць за вывядзенне таксінаў з арганізма. Негатыўна ўплываюць на печань, у прыватнасці, антыбіётыкі тэтрацыклінавага рада, а на ныркі — амінагліказіды, полімексіны і некаторыя з цэфаласпарынаў. Амінагліказіды, дарэчы, могуць выклікаць незваротнае паражэнне слухавога нерва, што вядзе да глухаты. Пашкоджваць нервовыя структуры таксама могуць фторхіналоны і антыбактэрыяльныя сродкі нітрафуранавага рада. Леваміцэцін аказвае таксічны ўплыў на кроў і эмбрыён.

— Чаму пры прастудзе нельга самастойна пачынаць лячыцца антыбіётыкамі?

— Гэтыя прэпараты дзейнічаюць толькі супраць бактэрый. Калі ж у вас вірусная інфекцыя, яны бяссільныя. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, антыбіётык не з'яўляецца ні гарачкапаніжальным, ні абязбольвальным, ні супрацькашлевым сродкам. Высокая тэмпература, кашаль, галаўны, мышачны ці сустаўны боль — гэта толькі сімптомы, якія ўласцівы многім захворванням. Акрамя таго, антыбіётыкі падаўляюць імунітэт, аслабляючы супраціўленне арганізма. Менавіта з-за ўласцівасці падаўлення імунітэту антыбіётыкатэрапія не павінна быць празмерна доўгай. У той ці іншай ступені імунітэт падаўляе большасць антыбактэрыяльных прэпаратаў, але найбольш негатыўна дзейнічаюць тэтрацыклін і леваміцэцін. Таму ні пры якіх умовах лепш не займацца самалячэннем антыбіётыкамі. Пры бяздумным прымяненні і ігнараванні асаблівасцяў вашага арганізма лекі могуць аказацца горш за хваробу.

— З сімптомамі расстройства кішэчніка некаторыя таксама змагаюцца пры дапамозе антыбіётыкаў...

— Як я казала, прыём антыбіётыкаў можа прывесці да дысбактэрыёзу, адным з праяўленняў якога з'яўляецца дыярэя, супраць якой вы якраз змагаецеся. З кішэчнымі расстройствамі антыбіётыкі калі і прымаюцца, то толькі па назначэнні ўрача пасля дакладнага выяўлення ўзбуджальніка.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Лечаць ці калечаць?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.