Вы тут

Каля шасці тысяч валанцёраў задзейнічаюць падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў


А яшчэ падчас гульняў будзе працаваць адзіны кругласутачны кол-цэнтр для турыстаў, паведаміў намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной у прэс-цэнтры БелТА.


Фота: БЕЛТА

У найбліжэйшы час нас чакае важны экзамен — 21 чэрвеня наступнага года наша краіна прымае гэта грандыёзнае спартыўнае свята. Для гасцей і балельшчыкаў распрацуюць спецыяльныя турыстычныя пакеты, якія будуць уключаць білеты на спартыўныя спаборніцтвы, пражыванне ў гатэлях, аграсядзібах, экскурсійную праграму, сувеніры і падарункі, адзіны праязны дакумент на ўсе віды грамадскага транспарту.

Відэаролік пра патэнцыял сталіцы

Зараз ідзе набор валанцёраў, якія будуць кансультаваць турыстаў на вуліцах горада і культурных аб'ектах, а таксама дапамагаць у пунктах пропуску асобам, якія перасякаюць мяжу краіны. Яны будуць дапамагаць гасцям і пры запаўненні міграцыйных картаў, мытных дэкларацый. У мабільнай праграме «Mінск.Mіnsk» дапрацоўваецца раздзел аб ІІ Еўрапейскіх гульнях. Пра гульні, якія адбудуцца, актыўна расказваецца на міжнародных турыстычных выстаўках.

Акрамя таго, будзе зняты відэаролік пра турыстычны патэнцыял Мінска і пра будучыя гульні, яго будуць дэманстраваць на бартах самалётаў авіякампаніі Еtіhаd Аіrwауs. На час ІІ Еўрапейскіх гульняў будзе забяспечана работа без выхадных магазінаў і аб'ектаў грамадскага харчавання, музеяў і іншых устаноў культуры, пашырана сетка гандлёвых аб'ектаў, якія працуюць у сістэме tах frее.

Гэтая работа вядзецца і ва ўвязцы з падрыхтоўкай да правядзення чэмпіянату свету па хакеі, які ў 2021 годзе прымуць Беларусь і Латвія.

Рост — амаль 18 працэнтаў

Міністэрства і тураператары прагназуюць, што па выніках гэтага года рынак турыстычных паслуг пакажа рост у параўнанні з мінулымі гадамі. Такі прагноз робіцца з улікам работы па лібералізацыі візавага рэжыму, пашырэнню межаў бязвізавых зон Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, а таксама актывізацыі маркетынгавых мерапрыемстваў.

Наша краіна за сем месяцаў года павялічыла экспарт турыстычных паслуг у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 17,5 % — да 126,1 мільёна долараў. З пачатку года Мінспорту з грамадскімі арганізацыямі і бізнесам правяло больш за 20 маркетынгавых мерапрыемстваў у Еўропе, ЗША, Азіі. Праведзены прэзентацыі турыстычных магчымасцяў нашай краіны на выстаўках у Літве, Латвіі, Эстоніі, Украіне і Расіі.

Сёлета з 27 ліпеня працягласць бязвізавага знаходжання на тэрыторыі нашай краіны павялічана з 5 да 30 сутак. За гэты час паток бязвізавых турыстаў вырас на 42 %. Лідзіруюць па колькасці бязвізавых наведванняў грамадзяне Германіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Італіі і ЗША.

Чакаецца, што падаўжэнне тэрміну бязвізавага знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі краіны будзе асабліва станоўча адбівацца на дзейнасці санаторна-курортных устаноў нашай краіны. Для курса аздараўлення трэба 8—12 працэдур, а пяцідзённы «бязвіз» не дазваляў гэтага рабіць.

Пакуль тысячы, а могуць — мільёны

Гэты год аб'яўлены годам турызму Беларусі ў Кітаі. З 10 жніўня дзейнічае ўзаемны бязвізавы ўезд для ўладальнікаў агульнаграмадзянскіх пашпартоў грамадзян нашых краін. Для прыцягнення турыстаў з КНР праводзяцца азнаямленчыя туры для кітайскіх СМІ, сродкі размяшчэння адаптуюцца да стандарту абслугоўвання Сhіnа Frіеndlу, рыхтуюцца гіды-перакладчыкі з веданнем кітайскай мовы, выдаюцца рэкламна-інфармацыйныя матэрыялы і паляпшаецца навігацыя ў Мінску і рэгіёнах на кітайскай мове.

У сувязі з гэтым Мінспорту разлічвае на штогадовы рост колькасці турыстаў з Кітая не менш чым на 15 % з улікам увядзення бязвізавага рэжыму.

«Усё будзе залежаць ад таго, наколькі добра мы папрацуем па маркетынгавай праграме і якія сродкі будуць вылучаныя. Калі па ўсіх буйных рэгіёнах нам выдзеляць сродкі — гэта будзе адзін прырост. Калі будзем прасоўвацца, як і цяпер, невялікімі грашыма, — гэта будзе ў год 12—15 %. Але спадзяёмся ўсё ж такі спрацаваць па павелічэнні турыстычнага прыбытку ў разы», — адзначыў намеснік міністра.

Кітай для нашай краіны вельмі перспектыўны і мэтавы рынак. Па выніках мінулага года колькасць арганізаваных турыстаў з КНР у Беларусі павялічылася ў 2,1 раза. З пачатку года да нас прыехала больш за 17 тысяч грамадзян Кітая (прырост на 4,6 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года).

Па прагнозах экспертаў, усе раней праведзеныя мерапрыемствы па прыцягненні турыстаў з Кітая спрацуюць на максімуме праз год-паўтара. У тым ліку чакаецца рост індывідуальных турыстаў. Па словах Міхаіла Партнога, у першую чаргу кітайцаў цікавіць у нашай краіне «чырвоны турызм» (наведванне мясцін, звязаных з камуністычнай гісторыяй), «лінія Сталіна», а таксама замкі і прырода.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

«Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя і дзеці».

Грамадства

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія з гэтага навучальнага года з'явіліся ў школах краіны, — значная дапамога педагагічнаму кал

Эканоміка

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Дарэчы, частку гэтай прадукцыі накіруем на экспарт, у прыватнасці журавіны.

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.