Вы тут

Пра нас і наша жыццё скрозь прызму чайнай цырымоніі


Сённяшні герой нашай рубрыкі яшчэ ў дзяцінстве захапіўся культурай Краіны ўзыходзячага сонца. Зараз Святаславу Гаеўскаму амаль 50, у яго жонка-японка і двое дзяцей. Яны жывуць у Мінску, але стыль іх жыцця даволі значна адрозніваецца ад прынятага ў сярэднестатыстычнай беларускай сям'і. Святаслаў расказаў нам пра японцаў і беларусаў, пра ўменне бачыць вялікае ў малым і малое ў вялікім і пра тое, што прынцыпы чайнай цырымоніі — гэта наогул пра жыццё...


«Японская восень — 2018». Крайні справа — Святаслаў Гаеўскі.

Пакінуў у пакоі пустату...

«Мяне з дзяцінства цягнула да культуры Японіі, Кітая, Тыбета... У бацькі было хобі — ён займаўся гравюрай. Таму мне часта трапляліся на вочы японскія гравюры. А потым я захапіўся спортам: самба, дзюдо, далей каратэ — і праз гэта таксама ўсё больш і больш акунаўся ў любімую краіну.

Літаратуры тады было мала. Асноўнай яе крыніцай быў букіністычны магазін, і мне даводзілася з дапамогай шакаладак дамаўляцца з прадаўцамі, каб яны тэлефанавалі, калі нешта з'явіцца. У юнацтве мяне сур'ёзна захапіла медытацыя, хоць, вядома, першыя крокі былі з памылкамі, таму што не было настаўніка...

Філасофія японскай культуры пабудавана на паняцці чысціні, простасці. Памятаю, як я ўсё вынес са свайго пакоя — пакінуў у ім пустэчу. Спаў на спецыяльным маце на падлозе. Такі мінімалізм мне вельмі падабаецца і дагэтуль.

Я зладзіў таканома — нішу, якая ёсць у любым японскім доме і дзе стаяць кветкі, абавязкова сезонныя, або вісіць карціна, напрыклад. Але яна не знаходзіцца там круглы год, а выстаўляецца ў нейкі момант, потым прыбіраецца і ставіцца іншая. Таму што нават самы таленавіты мастацкі твор, калі ён знаходзіцца пастаянна перад вачыма — мы нават пыл з яго перастаём праціраць. Мы ўжо не бачым яго каштоўнасці...

Тое ж самае, дарэчы, адбываецца і з людзьмі, напрыклад са сваякамі. Лепш жыць ад іх далей і час ад часу сустракацца. Тады мы беражом і шануем іх. Гэта дапамагае падтрымліваць чысціню і парадак у адносінах з людзьмі».

Амаль тры гады ў Японіі

«У 1994 годзе я разам з аднадумцамі стварыў «Хагакурэ». Цяпер гэта грамадскае аб'яднанне ўсходняй культуры і традыцый. Але спачатку яно стваралася як спартыўны клуб. Я тады працаваў у федэрацыі каратэ, трэніраваўся сам, выступаў як спартсмен і трэніраваў іншых. Пазней, крок за крокам, мы падключылі гісторыю, філасофію, мастацтва, каб знаёміць і дзяцей, і дарослых з выдатнай спадчынай Краіны ўзыходзячага сонца. Для мяне гэты клуб стаў ладам жыцця, у мяне дагэтуль няма падзелу на працу і хобі, гэта ўсё непарыўна звязана.

У той жа час, у 90-х, у Беларусі адкрылася пасольства Японіі, і мы пачалі супрацоўнічаць з ім, праводзіць сумесныя мерапрыемствы. Там я пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, яна працавала ў пасольстве.

Потым мы з'ехалі ў Японію, амаль на тры гады. Я праходзіў там стажыроўку па каратэ. Некаторыя японскія каратысты для мяне былі жывымі легендамі, амаль што багамі, і вось я прыехаў і ўбачыў іх на свае вочы, гэтых недасягальных людзей. Мы побач пацелі ў спартзале, я адчуваў на сабе іх удары на трэніроўцы... Гэтае пачуццё немагчыма перадаць словамі!

Там нарадзіўся наш старэйшы сын. А праз год пасля яго нараджэння мы вярнуліся ў Беларусь».

Там вы не натыкаецеся на «шыпы»

— Шмат людзей з тых, хто пабываў у Японіі, кажа, што гэта іншая планета...

— Мне там было вельмі лёгка і камфортна. Калі пытаюцца, што там паглядзець, куды схадзіць, я адказваю: забудзьцеся пра ўсякія планы, проста паглыбляйцеся ў яе атмасферу. З японцамі вельмі камфортна. Яны карэктна сябе паводзяць, дакладна прытрымліваюцца правільнай дыстанцыі, ніколі не навязваюцца. Там вялікія патокі людзей у метро, аўтобусах, на вуліцы, але пры гэтым вы не адчуваеце, што сутыкаецеся з кімсьці, не адчуваеце сябе заціснутым. Тут у нас, бывае, два чалавекі ідуць па шырокай вуліцы і часам не могуць разысціся, каб не закрануць адзін аднаго. У метро такое адчуванне, што кожны спрабуе выставіць локці перад сабой, як вожыкі калючкі... Мы быццам стараемся заняць як мага больш месца. Японцы займаюць менш месца ў прасторы, каб вызваліць яго для іншых. Таму там нават у натоўпе адчуваеш сябе камфортна.

Там людзі на вуліцы не выказваюць ні негатыву, ні пазітыву, яны «прыбіраюць» свае эмоцыі і проста прымаюць рэальнасць: «гэта ёсць, і ўсё». І прымаюць вас як частку гэтай рэальнасці. Таму вы не натыкаецеся на «шыпы»...

У Японіі практычна кожны дзень землятрус — там адбываецца каля тысячы штуршкоў на год. Мяне захапляе, як стаічна людзі прымаюць гэтую данасць. А потым аб'ядноўваюцца, гуртуюцца, каб аднавіць тое, што было разбурана, і гэты працэс у іх вельмі дакладна арганізаваны. Усе дапамагаюць, ратуюць адзін аднаго.

Шлях чая.

Гэта не марудна, гэта мы сталі вельмі хуткімі

Японія мяняецца, але ўклад, традыцыі застаюцца. Іх атмасфера, дух жыве ў кожным японцы.

Мяне заўсёды вельмі прыцягвала чайная цырымонія. Не чай сам па сабе, а цырымонія як практыка. У двух словах складана пра яе расказаць. Яна з'яўляецца сінтэзам практычна ўсіх японскіх мастацтваў. Вы павінны добра разбірацца ў посудзе, каліграфіі, аранжыроўцы кветак, садаводстве... Падрыхтоўка чайнага дзеяння абавязкова звязана з сезонамі і часам яго правядзення.

Ёсць такое паняцце — Ва Кэй Сэй Дзяку — чатыры прынцыпы чайнай цырымоніі, і мне здаецца, гэта тое, як наогул павінен жыць чалавек.

Ва — гармонія, Кэй — павага, Сэй — чысціня і Дзяку — спакой. У адпаведнасці з гэтымі прынцыпамі выстройваюцца не толькі адносіны паміж людзьмі, якія там прысутнічаюць. Гэтыя прынцыпы пранізваюць наогул усё. Напрыклад, яны адносяцца да посуду. Чорны кубак не можа стаяць на чорнай паліцы, гэта будзе непавага да яго — трэба падкрэсліць яго.

Павага да прыроды — вы бераце чаю роўна столькі, колькі трэба. Упрыгожваеце пакой не пышным букетам, а бераце ўсяго некалькі кветак, якія квітнеюць менавіта ў гэтым сезоне.

Чай успрымаецца як глыток таго, што нам дала зямля, прырода, сонца, і яго смак мы падзяляем усе разам. Наогул, задачай чайнай цырымоніі з'яўляецца, каб група людзей пражыла гэты момант як адно цэлае. Гэта чайнае самадхі — адзінае несвядомае, агульнае...

І наконт рытму. Часам пытаюць: чаму так марудна? На самай справе гэта не марудна, гэта мы сталі вельмі хуткімі. Мы бяжым, размаўляем па тэлефоне, ямо на хаду банан — нічога не заўважаючы, не адчуваючы смаку. А дзе мы самі ва ўсім гэтым і навошта гэта ўсё? Бо на самай справе у той момант, калі мы спяшаемся, жыццё праходзіць міма нас.

Іці-го іці-э — у перакладзе гэта азначае нешта накшталт «кожная сустрэча адзіная». І кожнае імгненне нашага жыцця — адзінае, і трэба атрымаць асалоду ад яго, пражыць яго па поўнай. Праводзячы павольны чайны рытуал — гатуючы чай, паглыбляючыся ў кожны рух, яго паслядоўнасць...

— У вас гэта атрымліваецца?

— Падчас чайнай цырымоніі — так. У жыцці я таксама стараюся, але тут ужо не заўсёды.

Грамадскае аб'яднанне ўсходняй культуры і традыцый «Хагакурэ» — гэта культурная прастора, якая прапануе ўсім ахвотным адкрыць для сябе ўсю шматграннасць японскай культуры. Для гэтага людзьмі, улюбёнымі ў Японію ўсёй душой, створаны цэлы спектр адукацыйных праграм: навучанне японскай мове, баявым мастацтвам, чайнай цырымоніі, мастацтву ікебаны, асновам дзадзэн-медытацыі і г. д. Тут праводзяцца творчыя майстар-класы, вучэбна-трэніровачныя семінары і турніры, а ў арт-кафэ пры цэнтры можна асвоіць традыцыйны японскі акварэльны жывапіс, арыгамі, мангу і многае іншае.

Прынцып «оматэнасі» — вышэйшае праяўленне павагі да госця

Чайная цырымонія фарміравалася пяцьсот гадоў. І на самай справе галоўнае ў ёй — гэта госць. Вы паглыбляецеся ў рытуал і становіцеся адным цэлым — вы, чай і іншы чалавек. Глыток гарбаты — гэта перадача ад сэрца да сэрца. Калі рабіць усё свядома, у гэтым заключана вялікая энергетыка, цэлы космас...

Мы няўважлівыя адзін да аднаго. Я рэдка чую ў Мінску простыя, але вельмі важныя рэчы. Колькі разоў на дзень вы чуеце «прабачце» або «дзякуй», або «калі ласка»? Вам наступяць на нагу і не перапросяць.

У чайнай цырымоніі ёсць паняцце «оматэнасі» — яно азначае вышэйшую праяву павагі да госця. Трэба зрабіць усё для гэтага. Калі да мяне дадому прыйдзе госць, я стаўлюся да яго вельмі беражліва і стараюся, каб ён атрымліваў асалоду. І калі я знаходжуся на сваім рабочым месцы і прыходзіць іншы чалавек, я гэтак жа павінен ставіцца да яго — як да госця. І задаволіць па максімуме яго просьбу.

Але калі перанесці гэта на наша штодзённае жыццё... Вось вы прыходзіце ў краму. Ставяцца да вас там з належнай павагай, як да жаданага госця? Вельмі рэдка. Такім чынам мы губляем павагу да чалавека і да прафесіі. Вось такія маленькія простыя рэчы — «дзякуй, прабачце, калі ласка». Але за імі — тое, што мы маем у выніку.

— Ці хацелі б вы жыць у Японіі, дзе ўсё гэта ёсць?

— Ну, калі бегчы туды, дзе ўсё ёсць... Мы тады заўсёды будзем бегчы кудысьці. Таму што нам заўсёды будзе чагосьці не хапаць. Таму трэба проста быць там, дзе вы ёсць. Прымаць гэтую рэальнасць. І калі можна змяніць яе — мяняць.

І пару пытанняў напрыканцы

— Ці лёгка жыць з жонкай-японкай? Вы людзі розных культур, менталітэтаў...

— У нас не было ніякіх рознагалоссяў на гэтай глебе, ніякіх праблем. А ў звычайным жыцці заўсёды будуць узнікаць нейкія пытанні. Я думаю, калі ўзяць звычайную нашу беларускую сям'ю, там будуць тыя ж складанасці і праблемы. І мне здаецца, што з маім ладам жыцця беларускай дзяўчыне было б нашмат складаней са мною, чым японцы. (Смяецца.) Сядзець на падлозе, спаць на татамі...

— І, традыцыйна, пра сушы...

— Мяне часам пытаюць, дзе ў Мінску можна з'есці добрыя сушы. Я тут сушы не ем, таму што тут няма кухні. Мы імітуем сушы, нават не сушы, а ролы. Але ў іх няма японскага смаку, так, нешта нагадвае, але здалёк... У Японіі ўсё па-іншаму: іншы смак, спалучэнні, я б сказаў, іншая душа ў сушы. У нас яны нават лепяцца не так. Рыс павінен быць «з паветрам», а ў нас яго прэсуюць. Гэта таму, што калі вы прыедзеце ў Японію вучыцца мастацтву гатаваць, то першы год вы будзеце мыць посуд і прыбіраць, на другі — чысціць гародніну... і гэтак далей. Там вучыцца на кухара трэба 10 гадоў, а ў нас часам дастаткова двух месяцаў. Калі б у нас з'явілася хоць адна японская сетка рэстаранаў, то, напэўна, можна было б і пакаштаваць нешта, што адпавядала б японскай якасці і традыцыям. Але пакуль такіх няма.

Святлана Бусько

Дарэчы

Зараз у Беларусі праходзіць штогадовы маштабны фестываль «Японская восень» (удзел у яго арганізацыі прымаў і Святаслаў Гаеўскі), дзе ўсе ахвотныя могуць бліжэй пазнаёміцца са звычаямі Краіны ўзыходзячага сонца.

Мерапрыемствы ў рамках фестывалю працягнуцца да 29 лістапада, яны арганізаваны ў шасці гарадах — Мінску, Барысаве, Гродне, Віцебску, Магілёве і Гомелі. Гасцей чакаюць лекцыі і майстар-класы, канцэрты і кінапаказы, выстаўкі і спартыўныя спаборніцтвы.

Загаловак у газеце: «Кожная сустрэча — адзіная»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.