У Мінску праводзіцца Міжнародная канферэнцыя па пытаннях безграмадзянства ў дзяржавах — удзельніцах СНД.
Канвенцыя 1954 года вызначае асобу без грамадзянства (апатрыда) як таго, «хто не прызнаецца грамадзянінам якой-небудзь з дзяржаў у адпаведнасці з яе заканадаўствам».
Можна ўявіць сабе, якое жыццё ў тых, хто не мае грамадзянства. Без яго чалавек не можа прагаласаваць, атрымаць праязны дакумент, уступіць у шлюб. Часта асобам, якія не здолелі даказаць сваю сувязь з краінай пражывання, адмаўляюць нават у асноўных правах чалавека — праве на адукацыю, ахову здароўя і працаўладкаванне.
Па словах намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Мельчанкі, у нашай краіне каля 1100 замежных грамадзян звярнулася сёлета з просьбай аб атрыманні беларускага грамадзянства. З іх 250 — асобы без грамадзянства. У асноўным гэта прадстаўнікі краін СНД.
— Апошнім часам на фоне ваенных канфліктаў прыток мігрантаў у краіны Заходняй Еўропы павялічыўся. Але для Беларусі такая з'ява як безграмадзянства сур'ёзнай праблемай не з'яўляецца. Напрыклад, у 2000 годзе асоб без грамадзянства ў нас было каля 20 тысяч, а зараз — крыху больш за шэсць тысяч, — сказаў Мікалай Мельчанка. — Гэтую канферэнцыю мы арганізавалі для таго, каб абмяняцца вопытам з прадстаўнікамі іншых краін, даведацца, як яны пераадольваюць праблему патоку людзей без грамадзянства. Акрамя таго, для нас пытанні безграмадзянства, міграцыі звязаны перш за ўсё з бяспекай, і мы павінны гарантаваць гэтую бяспеку цывілізаваным чынам. Асобна трэба заўважыць: нягледзячы на тое, што Рэспубліка Беларусь не далучаная да дзвюх канвенцый ААН па безграмадзянстве 1954 і 1961 гадоў, у нашым заканадаўстве прапісаны парадак работы з асобамі згаданай катэгорыі. Мы не стаім тут на месцы. Так, у 2015 годзе былі прынятыя змены ў заканадаўстве, з якіх вынікае, што дзіця, якое нарадзілася ў Беларусі, можа стаць яе грамадзянінам, нават калі адзін або абое бацькоў не з'яўляюцца грамадзянамі нашай краіны.
Са свайго боку, Жан-Іў Бушардзі, прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Рэспубліцы Беларусь, паведаміў:
— У 2014 годзе пачалася 10-гадовая кампанія па ліквідацыі безграмадзянства ў свеце. Амаль палова тэрміну яе рэалізацыі ўжо скончана. Канферэнцыя, якая праходзіць у Мінску, вельмі важная і своечасовая. У рамках гэтага мерапрыемства мы будзем абмяркоўваць, якім чынам вырашаць пытанні безграмадзянства, перш за ўсё, дзякуючы абмену вопытам паміж краінамі. Што датычыцца Беларусі, сітуацыя ў ёй стабільная. Па звестках статыстыкі, колькасць тых, хто не мае грамадзянства, памяншаецца. Напрыклад, на працягу мінулага года каля 500 асоб набылі грамадзянства Беларусі.
Сяргей КУЛАКОЎ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?