Вы тут

Зацікавіць сабой


Нядаўна на адным з сайтаў прачытаў разважанні маладога мінчаніна пра сябе і час: пра памкненні хлопца і яго равеснікаў (такія часам розныя), мары і жаданне ўвасобіць іх у жыццё. («— Ты, калі вырасцеш, кім хочаш працаваць? — Ты вось зараз столькі непрыемных слоў нагаварыў...») Пра тыя магчымасці, якімі можна скарыстацца, каб дасягнуць мэты. («— І запомні, сынок! Ніколі не звязвайся з дрэннымі кампаніямі. Там і заробкі маленькія, і начальнікі — ідыёты!») Апроч іншага, запомніліся словы хлопца пра тое, што, калі дзяўчатам сказаць, што ты — электраманцёр з завода, тыя неяк адразу губляюць цікаўнасць. («Сем гадоў таму я прапанаваў дзяўчыне сваёй мары сустракацца, сёння я спытаў яе, ці выйдзе яна за мяне замуж. Яна адмовіла абодва разы».) А вось калі прадставіцца кіраўніком стартапа — рэакцыя зусім процілеглая. («Ніколі не адмаўляйцеся ад дарагіх падарункаў. Каханне прыходзіць і сыходзіць, а ламбард працуе заўсёды».)


Хаця гаворка ў абодвух выпадках ідзе пра аднаго і таго ж чалавека. Толькі, як заўважыў суразмоўнік, у рознай «абгортцы». («Падумалася, што ў сучасных рэаліях радок «вось мілы мой з'ехаў, не вернецца, пакінуў толькі картачку сваю» гучыць не так ужо і дрэнна».) І неяк адразу прыгадаўся вядомы савецкі фільм «Масква слязам не верыць». Пры такім падыходзе, як у сітуацыі з мінчанінам, галоўныя героі і не пазнаёміліся б нават. Памятаеце? «Ты хоць бы сказаў, як цябе завуць. — Гога. — Як??? — Можна Гоша. — Значыцца, Гога... Толькі гэтага мне не хапала....» «РаманЬцізЬму няма», — казаў герой адной з навел камедыі «Не можа быць!». Што, сапраўды так?

Ды не, вось вам іншая гісторыя знаёмства, пра якую таксама нядаўна пісалі. У Дзень без аўтамабіля ў сталіцы праводзіўся велапрабег. Перад ім хлопец усміхнуўся дзяўчыне, яны разгаварыліся. («Дзяўчаты, мужчын трэба шукаць не на сайтах знаёмстваў, а на парталах па працаўладкаванні. Пытанні тыя ж самыя, толькі фатаграфіі і рэзюмэ ў іх рэальныя».) Малады чалавек угаварыў новую знаёмую паўдзельнічаць у мерапрыемстве, хаця тая дрэнна каталася. І вось падчас велапрабегу дзяўчына ўлятае ў бардзюр... Хлопец спяшаецца ёй на дапамогу і таксама «вылятае» з веласіпеда... Выклікаюць хуткую дапамогу... Пасля размовы з урачамі малады чалавек раптам дастае (???) заручальны пярсцёнак: «Да вяселля зажыве! Выходзь за мяне замуж!» («Вельмі небяспечна атрымаць траўму пасля вяселля. Ужо не зажыве...») І дзяўчына пагаджаецца! (З таго ж фільма «Не можа быць!»: «— Падумаеш, тры дні знаёмыя. — Не тры — чатыры!») Пісалі, што гісторыя знаёмства бацькоў дзяўчыны ў многім падобная на яе выпадак. Будучая маці выбралася на каток з сяброўкай, хаця не вельмі доўга трымалася на каньках. Будучы бацька падышоў пазнаёміцца з ёй і прапанаваў навучыць катацца. Дзяўчына ўпала і зламала нагу. Малады чалавек пачаў яе наведваць і ў выніку яны пажаніліся. («— Мы сустракаемся з табой ужо паўгода. І ў мяне паняволі ўзнікла пытанне... Ты сапраўды хочаш варыць мне боршч, прасаваць кашулі, мыць шкарпэткі? — Гэта ты мне зараз прапанову робіш?») На жаль, працягу гісторыі не знайшоў. Спадзяюся, у маладых людзей усё склалася добра. («Спатканне з прыгожай жанчынай «упустую» прайсці не можа: пры любым раскладзе ў вас застанецца прыбраная кватэра».) Так што ўсё сапраўды залежыць ад саміх людзей, іх здольнасці разглядзець нешта важнае ў іншым чалавеку. («Купіў новыя шыны, а жонка нічога не сказала. Мабыць, у яе нехта з'явіўся».) І рамантыкі, як відаць, таксама не перавяліся. Нават у наш тэхналагічны час.

Ведаеце ж гісторыю канадскага студэнта, які пазнаёміўся ў бары з дзяўчынай па імені Ніколь, але высветлілася, што яна дала яму няправільны нумар. («Бывае, чакаеш Веру, Надзею, Любоў... А тут бац, і Танька прыйшла!») І тады малады чалавек, каб знайсці каханую, разаслаў пісьмы сотням адрасатаў з імем Ніколь — ад першакурсніц да прафесараў. («Жаночая рулетка: набіраеш паведамленне «я сумую», адпраўляеш усім былым і чакаеш, дзе стрэліць».) Па словах студэнта, ён адважыўся на масавую рассылку, бо не хацеў, каб Ніколь падумала, што ён — дрэнны хлопец, які не напісаў дзяўчыне. («Яна закахалася ў яго, бо ён быў стройным і маўклівым... А ён проста не мог гаварыць і ўцягваць жывот адначасова...») «Калі ваша імя Ніколь, вы з Галандыі і лічыце, што Ніцшэ прыгнятае, тады напішыце мне», — пазначыў у паведамленні канадзец. (Усё з той жа крыніцы — фільма «Не можа быць!»: «Не, не тут. Там сабакі не было. Мамаша была, папаша быў, а сабакі не было!») Сярод адрасатаў не аказалася патрэбнай Ніколь, аднак адна з дзяўчат, якая атрымала ад хлопца пісьмо, вырашыла дапамагчы студэнту і стварыла ў сеціве групу па пошуку каханай. («— Коля, я ўжо напалову дамовіўся аб спатканні вунь з той прыгажуняй. — Гэта як — «напалову»? — Ну, я згодны».) У выніку гісторыя атрымала шырокую агалоску і патрэбная Ніколь выйшла на сувязь!
А вы кажаце — электраманцёр з завода...

Таму напрыканцы ўсім, хто хоча пазнаёміцца ці ўжо пазнаёміўся. «...У горы і ў радасці, у хваробе і ў здароўі, анлайн і афлайн».

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.