Вы тут

Беларусь гатова прасоўваць супрацоўніцтва з Венгрыяй па ўсіх напрамках


Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіярта.


У пачатку сустрэчы беларускі лідар падзякаваў Венгрыі, яе лідару і свайму суразмоўцы асабіста, бо ён перш за ўсё адказвае за знешнепалітычны курс, за тое добрае, што было зроблена для Беларусі, асабліва за нармалізацыю адносін паміж нашай краінай і Еўрапейскім саюзам. "Мы пра гэта ведаем аж да літары і коскі, мы гэта вельмі цэнім, і гэта адзін з краевугольных камянёў падмурка нашых адносін", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Прэзідэнт назваў гандлёва-эканамічныя адносіны паміж дзвюма дзяржавамi асноўным каменем у падмурку супрацоўніцтва. "Можна казаць, што ў нас ёсць тавараабарот, і ён вагаецца дзесьці ў межах 180-200 млн долараў па годзе, але давайце адкрыта скажам, што гэта смешная лічба. Улічваючы нашы патэнцыялы, улічваючы тое, як мы былі каапераваныя ў свой час, гэта толькі пачатак, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — І я вам хачу сказаць — мы гатовы па ўсіх напрамках прасоўваць наша гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва”.

Беларускі лідар заклікаў выкарыстоўваць у гэтым сяброўства Беларусі ў ЕАЭС, адносіны з Кітаем, у прыватнасці Шаўковы шлях паміж Кітаем і Еўропай.

"Лагістыка выбудавана, мы гатовы тут прадстаўляць вашы інтарэсы. У той жа час мы разлічваем на тое, што вы як член Еўрапейскага саюза, пры тым вельмі самастойны, які мае сваю пазіцыю, будзеце нас падтрымліваць. І спалучэнне гэтых інтарэсаў надасць вялікую гандлёва-эканамічную дынаміку паміж дзвюма краінамі", — дадаў ён.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што не бачыць неабходнасці гаварыць асобна пра канкрэтныя праекты, паколькі яны ёсць ва ўсіх сферах — не толькі ў машынабудаванні і фармацэўтыцы. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што асабіста памятае сувязі па фармацэўтычнай лініі яшчэ з савецкіх часоў. Паводле яго слоў, у нашай краіне да гэтага часу вялікі попыт на венгерскі лекі. Але у Беларусі і Венгрыі ёсць магчымасці працаваць па ўсіх кірунках.

"Вы хочаце — і правільна — аднавіць вытворчасць "Ікарусаў", маіх любімых аўтобусаў. Мы гатовыя прапанаваць вам практычна бясплатна гэтую падтрымку, таму што мы прайшлі вельмі сур'ёзны шлях будаўніцтва падобных аўтобусаў на больш высокай аснове ў Беларусі", — сказаў беларускі лідар.

У адказ венгерскі міністр замежных спраў і знешняга гандлю падзякаваў кіраўніку дзяржавы за магчымасць асабістага прыёму, а таксама падзякаваў міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею за працу, накіраваную на развіццё двухбаковых адносінаў дзвюх дзяржаў.

Ён нагадаў, што Венгрыя — краіна ў Цэнтральнай Еўропе, якая памятае гісторыю і ведае, што ёй нашмат лепш, калі паміж Захадам і Усходам існуе супрацоўніцтва. Петэр Сіярта падкрэсліў: гэтая ідэя з'яўляецца нацыянальным інтарэсам венгерскага народа. "Мы хочам аб'яднаць свае намаганні з усімі, хто лічыць супрацоўніцтва паміж Усходам і Захадам важным. І таму працуем над тым, каб Беларусь магла больш цесна супрацоўнічаць з Еўрапейскім саюзам", — сказаў ён.

Па выніках сустрэчы венгерскі міністр пагутарыў з журналістамі. Паводле яго слоў, сёння Беларусь і Венгрыя падпісваюць пагадненне аб узаемнай абароне інвестыцый, што адкрывае новыя магчымасці для супрацоўніцтва дзелавых супольнасцяў. Яшчэ ў рамках беларуска-венгерскай кааперацыі плануецца адкрыццё ў Венгрыі лініі па вытворчасці вагонаў для чыгунак (усяго трэба будзе вырабіць 19 двухпавярховых цягнікоў). Па лініі харчовай прамысловасці плануецца адкрыццё ў Магілёве сумеснага прадпрыемства — гаворка ідзе пра кукурузу.

"Мы таксама вядзем размову пра тое, што абедзве краіны ў хуткім часе збіраюцца выкарыстоўваць атамную энергію ў мірных мэтах. Таму адкрываецца магчымасць для развіцця супрацоўніцтва ў галіне абмену вопытам, інжынірынгу ў рамках стварэння атамных праектаў", — сказаў ён.

Міністр адзначыў, што Венгрыя з'яўляецца прыхільнікам больш цеснага супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю, у сувязі з чым ён праінфармаваў Прэзідэнта аб тым, што ў Еўропе з'яўляецца ўсё больш прыхільнікаў гэтага падыходу.

Дарэчы, у гэты дзень запланаваны сустрэчы міністра замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам, міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, міністрам эканомікі Дзмітрыем Крутым, міністрам спорту і турызму Сяргеем Кавальчуком, міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Леанідам Зайцам і міністрам прамысловасці Паўлам Уцюпіным.

Акрамя таго, венгерскі міністр выступіць перад студэнтамі факультэта мiжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Тэма — міграцыя і будучыня Еўрасаюза.

У тэму

Па выніках студзеня - лістапада 2018 года тавараабарот Беларусі і Венгрыі склаў 179,3 млн долараў (108 % да аналагічнага перыяду 2017 года), беларускі экспарт— 72,1 млн долараў (114,6 %), імпарт з Венгрыі — 107,1 млн долараў (103,9 %). Сальда — мінус 35 млн долараў.

Экспарт беларускіх паслуг у 2017 годзе склаў 14 млн долараў (131,8 % да 2016 года), імпарт — 4,4 млн долараў (123,3 %). Сальда станоўчае — 9,6 млн долараў.

У студзені — кастрычніку 2018 аб'ём гандлю паслугамі склаў 16,3 млн долараў (121,7 %), экспарт з Беларусі — 12,8 млн долараў (132,6 %), імпарт з Венгрыі — 3,4 млн долараў (93 %). Аснову абароту паслуг складаюць транспартныя, камп'ютарныя і турыстычныя паслугі.

Сукупны аб'ём назапашаных інвестыцый з Венгрыі на 1 кастрычніка 2018 года склаў 2,5 млн долараў, з іх амаль усе прамыя. У студзені — верасні 2018 інвестыцыі з Венгрыі не паступалі.

Тавараправодная сетка з удзелам беларускага капіталу прадстаўлена кампаніяй 000 "Беларус трактар" (ААТ "МТЗ"), а таксама беларуска-венгерскай кампаніяй "Белмастрой" ("Белбудцэнтр").

У Беларусі дзейнічае 8 прадпрыемстваў з венгерскім капіталам — 6 сумесных і 2 замежных. Функцыянуюць прадстаўніцтва венгерскіх фармацэўтычных кампаній ("Гедэон Рыхтэр", "Эгіс").

З 2013 года запушчаны рэгулярны прамы авіярэйс кампаніі "Белавіа" па маршруце Мінск-Будапешт-Белград-Будапешт-Мінск.

Перспектыўнымі напрамкамі супрацоўніцтва з'яўляюцца сельская гаспадарка, харчовая прамысловасць, крэдытна-фінансавая і банкаўская сфера, будаўніцтва, вытворчая кааперацыя, фармацэўтыка, атамная энергетыка, турызм і інавацыі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.