Вы тут

Уверх па лесвіцы музыкі


Выхаванцы Рэспубліканскай гімназіі­каледжа пры Беларускай дзяржакадэміі музыкі граюць сёння па ўсім свеце

Дзіцятка будзе граць ці не?

Канцэртны аркестр з навучэнцаў гімназіі-каледжа пад кіраўніцтвам Уладзіміра Перліна

Пасля мноства святочных Калядных, Навагодніх імпрэзаў самы час адпачыць шматлікім музыкантам, што стваралі нам прыўзняты настрой. Мы ж раскажам пра адну з вядомых беларускіх устаноў, дзе юныя таленты спасцігаюць сакрэты майстэрства, і дзе музыка — самы важны прадмет у праграме навучання.

Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — прэстыжная ўстанова ў адукацыйным асяроддзі, гэтую школу талентаў цэняць і сярод творчай музычнай эліты. Скажам, вядомыя творцы Ігар Лучанок, Барыс Смольскі пачыналі ў гімназіі-каледжы свой творчы шлях. Многія вядомыя дырыжоры, кампазітары, музыказнаўцы, спевакі, музыканты-выканаўцы прайшлі праз каледж. І дарога ў Беларускую дзяржакадэмію музыкі пралягае тут: іх творчае ўзаемадзеянне даўняе, плённае.

Акадэмія музыкі адсвяткавала 85-гадовы юбілей, а гімназія-каледж да яго набліжаецца. У далёкім 1935-м апошняя ўзнікла — як аддзяленне для юных дараванняў пры Белдзяржкансерваторыі: у фартэпіянным і струнным (скрыпка, віяланчэль) класах навучалася 25 чалавек. Сёння ж у гімназіі-каледжы на 6 кірунках музычнага мастацтва, сярод якіх — дырыжыраванне й музыказнаўства, навучаюцца 440 чалавек. Акрамя фартэпіяна, скрыпкі, віяланчэлі там асвойваюць альт, кантрабас, арфу. Сярод духавых і ўдарных на ўроках іграюць флейта, габой, кларнет, фагот, валторна, трамбон, труба, саксафон. Ёсць і народныя: баян, акардэон, гітара, домра, цымбалы.

Адбор у гімназію-каледж прайсці няпроста. Дзецям пры паступленні могуць задаць пытанне: якія музінструменты яны ведаюць. І малыя здольныя назваць калі не ўсе з пералічаных, то некалькі, бо за плячыма ў іх падрыхтоўчыя групы пры школе. Набіраюць туды ў 5-6 гадоў. Таленты педагогі нярэдка самі шукаюць у дзіцячых садках, ладзячы там канцэрты з удзелам вучняў, якія выбралі сабе ўжо інструмент, навучыліся на ім іграць. Педагогі прызнаюцца: гэты перыяд у іх рабоце — найскладаны: каб заўважыць у 5-6 гадовых макулінкі таленту й схільнасцяў да музыкі, патрэбны немалы досвед, інтуіцыя. Увогуле першаснае музычнае развіццё здольнасцяў хлопчыкаў і дзяўчынак — асаблівая навука. Педагогі, бацькі ўсяго толькі маюць надзею, што ўсё атрымаецца. Большасць дзяцей, якія паступаюць у другія класы гімназіі-каледжа, надзею апраўдваюць. Калі ж не спраўляюцца з навучальнай праграмай — што ж, не лёс... Аднак рашэнне даецца вельмі няпроста для абодвух бакоў.

У тых, хто вытрымаў першыя выпрабаванні, наперадзе паступленне ў гімназію і каледж і новыя іспыты. Ужо з другога класа вучань павінен у канцы кожнай чвэрці сыграць акадэмічны канцэрт на адзнаку: гэта своеасаблівы экзамен. З кожным годам праграма ўскладняецца. Дарэчы, слова “спецыяльнасць” важка адгукаецца ў душы юных з першых класаў. Патрабуе адказнасці. Вучні ж не проста практыкуюцца ў музыцы ў вольны ад іншых заняткаў час: для іх гэта ўжо не захапленне й аматарства, а прафесія. І з малых гадоў ім прывіваюць прафесійныя здольнасці, а музыку яны ўспрымаюць як пакліканне.

Музыка як прафесія

Сёння Рэспубліканскі музкаледж — гэта вялікі педагагічна-адукацыйны комплекс. Хто прайшоў там адукацыю, той атрымоўвае як атэстат аб сярэдняй адукацыі, так і дыплом аб сярэдняй спецыяльнай: выпускнікам прысвойваюць спецыяльнасць, кваліфікацыю. Яны ўжо маюць прафесію. Таму ўвесь навучальны працэс “завостраны” на падрыхтоўку выдатнага музыканта. Побач з агульнаадукацыйнымі прадметамі (матэматыка, гісторыя, беларуская мова і замежныя, хімія, фізіка, інфарматыка ды іншыя) у дзённіку вучня значацца сальфеджыа, музычная літаратура, харавыя спевы, заняткі на інструментах... Увогуле заняткі музыкай — справа інтэлектуальная: трэба завучваць на памяць вялікія нотныя тэксты. Плюс штодзённая праца з музінструментам. Так што важна ўсё ўзважыць, каб і не “замучыць” будучага музыканта, і ляноце не патураць.

Заўважана, дарэчы: вучні, якія маюць музычныя здольнасці, лёгка засвойваюць таксама іншыя прадметы. Між тым да ўсяго, што звязана з музыкай, тут іншае стаўленне, чым у агульнаадукацыйнай школе, дзе ўрок спеваў — як прыгожая забаўка. Што ў каледжы рыхтуюць музычную эліту, разумеюць як педагогі па спецыяльнасці, музычных прадметах, так і выкладчыкі гісторыі, геаграфіі, фізікі, біялогіі... Яны звычайна дасведчаныя, што заняткі музыкай у каледжы — прыярытэтныя, і таму настройваюць працаваць вучняў непасрэдна пад час урокаў, а не на самастойнае асваенне новага матэрыяла. Да таго ж выкладчыкі зачастую наведваюць канцэрты сваіх выхаванцаў, ды й самі разбіраюцца ў музычным мастацтве.

Творчая атмасфера пануе ў гэтых сценах. Яна дапамагае вучням спасцігаць веды, набываць патрэбныя прафесійныя якасці. Розныя творчыя праекты, канцэрты, конкурсы, гастрольныя выезды для вучняў і педагогаў тут — паўсядзённасць. “Я ў горадзе не ведаю такой канцэртнай пляцоўкі, дзе б ні выступалі нашы юныя музыканты, — расказвае дырэктар Сямён Кліманаў. — Музей Дом Ваньковічаў, Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, Нацыянальны мастацкі музей, Канцэртная зала “Верхні горад”, Малая зала імя Рыгора Шырмы Белдзяржфілармоніі... Усюды, дзе можна выконваць класічную музыку, выходзяць на сцэну нашы выхаванцы. А ў Вялікай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі юныя музыканты гімназіі-каледжа ўжо некалькі гадоў штомесяц іграюць у суправаджэнні дзяржаўных камернага і акадэмічнага сімфанічнага аркестраў Беларусі. Сярод сумесных з Акадэміяй музыкі праектаў, якія атрымалі шырокі розгалас, — Пасхальны фестываль і “Вялікапосныя канцэрты”.

“Іграюць навучэнцы школы пры кансерваторыі” — так называецца новы сумесны з Акадэміяй музыкі праект, у якім узялі ўдзел юныя таленты, прызнаныя лепшымі ў міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, адзначаныя прэміямі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. “Аркестровая фантазія” — гэта яшчэ адзін праект, пра які мне казалі ў каледжы. На гэты раз навучэнцы сыграюць як салісты ў суправаджэнні творчых калектываў акадэміі, а таксама сімфанічнага й камернага аркестраў.

Выступленні таленавітых дзяцей — усім нам падказка: класічная музыка можа быць цікавай, зразумелай не толькі для прафесіяналаў. Было й такое: аркестр і ансамбль салістаў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Перліна ездзілі па розных гарадах Беларусі, давалі канцэрты. І прыгажосць класічнага музычнага мастацтва мелі магчымасць адчуць юныя слухачы, якія, можа, ніколі б не трапілі на канцэрт у філармонію. Дарэчы, праект, рэалізаваны сумесна з Акадэміяй музыкі, называўся: “Дакрананне”. І сёння музыканты гімназіі-каледжа ўпэўнены: некаму з іх слухачоў тыя гастролі запалі ў душу.

Далёка чуваць!

 

Будзем шчырымі: класічная музыка — зусім не даступны “Снікерс” ці хот-дог. І далёка не кожнаму яна, як кажуць, па зубах: у модзе сёння простыя, часам прымітыўныя нават мелодыі. Тэле- і радыёэфіры запаланіла так званая папса, і велізарныя залы збіраюць, бывае, артысты з пачатковай музычнай адукацыяй. Класічная музыка ўжо не “стандарт якасці” ў жыцці грамадства, хоць, на думку Сямёна Кліманава, павінна ім быць, “паколькі менавіта яна выхоўвае розум, годнасць, сумленне й культуру”. Аднак, на шчасце, той “культурны прадукт”, які выдае Рэспубліканская гімназія-каледж, запатрабаваны як у Беларусі, так і ў свеце. Каля 400 яе навучэнцаў розных гадоў атрымалі заахвочванні й дзяржаўную падтрымку Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі — пачынаючы з 1996 года, калі Фонд быў створаны. Сярод адзначаных, ушанаваных — лаўрэаты шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Дарэчы, да сваіх лаўрэатаў у гімназіі-каледжы ставяцца з вялікай пашанай, а імёны іх можна прачытаць на сайце навучальнай установы: http://www.rmcollege.by/maіn/wіnners/.

Класічная музыка, хоць і не ўсім даспадобы, аднак жа мае мову ўніверсальную, а таму — зразумелую ў культурных асяродках па ўсім свеце. Вось і запрашаюць юных беларускіх музыкантаў выступіць розныя Амбасады. Напрыклад, Амбасада Беларусі ў Францыі даволі часта запрашае ў Парыж піяністаў гімназіі-каледжа. Канцэртны аркестр каледжа пад кіраўніцтвам Уладзіміра Перліна выязджаў з гастролямі ў Брусель (Бельгія), дзе ў плыні 25-годдзя ўстанаўлення дыпадносін паміж Беларуссю і Каралеўствам Бельгія выступаў на сцэне Бельгійскай каралеўскай кансерваторыі, у будынку Еўрапарламента. У 2017-м хор гімназіі-каледжа патрапіў на Міжнародны фестываль “Тыдзень дзіцячых харавых спеваў у Чэнду” — гэта ў кітайскай правінцыі Сычуань. А летась хор спяваў на “Гайнаўскіх днях царкоўнай музыкі” ў Польшчы.

І геаграфія міжнародных конкурсаў, у якіх юныя музыканты з Мінска ўдзельнічаюць, шырокая. Калі раней нашы таленты ездзілі на конкурсы пераважна ў Маскву і Санкт-Пецярбург, то цяпер яны актыўна асвойваюць і Прыбалтыку. Напрыклад, у 2018-м беларускія выканаўцы занялі прызавыя месцы на такіх конкурсах, як XVІІІ Міжнародны конкурс-фестываль “Музыка без межаў” у Друскінінкаі (Літва), VІІ Міжнародны конкурс юных піяністаў у Рызе (Латвія), ІX Міжнародны конкурс юных музыкантаў “Vіva la musіca” ў Даўгаўпілсе (Латвія), Міжнародны конкурс салістаў-акардэаністаў “Naujene 2018” у Даўгаўпілсе (Латвія), ІV Міжнародны конкурс маладых музыкантаў “Kaunas sonorum” у Каўнасе (Латвія), ІX Міжнародны вакальны конкурс імя С. Брока ў Даўгаўпілсе (Латвія), ІX Міжнародны конкурс маладых інструменталістаў і вакалістаў “Узыходзячыя зоркі” ў Рызе (Латвія) ды іншых.

Не абыходзяць увагай юныя музыканты й Польшчу: летась патрапілі туды на такія творчыя спаборніцтвы, як Міжнародны конкурс скрыпачоў “Vіvaldі 340” у горадзе Вялічка і VІ Міжнародны конкурс піяністаў у горадзе Аўгусце. Ёсць пераможцы й конкурсаў у Чэхіі: у 2018-м там праходзілі Міжнародны музычны фестываль “Fіre works of talents” і VІ Міжнародны конкурс скрыпачоў імя Ёзефа Музікі. Ёсць сярод выхаванцаў каледжа й выканаўцы, якія выступалі на Класічным Венскім міжнародным музычным конкурсе. І Германія вабіць сваімі конкурснымі праграмамі: скажам, удала выступаюць нашы таленты на Міжнародным конкурсе баяністаў і акардэаністаў у горадзе Клінгенталі.

У Беларусі, як вядома, таксама праводзіцца нямала міжнародных конкурсаў музычнага мастацтва, дзе можна паказаць сваё майстэрства. Сярод тых, што прайшлі летась, — ІІ Міжнародны конкурс “Мой сябра — баян” (Гомель), ІІІ Міжнародны конкурс юных музыкантаў “Палескі агеньчык” (Драгічын), І Міжнародны конкурс выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах “Фанфары Наднямоння — 2018” (Стаўбцы). У Мінску праходзілі ІІ Міжнародны конкурс мастацтваў “Крыштальны васілёк”, І Міжнародны конкурс юных вакалістаў імя Ф. І. Шаляпіна, ІV Міжнародны шматжанравы конкурс-фестываль славянскай культуры “На вышыні” ды іншыя. Выканаўцы на духавых інструментах выступілі й на XVІ Міжнародным дзіцячым конкурсе “Музыка надзеі” (3-7 снежня, Гомель).

Штогод Рэспубліканскі музычны каледж выпускае ў вялікі музычны свет 30-40 маладых музыкантаў. Большасць з іх прадаўжае вучыцца далей у Беларускай дзяржакадэміі музыкі. І пад час вучобы ўжо кожны выбірае: распачаць канцэртнае жыццё ці заняцца педагагічнай дзейнасцю. Дарэчы, і граюць, і выкладаюць беларускія майстры — як у Беларусі, так і далёка за яе межамі.

Ганна Лагун

Фота Аляксандра АЛЯКСЕЕВА, Алега ЛУКАШЭВІЧА і Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.