Вы тут

Што наша жыццё? Цырк!


Так пра сябе можа з упэўненасцю сказаць наш сённяшні герой Павел Быкаў. Бацька марыў, каб ён стаў ваенным, але лёс распарадзіўся па-іншаму і падрыхтаваў яму ролю шпрэхшталмайстара, цыркавога артыста. Пачынаў як клоўн, быў адміністратарам трупы і вядучым праграм. Жонку сабе знайшоў там жа — сярод цыркавых артыстак. Не так даўно Беларускі дзяржаўны цырк адзначыў 60-годдзе, а Павел Быкаў тут адпрацаваў амаль 50 гадоў. За гэты час назбіраў гісторый на некалькі тоўстых раманаў. Некаторымі з іх і дзеліцца з нашымі чытачамі.


Дарога на арэну

— У цырк на працу я трапіў, можна сказаць, выпадкова. У Маладзечне іграў у народным тэатры, потым паступіў на акцёрскі факультэт тэатральна-мастацкага інстытута. Увесь час цягнула ў тэатр, і я заўсёды хацеў быць драматычным акцёрам. Але лёс склаўся так, што пасля інстытута працаваў у Ліепая, а калі вярнуўся ў Мінск, то ў тэатры работы не знайшлося. Хадзіў на пробы, як рэжысёр ладзіў гарадскія святы, здымаўся ў кіно. Неяк менавіта на кінастудыі мне прапанавалі звярнуцца ў цырк, там патрэбна была дапамога з пастаноўкай клаўнады. Гэта быў 1969 год. І ўсё склалася. Пачалі рэпеціраваць, зрабілі некалькі нумароў буфанаднай клаўнады, выступалі… За гэты час маю працоўную кніжку пераслалі ў Маскву — усе цыркі Савецкага саюза працавалі ў адной сістэме, і я быў залічаны на працу. Потым былі гастролі, высокія заробкі… Але ўсё роўна цягнула ў тэатр, натуральна, ужо як гледача. У кожным горадзе, куды прыязджалі з цыркавой трупай, заходзіў у тэатр. Мне хацелася адчуць гэты непаўторны тэатральны пах. Гэта ж дзіцячая мара!

Магчымасць вандровак

— Многія артысты цырка жылі вельмі бедна, многія не мелі кватэр, не было прапіскі. І калі выязджалі на гастролі, то ездзілі цэлымі сем’ямі. Для гэтага бралі з сабой бульбу, крупы, іншыя прадукты ў спецыяльных скрынях. Зазвычай, калі трупа прыязджала, артыстаў сустракаў адміністратар. А знаходзілі яго дзякуючы асабліваму свісту. Цягнік пад’язджаў, адміністратар пачынаў свістаць, і незнаёмыя раней людзі маглі сустрэцца, сабрацца. Тады адміністратар размяркоўваў усіх па кватэрах. Але неяк здарылася нечаканае. Прыехалі на вакзал у чужы горад, мы з рэчамі, з намі дачка, ды… ніхто не сустрэў. Што рабіць? Паехалі ў цырк, ужо было позна, з супрацоўнікаў на месцы толькі ахоўнік. Ён і сказаў нам ісці на канюшню. Занялі два стойлы, накідалі сена, так і пражылі некалькі дзён побач з коньмі і козамі, пакуль не знайшлі кватэры.

Быў і светлы бок. Работа ў цырку дазваляла многа падарожнічаць. У 1975 годзе ўпершыню паехаў Аўстрыю. У той час пра такое марыць маглі толькі акцёры Вялікага тэатра і мы, цыркачы. Але калі першыя вандравалі за мяжой тыдзень-два, то цырк выязджаў на чатыры месяцы. Шмат вандровак прыгадваецца: Аргенціна, Злучаныя Штаты, Бразілія…

Чарга на рэпетыцыі

— Так, у пачатку маёй кар’еры ўмовы часам былі жахлівыя, але дзякуючы энтузіязму, з якім працавалі артысты, ствараліся выдатныя нумары, і савецкі цырк быў прызнаны найлепшым у свеце. Рыхтавалі проста шалёныя трукі! Шмат працавалі, жылі як адна сям’я. І якраз многія выдатныя нумары рыхтаваліся менавіта ў Мінскім цырку, бо ён меў статус пастановачнага. Дарэчы, каб праводзіць тут рэпетыцыі, у Мінскі цырк імкнуліся многія артысты, і чарга складалася на два-тры гады наперад. Тут рэпеціравалі акцёры і рэжысёры з Беларусі, Расіі. Памятаецца ілюзійны атракцыён пад кіраўніцтвам Юрыя Аўерыны. Гэта быў вельмі цікавы атракцыён. Дарэчы, увесь рэквізіт для яго выраблялі на беларускіх заводах і фабрыках. Нашы кампазітары пісалі музыку для нумароў. У цэлым, існавала праграма па стварэнні нацыянальных цыркавых калектываў, і наш быў створаны ў 1969 годзе, каля 70 працэнтаў яго складу было беларусамі.

Найлепшыя нумары і трукі

— На манежы з’яўляўся сад, тут расло жыта. Гэта была вельмі добра зробленая ілюзія. Калі гэты нумар паказвалі ў Бразіліі, то сабралі дзевяць аншлагаў на стадыёне ў 20 тысяч гледачоў: ніхто не здагадваўся, як раптам вырасталі каласы. Быў выдатны нумар паветраных гімнастаў, браты Сумбуравы стварылі яскравы нумар акрабатаў з бочкамі. Тут выпушчаны атракцыён Марыцы Запашнай з тыграмі, пантэрамі, выпусцілі нумар «Несцерка», атракцыён з мядзведзямі пад кіраўніцтвам Юрыя Аляксандрава… Немагчыма забыць нумары клоўнаў Варанецкага і Гулевіча. Дарэчы, яны адзіныя маюць званне заслужаных артыстаў Беларусі і ўваходзілі ў дзясятку найлепшых клоўнаў СССР.

Дзень сённяшні

— Быў перыяд, калі мне не надта хацелася хадзіць на пастаноўкі, але ўсё змянілася, калі пяць гадоў таму цырк узначаліў Уладзімір Шабан. І падаецца, што ён мае вялікае імкненне зрабіць цырк зноў гучным і яскравым. Бачым вынікі, ён зноў ажыў! Так, у сённяшніх умовах гэта фінансава і арганізацыйна цяжка, але беларускія гледачы маюць магчымасць пабачыць найлепшыя нумары цыркавых труп свету. Напрыклад, летась у Мінску прайшоў першы міжнародны цыркавы фестываль. Сюды прыехалі нумары сусветнага маштабу, я сам не паверыў, калі пабачыў, якая насычаная ў яго праграма. Думаю, што планку трымаем і нас зноў ведаюць ва ўсім свеце.

Толькі для дзяцей?

— Так лічаць толькі ў нас. Але ва ўсім свеце падобнага меркавання не існуе. Я думаю, што ў цырк варта весці дзіця толькі пасля пяці гадоў. Раней яно нічога не зразумее, будзе плакаць, спалохаецца і заробіць кепскія ўспаміны на ўсё жыццё. Варта яшчэ і выбіраць адмысловыя праграмы для дзяцей.

Супраць жорсткасці да жывёл

— Сапраўды, зараз назіраецца тэндэнцыя адмаўляцца ад работы з жывёламі на арэне. Маўляў, гэта дрэсура і жорсткае абыходжанне. Але я думаю так: мы ж калі чалавека выхоўваем, таксама ў пэўным сэнсе яго дрэсіруем. Сёння не так жорстка, але мяне бацькі ставілі ў кут на гарох… У жывёл жа свядомасць працуе па-іншаму, і часам без жорсткасці складана дасягнуць патрэбнага выніку. Тыгр, напрыклад, на чалавека можа пайсці два разы, каб напасці, і гэты момант трэба вызначыць, вылічыць і даць адпор, каб ён цябе не з’еў у клетцы. З іншага боку, я дакладна ведаю, што жывёлы, якія жывуць у няволі ў цырку, пачуваюцца вельмі добра, яны атрымліваюць свае кілаграмы мяса, адпачываюць і працуюць у сваім рэжыме. Нават у пасляваенныя гады сланы атрымлівалі абавязковую штодзённую норму хлеба, артысты ж часта галадалі. Канечне, я памятаю і вельмі жорсткія моманты абыходжання з малпамі, мядзведзямі, але без іх у нашай працы ніяк, жывёл жа не ўгаворыш паводзіць сябе так, як табе патрэбна.

Негалосныя правілы і цёплыя ўспаміны

— За жыццё бачыў шмат, з многімі сустракаўся і быў знаёмы, наведаў шматлікія краіны. Працаваць было весела. Калі сыходзіў з цырка, адпрацаваў апошні спектакль, адвёў праграму, пачакаў, калі ўсе пойдуць, наліў шклянку гарэлкі, выпіў, пайшоў на манеж, устаў на калені, пацалаваў падлогу і паехаў дадому. 13 метраў манежа — тая талерка, што давала нам жыць. Сёння мала хто разумее, што артысты цырка — зусім іншыя людзі. Трупа была сям’ёй. Калі распісваў рэпетыцыі, не хапала ўсім часу, працавалі з 7 раніцы і да 5 гадзін вечара. Удзень быў і час, калі прыходзілі ўсе. Тады манеж ажываў: сталыя дапамагалі маладым, спаборнічалі паміж сабой. Калі выпускаліся нумары, то прыходзілі паглядзець нават білецёры, трымалі кулачкі, каб усё атрымалася. Існавала правіла, што нельга сядаць на бар’ер спінай да манежа. У працоўных касцюмах таксама сядзець нельга. І вучылі гэтаму вельмі жорстка!

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота Кастуся Дробава

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.