Вы тут

Выступленне Уладзіміра Андрэйчанкі на закрыцці 6-й сесіі Савета Рэспублікі


Выступленне старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанкі на закрыцці шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання


Паважаныя дэпутаты і запрошаныя!

Шостая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання завяршае сваю работу.

Яе парадак быў сфарміраваны з улікам задач па выкананні пяцігадовай Праграмы развіцця краіны і ўстановак кіраўніка дзяржавы, адрасаваных дэпутацкаму корпусу ў яго Пасланні беларускаму народу і парламенту.

Падчас сесіі намі разгледжана 90 дакументаў. Асноўная ўвага была ўдзелена рэалізацыі новых падыходаў да кіравання эканомікай, развіццю дзелавой ініцыятывы, лібералізацыі гаспадарчай дзейнасці, выкарыстанню прававых інструментаў еўразійскай інтэграцыі ў інтарэсах нацыянальнай эканомікі.

У рамках сваіх кантрольных паўнамоцтваў дэпутаты зацвердзілі справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту і бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва за 2018 год. Вынікі праведзенага аналізу трэба ўлічыць падчас падрыхтоўкі бюджэтных законапраектаў на чарговы фінансавы год.

Даволі сур'ёзны пакет разгледжаных на сесіі дакументаў накіраваны на павышэнне якасці жыцця нашых грамадзян. У прыватнасці, прынята новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса, унесены запатрабаваныя папраўкі ў працоўнае заканадаўства, законы па пытаннях аховы здароўя, прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя.

Працягвалася сістэмная работа па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі, законнасці і правапарадку. Асноўны акцэнт тут быў зроблены на ўзмацненні барацьбы з экстрэмізмам і распаўсюджваннем нацысцкай ідэалогіі. Таксама сталі больш жорсткімі меры супраць выкарыстання допінгу ў спорце.

Адначасова быў ажыццёўлены і шэраг паслядоўных крокаў, накіраваных на гуманізацыю крымінальнага заканадаўства. Перш за ўсё трэба адзначыць завяршэнне работы над праектам закона, асобныя нормы якога мелі шырокі грамадскі рэзананс. Гаворка ідзе пра зніжэнне ніжніх межаў пакарання за незаконны абарот наркатычных сродкаў.

Хачу падкрэсліць: пазіцыя дзяржавы ў адносінах да гандляроў наркотыкамі не змянілася. Мы і надалей будзем прымаць супраць іх самыя жорсткія меры.

Пэўнае змякчэнне крымінальнага закона не з'яўляецца паслабленнем для наркадылераў і сеткавых збытчыкаў гэтага смяротнага тавару. Разам з тым суддзі пры вызначэнні пакарання змогуць у поўнай меры ўлічыць асобу вінаватага, яго ўзрост, ступень грамадскай небяспекі ўчынку і ўсе абставіны яго здзяйснення.

Яшчэ адным важным актам гуманізму з боку дзяржавы стала прыняцце закона аб амністыі, закліканага даць грамадзянам, якія спатыкнуліся, магчымасць пачаць новае жыццё і інтэгравацца ў грамадства.

Паважаныя дэпутаты!

Звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, Прэзідэнт паставіў задачу правесці парламенцкія выбары восенню гэтага года. Таму мы павінны сур'ёзна скарэктаваць свае планы і паскорыць заканатворчы працэс, каб дастойна завяршыць скліканне.

Аб'ём будучай работы дастаткова вялікі. Мяркуйце самі — толькі за гэту сесію мы прынялі 30 законапраектаў у першым чытанні. Іх усе трэба якасна дапрацаваць і аператыўна прыняць. Акрамя таго, да нас пастаянна паступаюць новыя дакументы.

Зразумела, асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць бюджэту, паколькі яго разгляд па існуючай традыцыі — гэта абавязак адыходзячага склікання. Пры гэтым трэба памятаць, што 2020 год завяршае пяцігодку. І ад таго, наколькі збалансаваным і рэалістычным будзе галоўны фінансавы дакумент, у многім залежыць паспяховае выкананне планаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Так што заключная сесія Палаты прадстаўнікоў будзе вельмі насычаная. Тым больш што часу ў нас будзе менш, чым звычайна. Але гэта ніяк не павінна адбіцца на якасці законапраектаў і тэрмінах іх разгляду. Карацей, у найбліжэйшыя месяцы мы будзем працаваць у звыклым напружаным рытме.

Тое ж самае можна сказаць і ў дачыненні да нашай міжнароднай праграмы. Тут, дарэчы, мы напрацавалі дастаткова добрую аснову для нарошчвання двухбаковых сувязяў. Гэтаму садзейнічалі афіцыйныя візіты ў Беларусь старшыні Нацыянальнага савета Славацкай Рэспублікі, парламенцкіх дэлегацый Кітая і Таджыкістана.

Вельмі змястоўна і канструктыўна прайшла наша сустрэча з Прэзідэнтам Егіпта. Яна пацвердзіла ўзаемнае імкненне развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва як у палітычнай, так і ў эканамічнай сферах.

Паспяховымі былі чарговыя раўнды кансультацый з калегамі з Германіі і Латвіі, прадстаўнікамі міжнародных арганізацый і кіраўнікамі дыпламатычных місій Азербайджана, Арменіі, Канады, Рэспублікі Карэя і Румыніі.

Развіццю гандлёва-эканамічных, адукацыйных і культурных сувязяў з краінамі далёкага замежжа садзейнічаў візіт беларускіх дэпутатаў у Японію.

Зараз вельмі важна наладзіць дакладную работу па рэалізацыі ўсіх дасягнутых дамоўленасцяў і намеціць новыя, больш канкрэтныя, кірункі супрацоўніцтва, якія могуць быць рэалізаваны наступным скліканнем.

Што датычыцца беларуска-расійскіх адносін, то галоўнай падзеяй тут, безумоўна, стала правядзенне ў Мінску 56-й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Яна прайшла пад знакам выпрацоўкі стратэгіі паглыблення інтэграцыі. Разгледзеўшы ход выканання праграмных дакументаў, якія вызначаюць развіццё саюзнага будаўніцтва, парламентарыі прынялі рашэнне ўзмацніць кантроль за іх рэалізацыяй.

Актыўны ўдзел беларускія дэпутаты ўзялі і ў абмеркаванні актуальных пытанняў шматбаковага парадку. Асноўны дыялог быў разгорнуты на пляцоўках Парламенцкай асамблеі АДКБ, Міжпарламенцкай асамблеі СНД і Парламенцкай асамблеі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва.

Атрымалі сваё развіццё кантакты з нашымі еўрапейскімі калегамі. У гэтым плане трэба адзначыць удзел беларускіх парламентарыяў у пасяджэнні Камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі; мерапрыемстве, арганізаваным Паўночным саветам у парламенце Швецыі; сустрэчы спікераў парламентаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама ў парламенцкім форуме па пытаннях разведкі і бяспекі.

У ліку найбольш важных мерапрыемстваў, праведзеных у Мінску, безумоўна, варта назваць міжнародную канферэнцыю Групы падтрымкі Шаўковага шляху ПА АБСЕ. Члены Групы па заслугах ацанілі інвестыцыйны, лагістычны, турыстычны патэнцыял нашай краіны і выказалі зацікаўленасць у развіцці прамых дзелавых кантактаў.

Падчас форуму старшыня ПА АБСЕ і кіраўнікі нацыянальных дэлегацый пацвердзілі высокую ацэнку ініцыятывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Хельсінкі-2» і пазітыўна адазваліся аб той ролі, якую адыгрывае беларуская парламенцкая дэлегацыя ў ПА АБСЕ па яе прасоўванні.

Наперадзе ў нас не менш насычаная міжнародная праграма. Ужо ў найбліжэйшы час беларускія парламентарыі накіруюцца ў Люксембург для ўдзелу ў 28-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Традыцыйна на яе разгляд будзе ўнесены праект беларускай рэзалюцыі, прысвечанай гэтым разам умацаванню супрацоўніцтва ў галіне тэхналагічнага прагназавання. Хочацца пажадаць нашай дэлегацыі плённай працы і поспехаў у прасоўванні гэтага праекта для ўключэння ў выніковую дэкларацыю.

У ліку іншых буйных міжнародных мерапрыемстваў варта назваць 28-ю сесію Парламенцкай канферэнцыі Балтыйскага мора, якая адбудзецца ў Нарвегіі, чацвёртую нараду спікераў парламентаў краін Еўразіі (яна пройдзе ў Казахстане), 40-ю Генеральную асамблею Міжпарламенцкай асамблеі АСЕАН у Тайландзе і 141-ю Асамблею Міжпарламенцкага саюза ў Сербіі.

Наш удзел у гэтых мерапрыемствах неабходна выкарыстоўваць для ўмацавання суверэнітэту і актыўнага прасоўвання на міжнароднай арэне беларускіх ініцыятыў, накіраваных на ўдасканаленне архітэктуры міжнароднай бяспекі, супрацоўніцтва і даверу.

Паважаныя калегі!

Нягледзячы на шырокую праграму міжпарламенцкага супрацоўніцтва і аб'ёмы заканадаўчых задач, якія нам трэба будзе вырашаць у найбліжэйшыя месяцы, нам нельга зніжаць актыўнасць у выбарчых акругах.

Захаванне грамадзянскага міру і грамадскай згоды, адкрыты і сумленны дыялог з усімі, хто гатовы працаваць на карысць Беларусі, — першарадная задача дэпутацкага корпуса. Менавіта пра гэта гаварыў кіраўнік дзяржавы ў сваім Пасланні.

Трэба больш актыўна падтрымліваць грамадскія ініцыятывы, уцягваць структуры грамадзянскай супольнасці ў выпрацоўку найбольш значных пытанняў як мясцовага, так і рэспубліканскага значэння. Творчы патэнцыял нашых грамадзян — гэта найважнейшы рэсурс рэалізацыі дзяржаўнага курсу на павышэнне якасці жыцця і дабрабыту насельніцтва.

Толькі аб'яднаўшыся, кансалідуючы свае намаганні, мы зможам забяспечыць мірнае і ўстойлівае развіццё моцнай, незалежнай Беларусі.

Загаловак у газеце: Фактары ўстойлівага росту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».