«Немцаў б'ём, гонім, ловім як зайцоў...» Так у ліпені 1944 года пісаў сваім родным пра падзеі ў Беларусі Канстанцін Канстанцінавіч Ракасоўскі. Ліст маршала Савецкага Саюза можна пабачыць у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут працуе часовая экспазіцыя «Подзвіг у імя вызвалення», прысвечаная 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На выстаўцы прадстаўлена каля 80 арыгінальных прадметаў з фондаў музея і больш за 250 дакументальных матэрыялаў. І ўсе яны распавядаюць пра адно з самых маштабных наступленняў Чырвонай Арміі — аперацыю «Баграціён», якая распачалася 23 чэрвеня 1944 года. Тут вы зможаце ўбачыць штандары ўсіх чатырох франтоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі, і партрэты іх камандуючых, прадметы, звязаныя з палкаводцамі. Напрыклад, на адной з вітрын размешчаны партрэт камандуючага Трэцім Беларускім фронтам Івана Данілавіча Чарняхоўскага, зроблены франтавым мастаком, а таксама сальнічка з вясковай хаты, у якой спыняўся знакаміты палкаводзец падчас правядзення аперацыі «Баграціён». Музейныя супрацоўнікі вам пакажуць фуражку, корцік, папку генерала Баграмяна, які камандаваў Першым Прыбалтыйскім фронтам, што актыўна супрацоўнічаў з Першым Беларускім фронтам.
Вы даведаецеся, які камбінезон насіў камандуючы Другім Беларускім фронтам Георгій Фёдаравіч Захараў у перыяд вызвалення Беларусі, і як выглядала першая парадная форма. Дарэчы, узораў параднай формы, уведзенай у 1943 годзе, захавалася вельмі мала — у 1945-м яна была заменена. Але ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца парадны кіцель Барыса Сяргеевіча Бахарава — камандуючага Дзявятым Бабруйскім танкавым корпусам. Генерал загінуў пад Брэстам, але пахаваны ў Бабруйску па просьбе жыхароў гэтага горада. Справа ў тым, што да вайны Барыс Бахараў тут служыў, вельмі любіў гэты горад, тут праявіў сябе яго корпус. На магіле Бахарава быў пастаўлены танк Т-34.
Экспазіцыя знаёміць з подзвігам і простых воінаў і партызанаў, якія зрабілі нямала для вызвалення Беларусі. Так, у Сенніцкім раёне да апошняга змагаўся і трагічна загінуў баявы разлік «Кацюшы», камандзірам якога быў Ц. Святлічны. У Полацку ёсць помнік 23 гвардзейцам, 22 з якіх загінулі 3 ліпеня 1944 года — у баях за мост цераз Дзвіну. На выстаўцы таксама можна пабачыць зброю, знойдзеную на раскопках на месцы мінскага «катла».
Падчас аперацыі «Баграціён» рэгулярныя войскі актыўна ўзаемадзейнічалі з партызанамі. На франтах ствараліся аператыўныя групы, якія каардынавалі іх дзеянні, забяспечвалі зброяй і боепрыпасамі, распрацоўвалі баявыя заданні для партызанскіх брыгад, атрымлівалі ад іх разведданыя. Дакументы, дакладныя запіскі, фатаграфіі сведчаць, што партызаны дастаўлялі ворагу многа праблем: пускалі пад адхон цягнікі, расстрэльвалі машыны з нямецкімі салдатамі, захоплівалі і ўтрымлівалі пераправы, плацдармы, апорныя пункты, захоплівалі населеныя пункты. Так, Мінскае партызанскае злучэнне вызваляла Старобін, Чырвоную Слабаду, Капыль, Узду, Рудзенск. На выстаўцы можна ўбачыць фуражку, скураное паліто камандзіра гэтага злучэння Іосіфа Аляксандравіча Бельскага, а таксама яго аўтамат, які быў зроблены ў адзіным экзэмпляры партызанскім зброевым майстрам.
У музеі можна пабачыць багата фатаграфій і дакументаў, якія расказваюць пра баявую дзейнасць партызанаў, а таксама здымкі ваенных карэспандэнтаў з партызанскага парада, які прайшоў у Мінску 16 ліпеня 1944 года.
Для нас вайна яшчэ не скончылася...
На адкрыццё экспазіцыі «Подзвіг у імя вызвалення» завіталі і непасрэдныя ўдзельнікі тых падзей 1944 года.
— Памятаю, як у канцы чэрвеня ехаў з Дзяржынска і раптам страсянулася зямля, стаяў суцэльны гул. Радыст сказаў: «Пачалося..». Гэта была артпадрыхтоўка ў раёне Бабруйска. Пачатак аперацыі «Баграціён» — успамінае ветэран Генадзь Юшкевіч.
Юнаком, пасля гібелі маці, ён падаўся ў партызаны, быў сувязным спецыяльнай разведвальнай групы «Чайка». Ён успамінае, як пасля вызвалення Мінска наведаў вуліцу, на якой раней жыў. Горад ляжаў у руінах, стаяў трупны пах, усё дымілася, а на платах былі надпісы дзе крэйдай, дзе вугалем — гараджане пакідалі запіскі родным, дзе іх зараз шукаць. Тут Генадзь Уладзіміравіч сустрэў сваю сястру, якая таксама вярталася з партызанаў. «Дома няма, маці няма. Але, вайна, напэўна, для нас скончылася», — сказаў тады ёй юнак. Але дзяўчына адказала: «Не, брацік, яшчэ Гітлер жывы, яшчэ кроў ліецца, яшчэ вайна не скончылася».
А праз дваццаць дзён Генадзь аказаўся ва Усходняй Прусіі. Для падрыхтоўкі і правядзення Усходне-Прускай аперацыі ў той час на занятую ворагам тэрыторыю было закінута больш за дзве з паловай тысячы разведчыкаў у складзе розных фарміраванняў, 90 працэнтаў з іх не вярнуліся.
Баі ішлі за кожны дом
Сваімі ўспамінамі падзялілася і Лідзія Волкава, якая на прайшла ўсю вайну, будучы медсястрой. Нарадзілася яна ў Мікалаеўскай вобласці Украіны. Але пакручасты лёс закінуў Лідзію Кандрацьеўну ў Беларусь.
-- У 1940-м годзе я скончыла двухгадовую школу медыцынскіх сёстраў, куды паступіла пасля сямігодкі. Сто чалавек, сярод якіх была і я, былі накіраваны на працу ў Заходнюю Украіну. Сама я родам з Мікалаеўскай вобласці Украіны. Трапіла на працу ў мястэчка Мікулічын -- Ярамчанскі раён Станіславаўскай вобласці. Да мяжы было не больш за два дзясяткі кіламетраў. І адразу мяне накіравалі ў інфекцыйнае аддзяленне, паколькі ў рэгіёне бушаваў тыф. У мяне была мара працягнуць вучобу. У школе медсёстраў я вучылася добра. Мне паабяцалі даць накіраванне ў Адэскі медінстытут, але для гэтага трэба было год папрацаваць медсястрой. І вось надышло 22 чэрвеня 1941 года. Была нядзеля. Мы, дзве дзяўчынкі, ідзем на працу, а насустрач нам бяжыць мясцовы жыхар і крычыць: “Дзяўчаты! Вайна пачалася! Гітлер на нас напаў!”
На начным дзяжурстве мне пазванілі з ваенкамата. Раніцай 23-га чэрвеня трэба было прыбыць у Ярэмчу і мець пры сабе спіс рэчаў. Брыгадным цягніком нас накіравалі ў горад Станіславаў, дзе пачалі фарміравацца медыцынскія часці. І я трапіла ў адну з іх, у хірургічны атрад №72. Гэта было мабільнае фармаванне неадкладнай дапамогі. Чатыры машыны былі ў нас – тры грузавыя і санітарны аўтобус. Яны везлі рознае абсталяванне, ў тым ліку складны аперацыйны стол. Мы маглі не толькі першую дапамогу аказаць, але і любую аперацыю зрабіць. Урачы былі кваліфікаваныя клініцысты – з Вініцы, з Курска…
Але ніхто не мог тады падумаць, ува што ўсё гэта выльецца. Спачатку была нават нейкая гордасць. Мужчын у маім узросце не прызывалі – у кастрычніку 1941 мне павінна было споўніцца 17… У ноч на 24 чэрвеня пагрузілі нас у таварны вагон, і мы кудысьці паехалі. Куды – ніхто не ведае. Праз некаторы час нам абвясцілі, што мы прыехалі ў Вініцкую вобласць. Там мы пачалі прымаць першых раненых. Дзень і ноч – бамбёжкі, абстрэлы, адступаючыя салдаты і бясконцая плынь параненых…
Медыцынская часць, у якой служыла Лідзія Кандрацьеўна, адступала пад націскам немцаў да Сталінграда.
-- Баі ішлі за кожны дом. Шмат было раненых, абмарожаных. У мяне пазногці адпадалі. Маразы стаялі жудасныя... А пасля Сталінграда нас павезлі на палявы аэрадром. Пасадзілі ў самалёт Лі-2 і.. прызямліліся мы ў Курску, які толькі што адбілі ў немцаў у лютым 1943 года. А праз колькі часу пачалася знакамітая Курская бітва. У вёсцы Прохараўка я аказвала дапамогу танкістам. Раненні ў іх былі агнястрэльныя, але ў асноўным – найцяжэйшыя апёкі. Немцы білі па нашых танках, цэлячыся ў гусеніцы і бакі з палівам…
Разам з Чырвонай Арміяй Лідізя Кандрацьеўна прайшла па поўдні Беларусі. Узгадвала, як абдымаліся і плакалі у вызваленым Брэсце. А перамогу яна сустрэла ў Берліне. Разам з саслужыўцамі яна сфатаграфавалася на фоне рэйхстага. Было гэта раніцай 9 мая 1945 года. І недзе праз гадзіну ім аб’явілі, што вайна скончылася…
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Валяр’ян ШКЛЕННІК
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.