Вы тут

Знакавыя сюжэты ўпрыгожаць сцены будынкаў Гродзенскай вобласці


У рэгіёне распачаўся цікавы праект, які будзе спрыяць турыстычнай прывабнасці населеных пунктаў Гродзеншчыны. На фасадах многіх будынкаў з'явяцца сюжэты знакавых гістарычных падзей, самабытных народных традыцый, а таксама партрэты вядомых асоб. За два гады плануецца ўзнавіць больш за 30 гравюр і малюнкаў.


Цюнт па шырыні фасада

Першай ластаўкай новага праекта стала ўнікальная гравюра Адэльгаўзера-Цюнта 1560-х гадоў «Сапраўднае апісанне горада Гродна ў Літве». Яна нядаўна з'явілася на фасадзе гродзенскай гімназіі № 10. Трохпавярховы будынак знаходзіцца ў ажыўленым месцы горада, насупраць парка імя Жылібера. Малюнак размешчаны на вышыні ў паўтара паверха і добра бачны здалёк.

Выбар невыпадковы, бо гравюра Цюнта — самая старажытная выява Гродна і ўвогуле адна з першых выяў беларускіх гарадоў. Упершыню медную гравюру нямецкі мастак стварыў у 1568 годзе ў Нюрнбергу па малюнку Ёхана Адэльгаўзера. Карціна ўяўляе сабой падрабязную панараму цэнтра старажытнага Гродна.

У Беларусі арыгінала гэтай гравюры няма. Праўда, 11 гадоў таму гродзенскія ўлады паспрабавалі набыць рарытэт на аўкцыёне ў Варшаве, але кошт падчас таргоў падскочыў больш чым у два разы ад першапачатковай лічбы. І ў прадстаўнікоў Гродзенскага гісторыка-архелагічнага музея не хапіла грошай. Гравюру набылі музейшчыкі Польшчы.

Між тым у Гродне захоўваецца некалькі экзэмпляраў гравюры з кнігі Браўна і Хагенберга «Атлас гарадоў зямнога свету», якая выдавалася ў Сярэднявеччы. Таксама ў музеі ёсць лічбавая выява гравюры Цюнта. У арыгінале памеры рарытэта складаюць 0,7 х 1,30 метра. Супрацоўнікі музея павялічылі яе і раздрукавалі на банеры 1,5 х 4 метры. З такім павялічэннем на ёй можна разглядзець усе дэталі.

— Гравюра асабліва каштоўная тым, што ў ХVІ стагоддзі іх былі адзінкі, — заўважыў загадчык аддзела гісторыі края Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Яўген МАХНАЧ. — Сюжэт яе такі: у Гродна прыбылі маскоўскія паслы, якіх сустракае канцлер Вялікага Княства Літоўскага Іван Валовіч. Гэта падзея адбылася ў 1567 годзе падчас Лівонскай вайны. Абодва бакі імкнуцца дагаварыцца. Але мастак тут не зусім праўдзівы, бо на гравюры размясціліся і іншыя дэлегацыі — турэцкіх, татарскіх і валашскіх паслоў. Яны хоць і былі ў Гродне, але не ў адзін прыезд з маскоўскім пасольствам.

Праўда, у кніжным варыянце іншых паслоў, акрамя маскоўскіх, ужо няма. Для фасаднага малюнка быў выбраны менавіта гэты, спрошчаны кніжны варыянт.

— Гравюра падрабязна паказвае старажытны горад. Можна пазнаць Фару Вітаўта, гарадскую ратушу. На месцы Новага замка стаяў так званы каралеўскі дом, дзе спыняліся каралі і княжацкія асобы. Можна разглядзець нават гарадскую шыбеніцу, — адзначае Яўген Махнач. — Ёсць на гравюры і Каложа, якой у той час было ўжо 400 гадоў. Дарэчы, гэта яе першая выява, якая дайшла да нашых часоў.

Гродзенскі гісторык звяртае ўвагу на людзей: коннікаў, купцоў і наогул простых гараджан. Яны займаюць значнае месца на гравюры. Асабліва шматлікая пасольская дэлегацыя, якую сустракае атрад мясцовых ахоўнікаў горада. На другім беразе Нёмана жанчына мые бялізну, скурнікі чысцяць у вадзе сваю сыравіну, цераз мост ідуць купцы, якія нясуць каштоўны тавар — слановыя біўні.

Цікава, што падобную панараму горада літаральна праз некалькі дзесяцігоддзяў у 1600 годзе адлюстраваў на сваёй гравюры Томаш Макоўскі. На ёй бачна, як за такі кароткі час змяніўся горад. Напрыклад, Стары замак набыў рысы сапраўднага каралеўскага палаца Стафана Баторыя. Менавіта ў такім стылі зараз ідзе яго рэканструкцыя.

Плануецца, што ў Гродне на фасадах будзе некалькі старажытных выяў. Праўда, якіх менавіта, у гарадскім аддзеле культуры не змаглі адказаць. Што датычыцца выявы па Цюнту, яна выканана ў двух колерах — карычневым і малочна-белым. Мастакі карысталіся аэразольнай фарбай для графіці, якая лічыцца даўгавечнай.

Вербы і млын Гродзенскага раёна

Маштабны праект закране ўсе раёны Гродзеншчыны. Напрыклад, Гродзенскі раён звернецца да тэмы гісторыка-культурнай спадчыны. Так, у гарадскім пасёлку Сапоцкін на фасадзе з'явяцца знакамітыя велікодныя вербы і сапоцкінскія пісанкі. Традыцыя роспісу велікодных яек уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Традыцыя гэта захавалася, і ў мясцовым Цэнтры культуры нават праводзяць майстар-класы па роспісе, які выконваецца спецыяльнай палачкай з цвіком на канцы. Узор наносіцца воскам на чорна-карычневыя яйкі — такі колер атрымліваецца, калі настаяць кару дуба, вольхі, альховых шышак і... іржавых цвікоў. Пальмы ці вербы таксама самабытныя, складаюцца з розных жытнёвых каласкоў і сухавеек, якія фарбуюцца ў яркі колер.

— Мы вызначыліся з месцам, гэта будзе жылы дом каля Цэнтра культуры, ён стаіць непадалёку ад дарогі і добра бачны ўсім, хто праязджае праз Сапоцкін. Гаспадыня дома пагадзілася на такі праект, і фасад хутка распішуць, — расказала дырэктар Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Аксана ГРЫНЦЭВІЧ. — У рабоце будуць задзейнічаны майстры аддзела этнаграфіі.

Гэта стане яшчэ адным цікавым штрыхом гарадскога пасёлка, які, дарэчы, уключаны ў дзяржаўны спіс «Гарадскі пасёлак будучыні». Асабліва хутка пасёлак развіваецца ў турыстычным кірунку, бо цераз яго пралягае траса на Аўгустоўскі канал.

Сапоцкін — не адзіны населены пункт раёна, дзе будзе ўпрыгожаны фасад. Жывапісны млын з'явіцца ў Адэльску. І невыпадкова, бо аграгарадок здаўна быў вядомы сваімі ветракамі, цяпер тут штогод праводзіцца брэндавае свята млынароў.

Аненскі кірмаш і павадыр з мядзведзямі

Кожны раён увасобіць сваё самае адметнае і тое, што ўжо страчана. У гэтым дапамогуць гравюры і малюнкі Напалеона Орды, які пакінуў шмат эскізаў населеных пунктаў з гістарычнымі палацамі і сядзібамі. Некаторыя з іх будуць перанесены на фасады будынкаў. Так, у Вялікай Бераставіцы на будынку ў цэнтры горада з'явіцца велічны замак Касакоўскіх, якія валодалі гэтай мясцовасцю да пачатку ХХ стагоддзя. Некалі палацавы комплекс вядомага роду месціўся на беразе рэчкі, але не дайшоў да нашага часу. Яго воблік застаўся на гравюры Напалеона Орды і хутка будзе перанесены ў гарадское асяроддзе. Копіі гравюр знакамітага літаратара і мастака з'явяцца на фасадах у Малой Бераставіцы і ў Дзятлаве.

У Ваўкавыску фасад адлюструе сюжэт ваўкавыскага боя 1812 года. Яшчэ адзін малюнак перанясе нас з сучаснасці ў часы вялікага князя Вітаўта, калі ён аглядаў Ваўкавыскую воінскую харугву.

У Зэльве будзе ўвекавечана кампазіцыя на тэму знакамітага Аненскага кірмаша, гісторыя якога пачалася ў 1501 годзе. У Шчучыне жыхары і госці горада змогуць убачыць партрэты вядомых асветнікаў — Ігната Дамейкі і Станіслава Юндзіла. У Ашмянах на фасадах з'явяцца выявы мясцовых старастаў, якія кіравалі горадам тры стагоддзі. Будуць распісаны будынкі на цэнтральнай Савецкай вуліцы.

Самым маляўнічым паўстане горад Смаргонь. Тут падрыхтавана ажно чатыры праекты па роспісе фасадаў. Усе яны звязаны з гісторыяй горада і абяцаюць выклікаць інтарэс. Такім чынам з'явіцца гравюра павадыра з дрэсіраванымі мядзведзямі, панарама Крэўскага замка, сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага і выява старой рыначнай плошчы.

У некаторых раёнах вырашылі адлюстраваць свае сімвалы. Напрыклад, птушку Заранку — у Мастоўскім раёне, «голуб міру» — у Астраўцы. У Воранаве сцены архітэктурных аб'ектаў стануць палатном для беларускіх арнаментаў. У Слоніме па вуліцы Чырвонаармейскай фасад упрыгожыць маляўнічы сюжэт да Дня беларускага пісьменства. Горад сёлета прымае традыцыйнае свята, якое літаральна пераўтварае яго воблік.

Па задумцы арганізатараў, праект па роспісе фасадаў будзе садзейнічаць турыстычнай прывабнасці Гродзеншчыны і можа стаць дадатковым элементам турыстычных маршрутаў і краязнаўчых праграм. Некаторыя фрагменты з'явяцца ўжо сёлета, да 75-годдзя Гродзенскай вобласці.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Спадчына на фасадах

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.