Вы тут

Ці адпавядае гарадская інфраструктура Гродна патрэбам інвалідаў-калясачнікаў?


І не таму, што гэту дапамогу не атрымаюць. Наадварот. Многія імкнуцца дапамагчы ў такіх сітуацыях. Але самі інваліды лічаць, што такую магчымасць павінна забяспечваць дзяржава. Нездарма Беларусь у 2016 годзе ратыфікавала Канвенцыю па правах інвалідаў, якая гарантуе роўныя правы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Як такую ўстаноўку вырашаюць дэпутаты і мясцовыя ўлады Гродна?


Каб адправіцца ў паездку...

Алена Бельская любіць куды-небудзь паехаць, хоць і перасоўваецца на інваліднай калясцы. Часам вандроўкі пакідаюць не самае лепшае ўражанне, асабліва гэта датычыцца дальніх паездак. Таму усё, што палягчае такія вандроўкі, Алена сустракае радасна. А нядаўна яна даведалася пра новую магчымасць, якую даюць гродзенскія чыгуначнікі. Аказваецца, трапіць у вагон можна на спецыяльным пад'ёмніку. Ды і вагон таксама спецыяльны — у купэ ўсё прадугледжана для камфортнай паездкі чалавека з інваліднасцю.

Пакуль Алена не мела магчымасці праехаць у такім вагоне, але змагла ацаніць зручнасць пад'ему ў яго. І такіх спецыяльных вагонаў на станцыі «Гродна» амаль 30. Адзін з іх у цягніку, які ідзе ў Маскву.

— Людзям у інвалідных калясках дапамогуць з пад'ёмнікам работнікі вакзала альбо брыгада цягніка, а інфармацыя пра паездку перадаецца як на станцыю адпраўлення, так і ў пункт прыбыцця незалежна ад таго, у Беларусі гэты населены пункт альбо за мяжой, — патлумачыла начальнік вакзала Валянціна Мікуцкая.

Праўда, ёсць даволі важны нюанс. Для арганізацыі паездкі неабходна зрабіць заяўку не менш чым за пяць сутак да рэйса. У іншым выпадку цяжка гарантавана трапіць у такое спецыяльнае купэ. А попыт ёсць: людзі ў інвалідных калясках ездзяць на спаборніцтвы, розныя мерапрыемствы, сустрэчы. Напрыклад, цяпер ім намнога зручней дабрацца да Мінска. У цягніку ёсць адмысловыя месцы для інвалідаў, таму не абавязкова заказваць спецыяльнае купэ, і час адпраўлення зранку з Гродна даволі зручны.

На самім вакзале, паведаміла Валянціна Мікуцкая, безбар'ернае асяроддзе забяспечваюць дзевяць пунктаў. Для выкліку супрацоўніка вакзала можна скарыстацца спецыяльным радыёпультам. Перад уваходам у вакзал ёсць ліфт.

У паліклініку і на боўлінг

Паліклінікі і аптэкі людзі ў інвалідных крэслах наведваюць часцей за ўсё. «Безбар'ерна» дабрацца да ўрача робіцца больш зручна. Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама, члена Савета Рэспублікі Алены Кратковай, работа ідзе над тым, каб усе медыцынскія ўстановы вобласці былі абсталяваны пандусамі, ліфтамі, спецыяльнымі санітарнымі вузламі. Гэтыя пытанні абавязкова ўлічваюцца пры рэканструкцыі і мадэрнізацыі бальніц і паліклінік.

З такім падыходам працуюць многія ўстановы культуры. Узорным у гэтым плане можна лічыць культурна-забаўляльны комплекс «Галактыка».

— Пакуль яшчэ рэдкасць, калі прыходзіць сам інвалід, — падкрэсліў начальнік аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама Дзмітрый Вільчык. — У асноўным мы працуем з групамі. Трапіць у культурны цэнтр для чалавека ў інваліднай калясцы нескладана. Уваход абсталяваны пандусам, працуе ліфт, у боўлінгу ёсць спецыяльная дарожка з борцікамі. Пры неабходнасці, напрыклад, загрузкі ў аўтамабіль карыстаемся тэлескапічнымі пандусамі.

Юлія, якая працуе ў цэнтры сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў, расказала, што яна са сваёй падапечнай была ў цэнтры некалькі разоў. Галоўнае, каб было жаданне адкрываць нешта новае, тады і перашкод будзе менш, лічыць яна. Хоць даводзіцца браць у разлік кошт забаў — далёка не кожнаму інваліду такія траты па кішэні.

З дапамогай дэпутата і камунальнікаў

Такі праект сёлета рэалізаваны ў гістарычным цэнтры горада. У кватэры, дзе жыве сям'я інвалідаў-калясачнікаў, па хадайніцтве дэпутата гарсавета ўстаноўлены пад'ёмнік. Гаспадар кватэры Васіль Галась неаднаразова звяртаўся ў розныя інстанцыі, пакуль за справу не ўзяўся дэпутат Сяргей Каляда. Яму ўдалося падключыць камунальныя службы, і справа зрушылася з месца.

Пад'ёмную платформу ўсталявалі з выхадам на балкон, бо сям'я пражывае на першым паверсе. І хоць пад'ёмнік нікому не перашкаджае, яго ўстаноўка заняла даволі працяглы час. Амаль год спатрэбіўся на ўзгадненне дакументаў у Міністэрстве архітэктуры і горадабудаўніцтва.

Паралельна вялася работа з жыхарамі пад'езда, якія павінны даць згоду на ўстаноўку аўтаномнага пад'ёмніка і далучэнне яго да агульнай сістэмы энергазабеспячэння. У цэлым магутнасць яго невялікая — 0,55 кілават-гадзін. Па словах намесніка генеральнага дырэктара гарадскога ЖКГ Сяргея Сямашкі, праз вялікую колькасць узгадненняў такія пад'ёмнікі ў старым жылым фондзе паставіць вельмі складана. Перашкаджае і непрыстасаванасць саміх будынкаў. Найбольш даступны варыянт, па яго словах, гэта адкідныя пандусы. Іх устаноўлена пакуль шэсць, яшчэ столькі ж — тэлескапічных. У горадзе пяць аб'ектаў з пад'ёмнымі платформамі.

Сёлетняя праграма па безбар'ерным асяроддзі ў горадзе выканана, паведаміў Сяргей Сямашка, але разглядаецца пытанне аб выдзяленні дадатковых сродкаў яшчэ на 14 аб'ектаў. Усяго ў органы мясцовай улады пададзена 50 заявак па стварэнні безбар'ернага асяроддзя. Больш за ўсё праблем датычыцца менавіта жылой забудовы старой часткі горада. Да таго ж многія прапановы спецыялістаў вельмі доўга ўзгадняюцца ў вышэйшых інстанцыях — гэта робіцца перашкодай у пошуку аптымальнага варыянта.

Нормы нахілу вызначаны

Сучасныя жылыя забудовы ўзводзяцца з улікам новых безбар'ерных нарматываў. Напрыклад, у шматпавярховіку мікрараёна Фолюш пад'ёмнік устаноўлены без усялякіх заявак. Гэта звязана з тым, што патрабаванні да безбар'ернага асяроддзя ў жылым фондзе значна змяніліся. Такая работа пачалася ў 2010 годзе, калі ў праектах сталі прапісвацца нормы па пандусах. Далей — больш. Ужо летась праекты прадугледжвалі пад'ёмную платформу, калі вышыня пандуса перавышае дапушчальную норму ў 0,6 метра. Так, у Гродне сёлета з'явіліся тры шматпавярховікі з пад'ёмнымі платформамі. Па такім прынцыпе цяпер ідзе забудова новага гродзенскага мікрараёна Грандзічы-2.

— Далёка не факт, што хоць у адной з кватэр новабудоўлі будзе жыць чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, — патлумачыла намеснік упраўлення архітэктуры і горадабудавання гарвыканкама Вольга Барэйка. — Але з нядаўняга часу гаворка ідзе пра стварэнне безбар'ернага асяроддзя не толькі для людзей з інваліднасцю, але і ў цэлым для фізічна аслабленых жыхароў. Да гэтай катэгорыі можна аднесці сталых, часова непрацаздольных, цяжарных жанчын. Пад'ёмная платформа будзе зручная таксама для маці з дзіцячымі каляскамі, для малых дзяцей з роварамі.

Нарматыўная база датычыцца і дваровай тэрыторыі. Не павінна быць перападу паміж тратуарам і праезнай часткай каля пад'ездаў. Вызначаны нахіл прыступак і поручняў. Укладваецца тактыльная плітка. Вырашаецца пытанне аб праектаванні некалькіх кватэр для інвалідаў-калясачнікаў.

Новыя нормы безбар'ернага асяроддзя закладзены ў поўным аб'ёме і ў генеральны план Гродна, падрыхтаваны для зацвярджэння кіраўніку дзяржавы, падкрэсліла Вольга Барэйка.

Бесперапыннае асяроддзе? Праблема...

У Гродне вызначаны галоўны кірунак — каб безбар'ернае асяроддзе не перарывалася. Чалавек у інваліднай калясцы павінен ад дзвярэй кватэры да месца прызначэння дабірацца без асаблівых перашкод. Па словах старшыні Гродзенскага аб'яднання інвалідаў-калясачнікаў Сяргея Фешчанкі, для многіх праблемы пачынаюцца ўжо з парога. Адкідныя пандусы, якімі абсталяваны многія пад'езды, устаноўлены пад такім вуглом, як і лесвічны пралёт. А вугал нахілу бывае даволі вялікі, і пераадолець яго самастойна немагчыма.

Яшчэ адна праблема, якую агучыла намеснік старшыні гарвыканкама Зоя Кулеша, датычыцца сацыяльнага таксі. Вядома, добра, што ў горадзе працуе такі запатрабаваны транспарт, які можа падвезці чалавека з абмежаванымі магчымасцямі ў любы пункт горада. Напрыклад, за паўгода выканана 650 заявак ад 130 жыхароў. На гэтыя мэты выдаткавана 17 тысяч рублёў, столькі будзе асвоена ў другім паўгоддзі. Сацыяльнае таксі абсталявана пад'ёмнікам. Вось толькі скарыстацца сацыяльным таксі ўдаецца амаль праз тыдзень з моманту заяўкі. Калі казаць пра даступнасць такой паслугі, ёсць неабходнасць у набыцці яшчэ як мінімум двух аўтамабіляў, падкрэсліла Зоя Кулеша.

Далёка не ўсе паркоўкі абсталяваны месцамі для людзей у інвалідных калясках. Напрыклад, яны адсутнічаюць на стаянцы каля чыгуначнага вакзала. У многіх аб'ектах, у тым ліку паліклініках, бальніцах, не прадугледжаны спецыяльныя санітарна-гігіенічныя вузлы.

— Канешне, сённяшні стан адрозніваецца ад таго, што было яшчэ некалькі гадоў таму, многае зроблена, асабліва ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі, — адзначыў Сяргей Фешчанка. — Безбар'ернае асяроддзе ў горадзе прыкметнае — курсіруе нізкапольны транспарт, ёсць спецыяльныя электронныя табло, тактыльныя разметкі... Хацелася б паскорыць вырашэнне праблемы высокіх бардзюраў, што важна для чалавека ў інваліднай калясцы.

Пры гэтым кіраўнік таварыства інвалідаў заклікае не гнацца за колькасцю, а звярнуць больш увагі на якасць работы. Зрабіць менш, але дасканала.

Па словах Зоі Кулешы, у горадзе 63 % аб'ектаў часткова ці поўнасцю прыстасаваны да безбар'ернага асяроддзя. Многія элементы зроблены пасля звароту грамадзян, і людзі актыўна ўносяць заяўкі ў спецыяльную камісію. Сумесна з ДАІ адсочваюцца правілы паркоўкі. Штогод з гарадскога бюджэту выдзяляецца 50 тысяч рублёў на праграму безбар'ернага асяроддзя. Безумоўна, гэтага недастаткова, таму многія ўстановы самі ствараюць даступнасць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, напрыклад медыцынскія, сацыяльныя, гандлёвыя аб'екты.

Віктар Лісковіч, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў:

— У стварэнні безбар'ернага асяроддзя важна рухацца крок за крокам, не спыняцца ні на хвіліну. Як гэта зрабіць? Трэба браць канкрэтны аб'ект і дабівацца там даступнага асяроддзя. Узорнымі ў гэтым кірунку павінны стаць нашы знакавыя аб'екты, якія будуць здавацца ў хуткім часе, — новая бальніца ў Астраўцы, універсітэцкая клініка і анкалагічны цэнтр. Да прыёмкі аб'екта плануем далучаць непасрэдна тых, хто мае інваліднасць. Наша задача — стварыць роўныя магчымасці ўсім нашым жыхарам, не рабіць ласку, а разумець, што гэта нармальнае жыццё.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.