Вы тут

Адкрылася выстаўка «Душой я вольны чалавек»


Учора ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы пачала працаваць выстаўка «Душой я вольны чалавек», прымеркаваная да 110-годдзя прыезду беларускага паэта ў Санкт-Пецярбург.


«Горад, у якім паэт жыў і вучыўся ў 1909—1913 гадах, адыграў вялікую ролю ў станаўленні яго літаратурнага майстэрства: тут убачылі свет яго першыя зборнікі, адбылася трыумфальная прэм'ера «Паўлінкі» — славутай п'есы, якая і сёння з'яўляецца візітоўкай беларускага тэатра», — нагадваюць супрацоўнікі музея.

Экспазіцыя расказвае пра «купалаўскі Пецярбург» як цэнтр беларускага нацыянальнага адраджэння, у якім паэт знайшоў сяброў і аднадумцаў: прафесара Браніслава Эпімаха-Шыпілу, этнографа Антона Грыневіча, Вацлава Іваноўскага, Алаізу Пашкевіч. Унікальныя архіўныя дакументы асвятляюць дзейнасць першай беларускай легальнай выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта, пецярбургскую пастаноўку «Паўлінкі» ў 1913-м, пазнейшыя візіты паэта ў Ленінград у 1920—1930-х гадах. А карта з «беларускімі адрасамі» дапамагае адшукаць купалаўскія мясціны і ў сучасным Санкт-Пецярбургу. Асобны раздзел выстаўкі знаёміць наведвальнікаў з перакладамі вершаў Янкі Купалы, якія рабілі яго блізкі сябар Апалон Карынфскі, Максім Горкі, Валерый Брусаў, Сяргей Гарадзецкі, а таксама з купалаўскім перакладам паэмы Пушкіна «Медны коннік», які даследчыкі называюць адным з самых значных у творчай спадчыне песняра. Акрамя дакументаў, у экспазіцыі прадстаўлены работы айчынных мастакоў: жывапісцаў і графікаў Уладзіміра Сулкоўскага, Янкі Раманоўскага, Віктара Александровіча, скульптараў Валяр'яна Янушкевіча і Паўла Лука.

Выстаўка «Душой я вольны чалавек» будзе працаваць у музеі да 5 снежня.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.