Статыстыка — рэч не толькі ўпартая, але часам і бязлітасная. Згодна з ёй, кожная другая сям'я ў Беларусі распадаецца, а летась колькасць разводаў павялічылася ажно на 10 працэнтаў. У цэлым па краіне на 60 714 шлюбаў прыпала 33 152 разводы. У 2018 годзе ў краіне на 1000 шлюбаў зарэгістравана 546 разводаў, а ў 2017-м з 1000 шлюбаў распалася 483. Як так здараецца, што вялікая колькасць мужчын і жанчын гатовы разбурыць свае сем'і? Адказ на гэтае пытанне наш карэспандэнт шукала ў Мінскім гарадскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей з дапамогай псіхолага Наталлі САСУНКЕВІЧ, якая працуе з сужэнцамі ў крызісным стане.
— Галоўнай прычынай разводаў многіх партнёраў можна лічыць іх розныя сістэмы каштоўнасцяў, рознае светаадчуванне і светапогляд. Маладыя людзі пачынаюць сустракацца, не звяртаючы ўвагі на гэтыя моманты. У іх усё на эмоцыях! Яны кахаюць адно аднаго і хочуць быць разам. На самай справе шлюб — гэта вялікая праца і адказнасць. Уменне жыць у пары — майстэрства, якому трэба вучыцца з самага дзяцінства.
— Як гэтаму навучыцца і дзе?
— Кожны чалавек мае навык узаемадзеяння з іншымі людзьмі. Калі жанчына ўмее размаўляць з мужчынам, а мужчына з жанчынай, і пры гэтым кожны прыслухваецца і да сябе, і да іншага, то такія пары змогуць пазбегнуць разводу. У такіх выпадках партнёры бачаць сістэму каштоўнасцяў адно аднаго і, калі адчуваюць, што яны, напрыклад, розныя, то яшчэ да шлюбу будуць думаць, што з гэтым рабіць.
Любы чалавек вучыцца адносінам у сваёй сям'і. Дзеці з маленства бачаць, напрыклад, што дома прынята гаварыць пра свае патрэбы і з разуменнем ставіцца да патрэб іншых дамачадцаў, усведамляюць, што ў адной сям'і сабраны людзі з рознымі густамі і жаданнямі, але пачуццё любові і павагі пры гэтым не губляецца.
— Вы цяпер кажаце пра мадэль сям'і здаровай. Але калі б сем'і былі такімі ў мінулым пакаленні, мы б не бачылі такой статыстыкі сёння...
— На жаль, так склалася, што дзяцей часцей за ўсё выхоўвае адна маці. Таму, канешне, малым цяжка навучыцца здаровым зносінам паміж мужчынам і жанчынай. Але сёння на дапамогу прыходзяць псіхолагі, якія могуць навучыць чалавека прыслухоўвацца да сваіх патрэб і чуць іншых.
— Ну вось маладыя людзі ўсё абдумалі, светапогляды параўналі... Здаецца, усё добра. Пабраліся шлюбам, і цяпер ім не пагражае развод?
— Не, ёсць і іншыя прычыны расстання — крызісы. Няўменне перажываць гэтыя выпрабаванні, адсутнасць унутраных рэсурсаў і інфармацыі прыводзяць да распаду сям'і. Першы год у шлюбе — крызіс, нараджэнне дзіцяці, не важна якога: першага, другога, трэцяга — крызіс, жанчына выйшла на работу з дэкрэтнага водпуску — крызіс, малы пайшоў у школу — крызіс... Увогуле іх мноства. Галоўнае, не пасаваць перад імі, адаптавацца і дапамагаць адно аднаму. Вельмі важная і падтрымка родных — бацькоў, бабуль і дзядуляў.
— Што можа аб'яднаць людзей падчас крызісу?
— Калі ў пары ёсць інтымныя зносіны, якія задавальняюць дваіх, то шанцаў зберагчы шлюб становіцца больш. Бывае, прыходзяць людзі да мяне з праблемай ва ўзаемаадносінах. Пачынаем гаварыць, высвятляць, і аказваецца, што партнёр сексуальна незадаволены. Пра гэта нельга саромецца гаварыць. Калі секс у шлюбе «кульгае», хутчэй за ўсё пару чакае развод. Ёсць людзі са слабай палавой канстытуцыяй, якім рэгулярны секс не патрэбны, а іншым, наадварот, вельмі важна, каб гэта было стабільна і часта. Шлюбы паміж першымі і другімі амаль безнадзейныя.
— А ці варта заўсёды захоўваць шлюб? Напэўна, ёсць такія абставіны, калі лепш разысціся. Напрыклад, алкагалізм партнёра ці сямейны гвалт...
— Не ўсё так проста. У алкаголіка ёсць сузалежны. Калі жанчына была сузалежнай, а потым нешта здарылася ў яе жыцці і ў яе раптам змяніўся светапогляд, — яна можа сысці з такіх адносін. Тое самае ў пары агрэсар — ахвяра. Калі ахвяра больш не захоча ёю быць, пачне працаваць над сабой, ратаваць сябе — пара таксама распадзецца. Але ўсё гэта адбудзецца толькі праз пошук і знаходжанне шляху чалавека да сябе.
Бывае, да мяне прыходзяць людзі, якія пражылі ў шлюбе па дваццаць гадоў. Раней іх усё задавальняла, а дзеці выраслі, і сужэнцы сталі нібыта чужыя. Сядзяць такія на кансультацыі і раптам раскрываюцца адно перад адным — і тады ўжо немагчыма прадугледзець, як будуць развівацца падзеі. Была ў мяне пара, дзе муж трошкі раней зразумеў, што яны з жонкай вельмі розныя. Адкрыўся на прыёме і... сышоў. Пара распалася. А было наадварот: на прыёме людзі здзіўляліся глыбіні адно аднаго, рабіліся бліжэйшыя, і шлюб станавіўся больш пяшчотным і цікавым.
Часцей за ўсё нам удаецца наладзіць адносіны паміж сужэнцамі, мы дапамагаем ім пераадолець сямейныя выпрабаванні і крызісы. Ну а самая галоўная парада маладым: перш чым пабрацца шлюбам, неабходна спачатку спазнаць сябе, свае патрэбы. І калі раптам у жыцці з'явіцца чалавек, якога адчуеце, пачуеце і зразумееце, тады — у добры шлях.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.
Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.
Хораша там, дзе моладзь ёсць!