Вы тут

Выхаванне мастацтвам. Як гэта робіцца ў Барысаве


Вялікае заўжды пачынаецца з малога: рака — з блакітнага ручайка, дарога — з першага кроку, вялікі творца — з мастацкай школы. Зрэшты, адсюль бярэ пачатак і грамадства, у якім добрых людзей большасць, перакананы дырэктар Барысаўскай дзіцячай мастацкай школы Сцяпан КЛІМЧУК.


«Ніхто з нашых былых і цяперашніх вучняў у дарослым жыцці не збочыў на крывую дарожку», — гаворыць ён. І гэта сцвярджэнне гатовы адстойваць з фактамі ў руках. Бо працуе тут амаль 30 гадоў: пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў (вучыўся ў Васіля Шаранговіча на аддзяленні графікі, а пасля арміі яшчэ ў творчых майстэрнях у Міхаіла Савіцкага і Георгія Паплаўскага) не прыняў прапанову застацца ў Мінску, а вярнуўся ў Барысаў.

— Нам сёлета 40 гадоў — школа была створана ў 1979 годзе, першы дырэктар Станіслаў Іванавіч Баяранка прыклаў вельмі шмат намаганняў для яе станаўлення і развіцця. І хоць школа знаходзілася ў розных памяшканнях — то ў Стара-, то ў Нова-Барысаве, але ўсе настаўнікі стараліся, каб школа гучна аб сабе заявіла і мела аўтарытэт — і я перакананы, што гэта атрымалася. У нас такая база, што часам нават Універсітэт культуры зайздросціць, і адно з найлепшых памяшканняў дзіцячай мастацкай школы ў краіне.

У «ліхія 90-я», кажа Сцяпан Якаўлевіч, многія мастакі перайшлі на выкладчыцкую работу: некаторыя лічылі яе часовай, а яго вось справа захапіла, уцягнула з галавой: «Адораныя дзеці, якія да нас прыходзяць, як і дарослыя творцы, — усе розныя, кожны са сваёй манерай. І задача настаўніка ў тым, каб не проста навучыць усяму патроху, а прыгледзецца, убачыць моцныя і слабыя бакі, раскрыць патэнцыял і падказаць, якім шляхам ісці далей. Толькі летась з рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў мы прывезлі 51 дыплом розных ступеняў, а наш былы вучань Уладзімір Сакалоўскі на «Восеньскім салоне з Белдзяржпрамбанкам» заняў 2-е месца і атрымаў гадавую стыпендыю ў 12,5 тысячы беларускіх рублёў».

Праходзім па школе — унутры яна аказваецца значна больш прасторнай і светлай, чым здаецца з вуліцы. Хтосьці з вучняў вывучае палітру ад цёплых да халодных колераў, ствараючы на лісце яркую непаўторную мазаіку, хтосьці працуе над класічным нацюрмортам, так і гэтак накладваючы цені, пакуль іншыя «ваююць» з алоўкамі, каб вуха, вусны ці вока выйшлі натуральна. Недахопу вучняў тут відавочна няма, хоць у класах і не цесна — хутчэй, утульна, а ў кабінеце керамікі, нягледзячы на выключаныя печы, дыхаюць цеплынёй гліняныя фігуркі, званочкі, вазы, сурвэтніцы і нават цэлыя карціны... Кажуць, на нядаўніх абласных Дажынках вырабы студыі керамікі мелі асаблівы поспех, як і экспазіцыя юных барысаўскіх мастакоў «Самая лепшая мама на свеце». Пры падтрымцы мясцовай ураджэнкі, сустаршыні Беларускага саюза жанчын Ліліі Ананіч, яна выстаўлялася ў Мінску ў Доме прэсы. Ды што там — з вучнёўскіх работ на тэмы вайны і міру да 200-годдзя вайны 1812 года атрымаўся асобны арт-праект — тэматычны каляндар, а 30 найлепшых карцін трапілі ў фонды гістарычнага дома-сядзібы барысаўскага калекцыянера Івана Каладзеева.

— Конкурс у нашу школу ўжо шмат гадоў складае два чалавекі на месца — гэта нават больш, чым у мінскім вучылішчы імя Ахрэмчыка! — пацвярджае дырэктар мае назіранні. — Чаму? На мой погляд, у гэтай галіне выбудавана добрая сістэма, развіваюцца платныя паслугі, якія больш матывуюць людзей цаніць заняткі, і хто не ўпэўнены, ці сапраўды яму гэта патрэбна, альбо яшчэ не падыходзіць па ўзросце (на бюджэтнай аснове мы прымаем дзяцей 9—11 гадоў), можа пайсці ў платныя групы — калі дзіця таленавітае, прымаем нават з 5 гадоў. Гледзячы на нас, у Барысаве адкрыліся некалькі іншых прыватных школ, якія, у выніку, таксама рыхтуюць дзяцей да паступлення ў нашу мастацкую школу.

Усе вучні спачатку знаёмяцца з асновамі выяўленчага мастацтва: малюнак, жывапіс, кампазіцыя, а ў чацвёртай чвэрці дабаўляецца дэкаратыўна-прыкладная кампазіцыя: саломапляценне, бацік, графіка. Паралельна працуе аматарскі ўзорны калектыў — студыя па кераміцы «Пластыка», і на працягу года на прадметах па выбары ўсе ахвотныя могуць вызначыць, што ім больш даспадобы. Навучанне доўжыцца пяць гадоў, а пры выпуску дзеці атрымліваюць сертыфікаты дзяржаўнага ўзору і могуць далей працягваць мастацкую адукацыю — у тым ліку і на базе платных груп Барысаўскай дзіцячай мастацкай школы рыхтавацца да паступлення ў абраную профільную ВНУ. «Я ведаю такія выпадкі, што нашы выпускнікі паступаюць на дэфіцытную спецыяльнасць, скажам, віртуальны дызайн, і праходзяць першымі па балах! — з гонарам зазначае дырэктар. — А многія і вяртаюцца: большасць цяперашніх настаўнікаў — таксама нашы выпускнікі».

— У школе маляванне, як і музыку, абавязкова вывучаюць толькі да 4 класа. На ваш погляд, наколькі патрэбная эстэтычная адукацыя далей — падлеткам, дарослым?

— Ведаеце, у свой час, напрыклад, у Японіі культывавалі выяўленчае мастацтва і абавязкова вывучалі яго. На мой погляд, і ў нас неабходна, каб дзеці вучыліся ў музычнай ці мастацкай школе — бо кожны чалавек таленавіты, трэба толькі знайсці і развіць ягоны талент. А калі гаворка пра неўладкаваную сям'ю, то для таленавітага дзіцяці мастацтва — адзін з шанцаў вырвацца з гэтага асяродку, скласці для сябе іншую «дарожную карту». Магу сведчыць на ўласным прыкладзе: я родам з вёскі, і бацькам за работай не было спраў, як я вучыўся, якія адзнакі прыносіў. Але тут прыехала мая сястра, якая вучылася на рэжысуры ў тэатральна-мастацкім інстытуце, убачыла мае малюнкі і падштурхнула: давай, паступай на мастака. Я так натхніўся, убачыў мэту, што за адну чвэрць выправіў ацэнкі на «добра» і «выдатна»! Так і дзеці з неўладкаваных сем'яў — калі ў іх убачыць дар, падтрымаць яго і пачаць развіваць, усё ў жыцці пойдзе па-іншаму. Чаму я гаварыў, што з нашымі вучнямі не было выпадкаў, каб яны пайшлі ў жыцці не па тым шляху — бо мы ўвесь час шукаем у рабоце, што мы не так зрабілі, што можна зрабіць лепей, удасканаліць. Васіля Быкава ведаюць як вялікага пісьменніка — а ён жа вучыўся на скульптара ў Віцебскім мастацкім вучылішчы, і ў літаратуры раскрыў свой талент з той прычыны, што законы кампазіцыі аднолькавыя для ўсіх відаў і жанраў мастацтва, гэта, па вялікім рахунку, законы гармоніі, прыроды...

Што малююць сучасныя дзеці, калі адабраць у іх гаджэты і даць творчую свабоду? Па-рознаму, адказвае Сцяпан Клімчук. У малодшых адзін з самых любімых — вобраз мамы, а таксама прафесіі бацькоў, у старэйшых — маладзёжны асяродак, разнастайныя захапленні. А калі дзеці па-сапраўднаму захапляюцца нейкай тэмай, няхай яе нават падказаў настаўнік, атрымліваюцца мастацкія кампазіцыі, якія нідзе не падгледзіш і назнарок не прыдумаеш. Пленэры ладзяць часам проста ў двары школы, куды, напрыклад, для праекта да 200-годдзя вайны 1812 года ўніфармісты прывозілі карэту з коньмі, натуршчыкаў у касцюмах гусараў, стылізаваныя вясельныя ўборы... «Апошнім часам у нас прайшоў шэраг тэматычных праектаў: вядомыя жанчыны Барысаўшчыны, 30 гадоў вываду войскаў з Афганістана — апошнюю тэму мы зрабілі літаральна за два тыдні, і я ўбачыў у дзецях такі ўсплёск патрыятызму, што шчыра парадаваўся. І летась я выпускаў цудоўную групу, з якой пайшоў бы ў разведку. Малодшых, канешне, трэба яшчэ выхоўваць, каб яны паверылі ў педагога і раскрыліся самі».

— Мабільнікі на ўроках мы забараняем, каб дзеці не страчвалі ўвагу і не шукалі гатовых рашэнняў у інтэрнэце. Але на гаджэты вы не наракайце, — строга гаворыць Сцяпан Якаўлевіч, — ад іх і карысць ёсць, існуе мноства цікавых адукацыйных прылад. Скажам, шаблоны-падказкі, як навучыцца маляваць руку ці нагу, ці постаць у цэлым. Для дзяцей гэта самае складанае — улічыць усе прапорцыі. Дарэчы, з гэтым лепш спраўляюцца дзяўчаты, асабліва якія захапляліся маляваннем лялек і адзення для іх. Хлопчыкі ж больш малююць танкі і тэхніку, таму людзі даюцца ім цяжэй.

— Актуальныя тэмы бягучага і наступнага года — 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Як сучасныя дзеці малююць вайну?

— У нас ёсць своеасаблівы «залаты фонд», падборка работ, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне, якая ўвесь час папаўняецца і часта выстаўляецца ў розных залах. Натуральна, задоўга да пачатку работы цяперашнім дзецям трэба расказаць пра вайну, бо не ва ўсіх жывыя дзядулі і бабулі, якія былі ўдзельнікамі і сведкамі падзей. І мы стараемся ўплятаць асабістыя гісторыі, каб паказаць, што вайна была агульнай вялікай бядой, што закранула літаральна кожнага. У мяне самога адзін дзед пахаваны пад Гданьскам — ён першы падняўся ў атаку на кулямёты, а другі загінуў у канцлагеры ў Аўстрыі... Гэта наша гісторыя, якую нельга не ведаць, і дзеці вельмі сур'ёзна, з павагай і хваляваннем успрымаюць расказы пра яе.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара І Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.