Гэта стала чаканай падзеяй для Целяхан і навакольных вёсак. Фабрыка даўно была горадаўтваральным прадпрыемствам для амаль 5-тысячнага пасёлка. Зараз на гэтай вытворчасці працуюць больш за 180 чалавек. А праведзеная мадэрнізацыя дае надзею на далейшае паступальнае развіццё прадпрыемства і стварэнне дадатковых рабочых месцаў.
Сёння вядомая з савецкіх часоў Целяханская лыжная фабрыка з’яўляецца філіялам Дзяржаўнага прадпрыемства «Беларусьгандаль». Гісторыя прадпрыемства вядзе свой адлік з 1944 года. Адразу пасля вызвалення ў Целяханах узвялі лесазавод, які выпускаў піламатэрыялы для аднаўлення народнай гаспадаркі. І ўжо ў 1948-м годзе былі ажыццёўлены першыя спробы вырабу лыж. Іх выпусцілі тады 500 пар. А праз дзесяць гадоў лыжы сталі лічыць сотнямі тысяч пар. У 1963 годзе прадпрыемства стала называцца лыжнай фабрыкай.
У 1980-м годзе лыжы з Целяхан нават атрымалі Дзяржаўны знак якасці. Прадукцыя карысталася попытам у спажыўцоў ад Брэста да Уладзівастока. Тыя з нас, чыё дзяцінства выпала менавіта на 70-я або 80-я гады, добра памятаюць лыжы целяханскай вытворчасці. На іх не толькі дзеці займаліся на ўроках фізкультуры, нашы спартсмены заваёўвалі золата і срэбра на рознага ўзроўню спаборніцтвах. А потым наступілі дзевяностыя. Імпартныя пластыкавыя лыжы сталі ўпэўнена выцясняць нашы, драўляныя. Прадпрыемства перажывала не лепшыя часы, пераарыентаваліся на выпуск мэблі. Але ж ад асноўнай прадукцыі канчаткова не адмаўляліся, збераглі пляцоўку і кадравы патэнцыял.
І вось праведзена рэканструкцыя будынка, завезена абсталяванне ад вядучых айчынных і замежных вытворцаў для ўсяго цыкла вытворчасці сучасных пластыкавых лыж. Новы цэх складаецца з чатырох участкаў: вырабу сярэдняга кліна; склейвання, апрацоўкі і шліфоўкі лыж; аддзелкі лыж і падрыхтоўкі кампанентаў; кантролю якасці і ўпакоўкі.
Новую вытворчасць стварылі ў адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы фактычна за год. Рэалізацыя праекта абышлася ў 14 мільёнаў беларускіх рублёў.
Ужо ў наступным годзе плануецца выпусціць 50 тысяч пар, а да 2022-га года выпуск узрасце да 100 тысяч пар у год. Дырэктар Дзяржаўнага прадпрыемства «Беларусьгандаль» Генадзь БОГДАН расказаў, што распрацавана 16 мадэляў лыж. Ёсць і бюджэтны варыянт спартыўнага інвентару, які будзе даступны школам, дзіцячым садкам.
Цяпер у камплектацыі прадукцыі ёсць імпартныя складнікі, а ў перспектыве лыжы стануць цалкам беларускімі. Канструктары прадпрыемства ўжо разважаюць над стварэннем аблегчанай канструкцыі спартыўна-бегавых лыж.
Праект па вытворчасці пластыкавых лыж змаглі ажыццявіць з дапамогай вучоных. На гэты факт звярнуў увагу прысутных падчас адкрыцця кіраўнік спраў Прэзідэнта Віктар ШЭЙМАН:
— Была праведзена велізарная абота спецыялістамі Акадэміі навук, Нацыянальнага тэхналгічнага ўніверсітэта, а таксама Кіраўніцтва справамі, міністэрстваў спорту і прамысловасці. Давялося выязджаць у Кітай, Аўстрыю, Расію для вывучэння вопыту. Мы здолелі выпусціць лыжы, якія не ўступаюць расійскім альбо ўкраінскім.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС павіншаваў працаўнікоў Целяханскага прадпрыемства з адкрыццём новай вытворчасці і выказаў упэўненасць, што на сваіх лыжах будуць выхоўвацца спартсмены, якія пакажуць новыя рэкорды.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота БЕЛТА
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».