15 лютага на Востраве слёз у Мінску ўшанавалі памяць ваяроў, якія загінулі ў Афганістане. Яшчэ за паўгадзіны да пачатку ўрачыстай цырымоніі ля мемарыяла сабралася некалькі соцень чалавек. Чырвоныя гваздзікі неслі да помніка тыя, хто сам ацалеў у той калатнечы, і людзі, якія страцілі там сваіх блізкіх і родных. Прыйшло да капліцы і шмат кадэтаў, курсантаў сілавых устаноў, школьнікаў, членаў грамадскіх аб’яднанняў. Навучэнцы Сувораўскага вучылішча выстраіліся ў жывы ланцуг, трымаючы ў руках партрэты загінулых...
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў агучыў зварот Аляксандра Лукашэнкі да воінаў-інтэрнацыяналістаў, ветэранаў вайны ў Афганістане. «Разам з бацькамі, жонкамі, дзецьмі салдат і афіцэраў, якія загінулі ў далёкім Афганістане, мы памятаем і смуткуем аб сваіх земляках. Ганарымся мужнасцю і стойкасцю беларусаў, якія, праявіўшы гераізм і захаваўшы вернасць прысязе, сумленна выканалі свой воінскі абавязак»
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дзесяцігадовы ўдзел у баявых дзеяннях абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў на афганскай зямлі ўжо тады паказаў, наколькі вялікія могуць быць геапалітычныя амбіцыі асобных краін і як высока цэняцца мір, стабільнасць і бяспека. «Гэтыя ўрокі актуальныя і цяпер, калі ва ўмовах разрастання міжнароднага тэрарызму і экстрэмізму адной з галоўных задач для нашай маладой суверэннай краіны застаецца захаванне і ўмацаванне незалежнасці, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Перакананы, што воіны-інтэрнацыяналісты і надалей будуць прыкладам адвагі і гонару для маладога пакалення абаронцаў нашай Радзімы».
Ад імя членаў сямей загінулых прамаўляла Тамара Доўнар.
- Штогод люты пераносіць нас назад у 80-я гады, калі кожная маці, якая праводзіла сына ў войска, думала і малілася — толькі б не ў Афганістан... Дзесяць год «чорныя цюльпаны» прывозілі ў Беларусь труны з целамі салдат і афіцэраў. Але Афганістан у кожнага свой — як у воінаў-інтэрнацыяналістаў, так і ў сямей, куды ўжо ніколі не вернуцца дзеці, мужы, браты... Гэта боль, з якім мы жывем і сёння.
Міністр абароны Віктар Хрэнін зазначыў, што ў Афганістане воіны-інтэрнацыяналісты прынялі бой з міжнародным тэрарызмам.
- У сучасных умовах выклікаў і пагроз наша дзяржава высока цэніць ролю воінаў-інтэрнацыяналістаў, іх ролю ва ўмацаванні згоды ў грамадстве, выхаванні моладзі ў духу патрыятызму і вернасці Айчыне. Мы заўсёды будзем памятаць тых, хто не вярнуўся з палёў бітваў.
- Адзін ветэран казаў — «я прачынаўся, калі была цішыня. Падчас страляніны я спаў спакойна», — згадвае міністр унутраных спраў Юрый Караеў. — Праходзячы зараз па мосце да помніка, міма партрэтаў загінулых афганцаў, і ўглядаючыся ў твары гэтых хлопцаў, я ўбачыў і свайго аднагодка — сяржанта дэсантна-штурмавой брыгады. Цяпер яму было б столькі гадоў, колькі і мне... Распавядаць пра Афганістан трэба, інакш пра яго забудуць.
...Адзін пажылы воін-інтэрнацыяналіст прадставіўся Міхаілам. Ён служыў больш за год у Кабуле.
- Я калі вярнуўся назад у Беларусь, то паўгода не мог спакойна спаць. Афганская сталіца жа пастаянна абстрэльвалася, як удзень, так і ўначы. І вось даходзіла да таго, што калі заходзіць сонца — а ў паўднёвых гарах гэта адбываецца імгненна — і надыходзіць цемра, ты ляжыш на койцы, а заснуць не можаш. Таму што разумееш, што няма абстрэлу, і чакаеш нейкай «падлянкі».
Дома ў нашай вёсцы пра падзеі ў Афганістане ведалі. Але спачатку выключна дзякуючы таму, што прарывалася праз глушылкі на радыёхвалях. Пасля папаўзлі нейкія чуткі. І калі тэрмін службы скончыўся і я перасек савецкую мяжу, то доўга не мог паверыць, што ўсё засталося там, на поўдні. Што не будзе больш абстрэлаў, баявых трывог, штодзённай гульні са смерцю, магчымых нападаў... А ў галаве ўсю дарогу ад Тэрмеза круцілася адно — як ад усяго гэтага хутчэй адысці. Маці казала, што на мне літаральна твару не было першы час...
Валяр’ян ШКЛЕННІК
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?