Вы тут

У Капыльскім раёне знайшлі надмагільную пліту Антонія — дзеда Эдварда Вайніловіча


У Капыльскім раёне знайшлі сапраўдны скарб. Гэта не схаванае калісьці кімсьці золата, срэбра або іншыя багацці, а нешта больш каштоўнае — надмагільная пліта Антонія — дзеда Эдварда Вайніловіча. На нечаканую знаходку наткнулася сям'я Лявар падчас дачных работ. Пліта залягала ў зямлі на глыбіні 70 сантыметраў. Грамадзяне здагадаліся аб незвычайнасці прадмета, калі прачыталі надпіс на лацініцы «Аntоnі Sуn Аdаmа. Mаrszаlеk роwіаtu Sluсkіеgоur 1773 R». Сям'я перадала пліту ў раённы краязнаўчы музей.


Даведка «Звязды»

Эдвард Вайніловіч — вядомы грамадскі і палітычны дзеяч канца ХІХ пачатку ХХ стагоддзяў, буйны землеўладальнік, вядомы мецэнат, рэфарматар, які тройчы выбіраўся дэпутатам расійскай Дзяржаўнай думы. У вёсцы Савічы Капыльскага раёна знаходзілася галоўная рэзідэнцыя Вайніловіча — сядзіба ХVІІ стагоддзя, ад якой захавалася толькі вінакурня. З сям'ёй Вайніловічаў звязаны і іншыя населеныя пункты Капыльшчыны. У прыватнасці, у другой палове ХІХ стагоддзя была куплена сядзіба «Лапухі», цяпер вёска Дунаева. Затым гэтыя ўладанні Эдвард Вайніловіч прадаў, выручаныя сродкі ўклаў у будаўніцтва храма ў памяць сваіх заўчасна памерлых дзяцей.

Пліту вырашылі ўстанавіць на магільным склепе Вайніловічаў у вёсцы Савічы. Дырэктар музея Валянціна Шуракова звярнулася па дапамогу да кіраўніцтва сялянскай фермерскай гаспадаркі «Руднае». Тут пайшлі насустрач просьбе. На полі быў знойдзены вялікі валун ружовага колеру. Паўстала пытанне, як даставіць яго да месца прызначэння. І тады галоўны аграном Віталь Купрыянчык дамовіўся з адной з арганізацый наконт транспарту. Пліту на кургане ўсталявалі спецыялісты ТАА «ВоМагран». А добраўпарадкавалі навакольную тэрыторыю талакой — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Капыльскага райвыканкама, прадстаўнікі Цімкавіцкага сельвыканкама.

Вядома ж, пліта была не ў самым лепшым выглядзе, і перш чым яе ўладкаваць, давялося прывесці ў належны стан, ачысціць ад зямлі, іржы. Цяпер сямейны некропаль, які быў у савецкія часы зруйнаваны і разрабаваны, папоўніўся яшчэ адным знакам павагі да гісторыі знакамітага роду. У родавым кургане адзначаны бацька, дзед, бліжэйшыя сваякі Эдварда Вайніловіча, а яго прах знаходзіцца ў Чырвоным касцёле ў Мінску. Дарэчы, у сцяну гэтай святыні ўмураваная і надмагільная пліта сыну Эдварда Вайніловіча Сымону, які пайшоў з жыцця ў дванаццацігадовым узросце. Яна была знойдзена таксама выпадкова.

...Адраджаць некропаль пачалі ў 2014 годзе дзякуючы актывістам, неабыякавым да сваёй гісторыі жыхарам раёна. Да справы падключыліся і мясцовыя ўлады. Вялікі ўклад у захаванне памяці аб знакамітым родзе зрабіў настаяцель Касцёла святых Сымона і Алены Уладзіслаў Завальнюк. Працяглы час клапоцяцца аб пахаваннях Валянціна Ляшко са сваім мужам Эдуардам. Гісторыю роду даўно даследуюць педагогі Валянціна Ясючэня і Вольга Каляда. У 2016 годзе курган асвяціў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. І сёння тут узвышаецца Галгофа з каменя з двума крыжамі — каталіцкім і праваслаўным — па веры і справах Вайніловічаў. Гэты некропаль можна параўнаць са склепам Радзівілаў у Нясвіжы. Адзінае адрозненне — ён знаходзіцца пад адкрытым небам. У сваіх мемуарах, дарэчы, Вайніловіч падкрэсліваў, што іх сям'я ні з Усходу, ні з Захаду — яны «косць ад косці, кроў ад крыві свайго народа», які хаваў сваіх продкаў у гэтых курганах, дзе зямля нараджае камяні.

Ужо амаль дзесяць гадоў у раёне дзейнічае экскурсійны маршрут «Па сядзібах Эдварда Вайніловіча», які распрацаваны грамадскім аб'яднаннем «Адукацыя без межаў» і раённым краязнаўчым музеем. З устаноўкай надмагільнай пліты Антонія колькасць ахвотных пакланіцца магілам гістарычных асоб, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё Беларусі, значна павялічыцца.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Дзе зямля нараджае камяні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.