Вы тут

Навукоўцы: Моладзь стала больш цікавіцца беларускай мовай


Такая думка прагучала падчас круглага стала «Роля iнфармацыйных тэхналогiй у захаваннi i папулярызацыi беларускай мовы», якi прайшоў у Выдавецкiм доме «Звязда».


Намеснiк дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы i лiтаратуры НАН Беларусi Аляксандр Лукашанец упэўнены: ад таго, наколькі паўнавартасна беларуская мова будзе прадстаўлена ў кіберпрасторы — і ва ўнутрынацыянальнай, і ў сусветнай, — наколькі будзе забяспечана яе пашырэнне, будуць залежаць і адносіны да беларускай мовы ў іншай камунікатыўнай прасторы — у жывых зносінах паміж людзьмі.

«У нас многае ўпіраецца ў дзяржаўнае двухмоўе, і гаварыць трэба яшчэ і пра тое, каб беларуская мова была прадстаўлена ў інтэрнэце нароўні з рускай», — падкрэсліў ён. 

Акадэмік паведаміў, што на міжнароднай канферэнцыі «Захаванне моў народаў свету і развіццё моўнай разнастайнасці ў кіберпрасторы», якая праходзіла летась у Якуцку, было прадстаўлена даследаванне венгерскага лінгвіста Андраша Карная «Лічбавая смерць моў». У ім сказана пра тое, што толькі чатыры працэнты з усіх існуючых жывых моў у свеце ёсць ў інтэрнэце.

«Гэтыя мовы ён дзеліць на тры групы: вельмі шырока прадстаўленыя, дастаткова шырока прадстаўленыя і вельмі мала прадстаўленыя. Беларуская мова, паводле Карная, адносіцца да другой групы», — праінфармаваў навукоўца. Гэта значыць, што беларускамоўнага кантэнту ў Сеціве шмат і ён інтэнсіўна папаўняецца. Бо інтэрнэт-прастора — гэта не толькі афіцыйныя парталы, але і блогі, і сацыяльныя сеткі. «Гэта добра, што беларускамоўныя матэрыялы разнапланавыя, і мова сацыяльных сетак жывая і запатрабаваная. Але кантэнт павінен папаўняцца не толькі стыхійна, але і мэтанакіравана, каб гэта былі змястоўныя, інфарматыўныя тэксты і матэрыялы», — упэўнены Аляксандр Лукашанец. 

Кандыдат філалагічных навук, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў дадаў, што, паводле Карная, рэальнае знікненне пагражае тым мовам, якія страчваюць сваю асноўную функцыю — камунікатыўную.

«Тут, калі гаварыць пра нашу мову, — праблема даволі сур’ёзная. Яшчэ адзін крытэрый — прэстыжнасць у маладога пакалення. Моладзь стала цікавіцца мовай больш, у тым ліку і дзякуючы віртуальнай прасторы, дзе па-беларуску можна свабодна камунікаваць і знаходзіць патрэбную інфармацыю», — адзначыў ён.

Яшчэ адзін з крытэрыяў Карная — узровень прадстаўленасці ў інтэрнэт-прасторы і наяўнасць «Вікіпедыі» на нацыянальнай мове. «У апошнім наша мова ледзь не наперадзе ва ўсіх — у нас ажно два варыянты «Вікіпедыі» — у афіцыйным правапісе і на «тарашкевіцы». У нас ёсць вялікі віртуальны кнігазбор «Беларуская палічка» (knihi.com), дзе прадстаўлены тысячы кніг — ад мастацкай літаратуры да вучэбных Беларуская мова прадстаўлена і ў сацыяльных сетках. З аднаго боку, для развіцця мовы гэта добра — з’яўляюцца новыя словы, новы маладзёжны слэнг, з іншага — у гэтым асяроддзі няма ніякіх аўтарытэтаў, нярэдка напісанне наўмысна скажаецца, разбураюцца нормы правапісу і маўлення», — выказаў сваю думку Ігар Капылоў.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.