Вы тут

Санны рэйд. Як партызаны здзейснілі пераможную аперацыю на Палессі ў 1942-м


Сёлетняя зіма на снег, скажам прама, зусім небагатая. Але ў лютым і сакавіку 1942 года, калі пра глабальнае пацяпленне ніхто і не чуў, снегу было вельмі шмат. Гэтым і скарысталіся партызаны.


78 гадоў таму на тэрыторыі 23 раёнаў Мінскай, Палескай і Пінскай абласцей БССР звыш 600 партызан Мінскага злучэння сумесна з атрадам Васіля Каржа ажыццявілі кальцавы санны рэйд па тылах нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аперацыя аказалася ўдалай. Партызаны нанеслі адчувальны ўрон ворагу і дэзарганізавалі дзейнасць акупацыйных улад. А дзякуючы масавай агітацыйнай рабоце значна павялічылася колькасць партызанскіх фарміраванняў.

Падрабязны план правядзення вялікага партызанскага рэйду па акупаванай ворагам беларускай тэрыторыі быў дэталёва разгледжаны і прыняты ў снежні 1941-га Мінскім падпольным абкамам Кампартыі Беларусі. Кіраваў аперацыяй аператыўны штаб партызанскага злучэння Мінскай вобласці на чале з адным з выдатных арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху, выхадцам з вёскі Заграддзе Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці Васілём Казловым, які працаваў да вайны намеснікам старшыні Саўнаркама БССР, другім сакратаром
Мінскага АК КП(б)Б.

Паўтара месяца ішла ўзмоцненая падрыхтоўка да рэйду. Неабходна было значна папоўніць атрады людзьмі, зброяй, арганізаваць добры санны транспарт. Каб размясціць на ім атрады, якія ўдзельнічалі ў рэйдзе, трэба было здабыць 600 прылад. Акрамя таго, вырашылі сфарміраваць кавалерыйскі атрад, а для яго таксама патрэбны коні, сёдлы і аброці. Усе гэтыя пытанні абмяркоўваліся разам з калгасным актывам.

Савецкія патрыёты прыйшлі на дапамогу: аддавалі партызанскім атрадам схаваных у лесе коней, інвентар, вупраж, фураж. Нярэдка разам з коньмі ў атрады прыбывалі і мясцовыя жыхары. У пасляваенны час Васіль Казлоў падрабязна напісаў пра гэтыя падзеі ў мемуарах «Людзі адмысловага складу», выдадзеных выдавецтвам «Маладая гвардыя».

Частку атрадаў на Любаншчыне, у Акцябрскім, Капаткевіцкім, Асіповіцкім, Рудзенскім і некаторых іншых раёнах было вырашана пакінуць на месцы. Перад атрадамі ставілася задача стрымліваць сілы ворага і дапамагаць саннаму рэйду, які праходзіў праз іх тэрыторыю. Паводле ўспамінаў Васіля Казлова, у рэйдзе ўдзельнічалі партызанскія атрады, сфарміраваныя на тэрыторыі Любанскага, Старобінскага, Старадарожскага і Глускага раёнаў. Атрады ўзначальвалі вопытныя камандзіры.

Перадавым ішоў Старобінскі атрад «Камарова» пад камандаваннем Васіля Каржа. Ён сфарміраваў адзін з першых у Беларусі партызанскіх атрадаў і ўжо меў баявы досвед: яшчэ ў 1920-х гадах удзельнічаў у партызанскай барацьбе ў Заходняй Беларусі ў атрадзе легендарнага Кірыла Арлоўскага, затым быў камандзірам інтэрнацыянальнага партызанскага атрада ў нацыянальна-рэвалюцыйнай вайне ў Іспаніі.

У рэйд адправіліся амаль усе члены Мінскага абкама КП(б)Б. Сакратар Мінскага падпольнага абкама партыі Раман Навумавіч Мачульскі ў мемуарах «Вечны агонь. Партызанскія запіскі» пісаў: «Наступіў першы дзень рэйду. Камандзіры апошні раз праверылі экіпіроўку атрадаў: байцы добра апранутыя, зброя ва ўсіх у парадку, на санях выкладзеныя скрыні з патронамі і гранатамі, ляжаць добра накрытыя медыкаменты. У гаспадарчых узводах пагружаныя на сані запасы харчавання. Іван Дзянісавіч Варвашэня яшчэ раз праглядае сваю «гаспадарку»: ці ўсё ўзята для паходнай друкарні, ці добра спакаваныя ў сене радыёпрыёмнік і батарэі». Партызанскія калоны рухаліся па начах, здзяйснялі марш на 25—30 кіламетраў. А ўдзень — адпачынак, масавая работа з насельніцтвам. Камандзіры, камісары, актывісты атрадаў выступалі з дакладамі, агітатары праводзілі гутаркі, гучную чытку лістовак. У кожнай вёсцы абавязкова ладзілі калектыўнае радыёслуханне».

Першай аперацыяй рэйду быў разгром нямецка-паліцэйскага гарнізона на станцыі Пасталы Жыткавіцкага раёна. Васіль Казлоў паказаў камандзірам іх маршруты, яшчэ раз растлумачыў абавязкі кожнага атрада. З гарнізонам справіліся параўнальна хутка. У баі было знішчана больш за сотню гітлераўцаў, частка акупантаў і паліцаяў здалася ў палон. Сотні тон нарабаванага збожжа раздалі насельніцтву. Потым былі баі ў Доўгім, дзе стаяў вялікі нямецкі гарнізон. У Старобінскім і Ленінскім раёнах прастаялі некалькі сутак. У многіх вёсках, праз якія праязджалі, былі нямецка-паліцэйскія пункты, аднак паліцэйскія не наважваліся выступаць супраць народных мсціўцаў, якіх баяліся як агню, разбягаліся і хаваліся. Паўсюдна разляцеліся чуткі, што вялікае злучэнне Чырвонай Арміі перайшло лінію фронту, яно прасоўваецца па тылах ворага і бязлітасна знішчае фашыстаў і іх прыслужнікаў. Некаторыя гарнізоны праціўніка, пачуўшы пра набліжэнне партызанскіх калон, разбягаліся без бою, як, напрыклад, гарнізоны ў Краснай Слабадзе, Старобіне. У Капыльскім раёне доўга не затрымліваліся, дапамаглі разграміць нямецкія гарнізоны ў раённым цэнтры і на станцыі Цімкавічы, а астатнія разбегліся.

Як успамінаў Васіль Казлоў, у рэйдзе вазілі з сабой партатыўную паходную друкарню, некалькі пішучых машынак. На прывалах выпускалі лістоўкі, звароты абкама да насельніцтва, зводкі Саўінфармбюро. У сотнях асобнікаў разыходзіліся яны па вёсках і гарадах і клікалі людзей на барацьбу. У адной з улётак, выпушчаных у той час, гаварылася: «Набліжаецца час вызвалення беларускай зямлі ад фашысцкай нечысці, і калі беларускі народ зноў зажыве шчасліва і радасна. Усе, як адзін, на барацьбу з ворагам! Арганізуйцеся ў партызанскія атрады. Усімі спосабамі дапамагайце Чырвонай Арміі і партызанам граміць ворага. Наша справа справядлівая, мы пераможам!»

У Баранавіцкай вобласці знішчылі каля дзясятка нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў. Прайшлі праз Нясвіж, Гарадзею, каля самых Стоўбцаў. Адтуль праз Дзяржынскі і Уздзенскі раёны накіраваліся на Грэск. Разам з атрадамі Уладзіміра Зайца захапілі былы ваенны гарадок Канюхі з усім узбраеннем і маёмасцю. У палон узялі некалькі дзясяткаў гітлераўцаў і паліцэйскіх. Аўтарытэт Грэскага партызанскага атрада настолькі ўзрос, што насельніцтва, асабліва моладзь, уступала ў партызаны групамі. Праз некаторы час у Грэскім раёне былі арганізаваны дзве брыгады.

Падчас рэйду пачалі збор сродкаў на ўзбраенне Чырвонай Арміі. Насельніцтва з энтузіязмам аддавала свае зберажэнні: грошы, аблігацыі, каштоўныя рэчы. Было прапанавана накіраваць сабраныя працаўнікамі Мінска і Мінскай вобласці, партызанамі і партызанкамі сродкі на вытворчасць самалётаў «Партызан Мінска», «Партызан Слуцка», «Партызан Барысава». Вярхоўны Галоўнакамандуючы тэлеграмай горача падзякаваў жыхарам БССР і партызанам і перадаў братэрскае прывітанне і падзяку Чырвонай Арміі. Лістоўкі з тэкстам урадавай тэлеграмы абкамам партыі былі выпушчаныя вялікім тыражом і разышліся па ўсіх абласцях краіны.

У раёне Слуцка партызаны разбілі некалькі варожых гарнізонаў, разбурылі амаль усе масты праз Случ, спалілі нафтабазу, прывялі ў непрыдатнасць чыгуначную лінію. Атрады партызан, якіх пераследавалі буйныя фашысцкія часці, адышлі да Старых Дарог і Асіповіч, дзе быў вялікі чыгуначны вузел. Прайшлі яшчэ праз Парычы, Шацілкі, Азарыцкі раён, пабывалі ў Капаткевічах, Петрыкаве. У сувязі з тым што пачыналася вясновая бездараж, дарогі разбухлі, у нізінах зацурчэлі ручаі, штаб злучэння 2 красавіка 1942 года аддаў партызанскім атрадам загад вяртацца на свае ранейшыя базы.

Васіль Казлоў высока ацаніў партызанскі рэйд. У мемуарах ён напісаў: «Першы рэйд па Беларусі прынёс вялізную карысць. Ён умацаваў сувязь з масамі, узняў аўтарытэт партызанскага руху і амаль падвоіў колькасць байцоў. Мы пабывалі ў раёнах, з якімі раней падтрымлівалі сувязь толькі праз сувязных, і ўстанавілі непасрэдны кантакт з падпольнымі райкамамі, партарганізацыямі і групамі. У многіх раёнах Мінскай і сумежных абласцей мы фактычна сталі гаспадарамі».

Санны рэйд партызан адлюстраваны ў комплексе адной з залаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут у вітрынах размешчаны: бінокль і кавалерыйская нагайка камандзіра партызанскага атрада «Камарова» Пінскай вобласці Васіля Каржа, баявыя ўзнагароды, зброя, фатаграфіі і асабістыя рэчы некаторых удзельнікаў рэйду, лістоўкі Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б 1942 года. Вядомая аперацыя партызан адлюстравана таксама ў палатне «Перад рэйдам па тылах ворага» заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, удзельніка партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны Сяргея Раманава. Сёння карціна захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Мікалай Шаўчэнка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Сусветны тыдзень iмунiзацыi сёлета пройдзе з 24 да 30 красавiка пад лозунгам #Vaccines Work for AN# — «За агульны доступ да эфектыўных вакцын».

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых.

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.