Наколькі спрыяльны стан наваколля для чалавека і іншых жывых істот, ці не шкодзіць прамысловасць прыродным сістэмам? Пошук адказаў на гэтыя і іншыя пытанні — штодзённы клопат спецыялістаў Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў вобласці аховы навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Прырода сцёкаў
Разам з інжынерам-хімікам першай катэгорыі Веранікай Габец і вядучым інжынерам-хімікам лабараторыі аналітычнага кантролю якасці вод і забруджвання зямель Аляксандрам Сідляронкам накіроўваемся на паўднёвы захад сталіцы. У раёне вуліцы Сямашкі знаходзіцца адзін з 19 выпускаў сцёкавых вод «Захад», «Паўднёвы захад», за якія адказвае прадпрыемства «Гаррэмліўнесцёк». Праз яго сістэму па дажджавых калектарах збіраюцца вытворчыя і паверхневыя сцёкавыя воды, ачышчаюцца і выпускаюцца ў прыродныя аб'екты — напрыклад, у раку Мышку.
Каб вызначыць, наколькі чыстыя гэтыя воды, спецыялісты бяруць пробы на выпуску, а таксама на самой рацэ — вышэй і ніжэй па цячэнні. Пазней іх трэба будзе праверыць у лабараторыі на ўтрыманне шкодных рэчываў.
— Вельмі часта ў пробах прысутнічаюць нафтапрадукты — яны трапляюць у сцёк з дарог і аўтастаянак пры раставанні снегу ці моцных дажджах, калі ачыстка працуе горш, — расказвае ўжо па дарозе ў РЦАК Аляксандр Сідляронак.
Праліць святло... на метал
— Адбор проб і правядзенне вымярэнняў у вобласці аховы навакольнага асяроддзя ажыццяўляюцца па абласных заяўках ці Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, — знаёміць нас з нюансамі работы загадчык лабараторыі аналітычнага кантролю якасці вод і забруджвання зямель Аксана САРОКІНА. — На іх аснове складаюцца паўгадавыя планы-графікі па адбору проб. У спісы ўваходзяць прадпрыемствы, якія маюць скіды са сваіх ачышчальных збудаванняў у вадаёмы і рэкі, а таксама водныя аб'екты, схільныя да замораў.
Рэагуюць спецыялісты і на звароты грамадзян і юрыдычных асоб. Так дзейнічаюць усе 22 акрэдытаваныя лабараторыі РЦАК у краіне.
Аксана Анатолеўна праводзіць нас у адно з памяшканняў лабараторыі, дзе праводзіцца вызначэнне цяжкіх металаў у вадкай і цвёрдай матрыцах на атамна-абсарбцыйным спектрафатометры. На гэтым прыборы працуе вядучы інжынер-хімік Кацярына Даўгун — спецыяліст з вялікім вопытам працы на гэтым апараце. Яна расказвае, што, каб вызначыць, ці ўтрымлівае проба шмат шкодных рэчываў, трэба спачатку падрыхтаваць яе. Гэта вельмі працяглы і працаёмкі працэс, які часам займае некалькі дзён. Пасля падрыхтоўкі пробы яна змяшчаецца ў атамна-абсарбцыйны спектрафатометр, дзе адбываецца яе высокатэмпературная апрацоўка. Увесь працэс, які адбываецца ўнутры прыбора, адсочваецца відэакамерамі, што там знаходзяцца, і праз спецыяльнае праграмнае забеспячэнне перадаецца на манітор. Так паступова вызначаюцца ўсе неабходныя паказчыкі і затым суадносяцца з нарматывамі. Калі апошнія не выконваюцца, спецыялісты РЦАК ва ўстаноўленыя тэрміны інфармуюць пра гэта камітэты, якія далей разбіраюцца ў сітуацыі.
Лабараторыя на колах
У выпадку інцыдэнта ці аварыі, што звязаны з забруджваннем водных аб'ектаў, часта патрабуецца рэагаваць імгненна, каб прадухіліць негатыўныя наступствы. Калі яны здараюцца, спецыялісты Цэнтра выязджаюць на аб'екты ў складзе аператыўнай групы разам з інспектарамі і прадстаўнікамі іншых дзяржслужбаў.
У канцы мінулага года ў РЦАК з'явілася мабільная лабараторыя. Цяпер з яе дапамогай спецыялісты могуць рабіць аналізы проб адразу на месцы — вынікі па адным паказчыку вядомыя ўжо праз 15—20 хвілін. Гэта дазваляе аператыўна вызначыць маштабы аварыі і пачаць прымаць меры для выратавання вадаёму.
Выкарыстоўваюць мабільную лабараторыю і для папярэджання гібелі рыбы. Супрацоўнікі РЦАК абследуюць водныя аб'екты і вызначаюць, ці ёсць фактары, якія правакуюць заморы. Такое «дзяжурства» праходзіць штогод з 1 студзеня да 1 красавіка і з 15 чэрвеня па 20 жніўня з улікам надвор'я.
— Сёлета зімой амаль усе вадаёмы адкрытыя, таму заморных з'яў не назіраецца, — кажа загадчык Аксана Сарокіна. — Нягледзячы на гэта, мы перыядычна выязджаем на водныя аб'екты, мераем раствораны кісларод, тэмпературу і празрыстасць вады. Часам на дрэнны стан вадаёмаў уплываюць не толькі ўмовы надвор'я, але і дзейнасць прыродакарыстальніка — напрыклад, арганізацыі ЖКГ, ачышчальныя збудаванні якіх дрэнна працуюць.
У 2019 годзе спецыялісты РЦАК абследавалі 287 водных аб'ектаў, схільных да заморных з'яў, — у 149 выпадках гідрахімічны рэжым не адпавядаў нарматывам якасці паверхневых вод.
Лічбы і факты
За мінулы год лабараторыямі Цэнтра было выканана больш за 208 тысяч аналізаў на ўтрыманне забруджвальных рэчываў у прыродных асяроддзях на 11 тысячах аб'ектах негатыўнага ўздзеяння на наваколле розных прыродакарыстальнікаў. Было выяўлена 713 фактаў невыканання нарматываў: 259 — скідаў у водныя аб'екты, 156 — выкідаў са стацыянарных крыніц, 268 — па землях (уключаючы глебы).
Як расказала начальнік аддзела арганізацыі аналітычнага кантролю РЦАК Святлана ЦЫКУНОВА, часта прычынай забруджвання вадаёмаў становіцца зношанасць ачышчальных збудаванняў — менавіта на прадпрыемствах ЖКГ фіксаваліся перавышэнні гранічна дапушчальных канцэнтрацый у пяць і больш разоў.
Не абышлося ў 2019 годзе і без аварыйных сітуацый, звязаных з забруджваннем паверхневых вод і зямель і масавай гібеллю рыбы, — усяго па ўсёй краіне было здзейснена 75 выездаў. Так, напрыклад, у выніку несанкцыянаванага скіду гноеўтрымліваючых сцёкавых вод у меліярацыйны канал шкодныя рэчывы ў высокіх канцэнтрацыях трапілі ў ручай Гарадзянец і Заходнюю Дзвіну. Паводле даных Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, агульная сума прычыненай шкоды ў выніку аварыі склала 424 рублі. Яшчэ 1275 рублёў склаў штраф, які атрымалі вінаватыя асобы.
***
На жаль, ад дзейнасці чалавека прырода церпіць у розных кутках нашай краіны. І каб зменшыць шкодны ўплыў, трэба падключацца як спецыялістам, так і простым грамадзянам. Бо ад своечасовага выяўлення праблемы часта залежыць жыццё і здароўе соцень жывых арганізмаў.
Вераніка КОЛАСАВА
Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ
Для смуглявага, з нетыповай для Беларусі знешнасцю трактарыста-машыніста КУСГП «Вялікадолецкае» Ушацкага раёна Ра Вутха наша краіна даўно с
На прасторах яе вялікасці кнігі.