Вы тут

Што хвалюе жыхароў Гомельшчыны?


Зварот па дапамогу ад работнікаў фермы пад Акцябрскім, просьба вырашыць праблему з транспартам на Веткаўшчыне і пытанні выдзялення зямлі фермерам з Буда-Кашалёўскага, Ельскага і Жыткавіцкага раёнаў... На працягу трох гадзін старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей прымаў тэлефонныя звароты грамадзян рэгіёна: патэлефанавала больш за сорак чалавек.


Прамая лінія губернатара выйшла традыцыйна гарачая: паступаў званок, чалавек заяўляў пра праблему, Генадзь Салавей слухаў і, застаючыся на лініі, паралельна па тэлефоне даручаў кіраўнікам, у чыёй кампетэнцыі тэма, разабрацца.

Так, на прамую лінію патэлефанавалі жыхары вёскі Шкава Акцябрскага раёна. Адна з работніц тутэйшай гаспадаркі перадала калектыўную просьбу: ратуйце нашу ферму! Кармоў паступае недастаткова, няма ветурача, у выніку надоі ўпалі — ферму вось-вось закрыюць. Калектыў абяцаюць не кідаць, а вазіць у іншую гаспадарку, але работнікі са Шкавы — у асноўным сямейныя пары — хвалююцца, што страцяць работу. «Не перажывайце, ферма застанецца», — адказвае губернатар і тут жа па другой лініі дае даручэнне кіраўніцтву раёна разабрацца з пастаўкамі кармоў і ветдапамогай для гаспадаркі.

Па дапамогу да кіраўніка рэгіёна ад імя вяскоўцаў з Навасёлак, Ягаднага, Шарсціна, Радугі, што ў Веткаўскім раёне, звярнулася мясцовая жыхарка адной з вёсак. «Рэйсавы аўтобус ходзіць толькі ўранку і позна ўвечары. Маршрутчыкі раніцай у панядзелак і аўторак наогул ладзяць сабе выхадны. Людзям не дабрацца, а што рабіць, калі большасць вясковых працуе ў горадзе», — абураецца Таццяна Іванаўна і ад імя вяскоўцаў просіць вырашыць праблему з транспартным забеспячэннем.

Прыняцця рашэння па некалькіх калектыўных зваротах чакаюць таксама жыхары Гомеля. Старшыня гаражнага кааператыва па вуліцы Віцебскай патэлефанавала з просьбай дапамагчы наладзіць электразабеспячэнне: чацвёрты год на аб'екце няма святла. Генадзь Салавей адразу звязаўся з кіраўніцтвам РУП «Гомельэнерга»: пастаўлена задача ў кароткі тэрмін разабрацца ў прычынах «светлавога калапсу» і дапамагчы людзям.

Гамяльчанін Андрэй Гарыевіч агучыў просьбу жыхароў шматпавярховак па вуліцах 2-й Авіяцыйнай, Кожара, Савецкай. Людзі просяць афіцыйна надаць статус сквера зялёнай зоне ў раёне гасцініцы «Турыст». Яны звяртаюць увагу, што па генплане такі статус мае толькі 0,6 гектара зямлі ў скверы, але неабходна захаваць усю тэрыторыю парку. Мужчына паведаміў, што жыхары дамоў актыўна добраўпарадкоўваюць тэрыторыю: высадзілі дзясяткі дрэў, самі забяспечваюць паліўку пасадак. Для іх важна абараніць зялёны куток ад магчымай забудовы па ўшчыльненні.

— Рашэнне ў гэтай сітуацыі адназначнае: мы павінны захаваць зялёную зону, — супакойвае Генадзь Салавей. Пытанне захавання сквера застанецца на кантролі.

Падчас прамой лініі гамяльчане таксама паднялі праблему водазабеспячэння ў дамах у цэнтры горада па вуліцы Артылерыйскай. Высветлілася, што з-за тэхнічнага застою раніцай з кранаў ідзе рудая вада.

— Уся вада, якая пастаўляецца ў кватэры, павінна быць належнай якасці, — каментуе Генадзь Салавей і дае даручэнне адказным арганізацыям вырашыць праблему з іржавай вадой.

Між тым некалькі гамяльчан патэлефанавалі і з калектыўнымі падзякамі на адрас улад. Так, актывісты Савецкага раёна Гомеля запрасілі губернатара ацаніць добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, якое робіцца сіламі грамадзян і камунальнікаў. Жыхары мікрараёна Хутар падзякавалі за ўвагу да развіцця інфраструктуры ў масіве новабудоўляў. Пасля сустрэчы губернатара з ініцыятыўнай групай «хутаранцаў» пачалася распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі для будучай школы. Карыстаючыся выпадкам, жыхары мікрараёна закранулі пытанне выкарыстання будынка былога дзіцячага дома на «Крышталі». Плануецца размясціць там паліклініку, паведамілі ў аблвыканкаме.

Пасля прамой лініі журналісты пацікавіліся ў Генадзя Салаўя пра яго меркаванне наконт эфектыўнасці работы з тэлефоннымі зваротамі грамадзян.

— Калі праблема вырашальная, рэакцыя павінна быць імгненная, — адзначыў старшыня аблвыканкама. — Часам вырашэнне таго ці іншага вострага пытання патрабуе дадатковага вывучэння і больш грунтоўнага разгляду. Людзі шукаюць дапамогі не толькі ў сваім рэгіёне, звяртаюцца ў Адміністрацыю Прэзідэнта, у іншыя органы.

На думку кіраўніка рэгіёна, у раёнах праблемы людзей можна вырашыць больш аператыўна. Менавіта мясцовыя ўлады павінны забяспечваць камфорт людзей на тэрыторыі іх пражывання.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На ўік-энд — па «жывыя вітаміны»

На ўік-энд — па «жывыя вітаміны»

Традыцыйны восеньскі кірмаш у Гомелі.

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».