Пастаноўка фінансавых мэт — гэта магчымасць на практыцы вучыцца арыентавацца ў сітуацыі, дзе ёсць пераменныя «хачу» і «магу сабе гэта дазволіць». Некаторыя нават лічаць наяўнасць фінансавых мэт прыкметнай паспяховасці чалавека.
Пяць крокаў да выніку
Перш за ўсё трэба вызначыцца з жаданнямі. Тут у кожнага яны свае — набыць машыну, кватэру ці з'ездзіць у вандроўку мары, назбіраць на вучобу дзецям, вывучыць замежную мову ці яшчэ нешта. Але проста напісаць ці падумаць, чаго ты жадаеш, — недастаткова. Апісанне павінна быць падрабязнае, чым больш дэталяў, тым лепш.
Правільна сфармуляваць мэту — толькі пачатак і першы крок да яе здзяйснення. Наступным этапам будзе распрацоўка плана па дасягненні задуманага і жаданага. Умоўна мэты можна падзяліць на некалькі відаў (па часе іх дасягнення) — кароткатэрміновыя (да 1 года), сярэднетэрміновыя (ад 1 да 3-5 гадоў) і доўгатэрміновыя (ад 5 і больш гадоў).
Увогуле прапісваць і планаваць свае кароткатэрміновыя фінансавыя мэты лепш за ўсё ў пачатку года. Тады вы зможаце бачыць агульную карціну выдаткаў, якія чакаюць вас і вашу сям'ю ў найбліжэйшыя месяцы. Напрыклад, тут будуць зборы дзяцей у школу, ваш адпачынак ці яшчэ нешта. Калі з мэтай вызначыліся, то самы час перавесці яе ў фінансавы эквівалент, то-бок прыкінуць, якія сумы вам неабходныя для ажыццяўлення задуманага.
Безумоўна, фантазія часам не мае меж, але ўсё ж адчуваеш сябе больш камфортна і ўпэўнена, калі рэальна глядзіш на рэчы. Пры пастаноўцы фінансавых мэт можна скарыстацца спецыяльнай тэхнікай SMART, якая грунтуецца на алгарытме з пяці крокаў. За кожным з іх стаіць адно з патрабаванняў ацэнкі вашай мэты.
Паміж «хачу» і «магу»
— Самыя распаўсюджаныя памылкі пры пастаноўцы фінансавых мэт, як паказвае практыка, — няправільнае ўяўленне пра бюджэт і няўменне пралічыць усе нюансы. Людзі проста кажуць «хачу кватэру, адпачынак, аўтамабіль», але не маюць элементарнага ўяўлення пра кошт. А насамрэч — гэта асноўнае, таму што толькі разумеючы, якая сума патрэбна для рэалізацыі свайго жадання, мы зможам дзейнічаць і разумець, у якім кірунку рухацца, — кажа фінансавы кансультант Святлана Мурашка. — Умоўна: ёсць у нас сям'я, якая хоча палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. Мэта доўгатэрміновая, і, як мы разумеем, з часам некаторыя акалічнасці тут могуць змяняцца — жыллё падаражэе ці стане таннейшае. Аднак, што б ні адбывалася, у самым пачатку варта вызначыцца, якую кватэру мы хочам купіць. У якім горадзе, з якой колькасцю пакояў, з якім рамонтам і планіроўкай і г. д. І толькі потым можна на тых жа сайтах з нерухомасцю паглядзець кошт такога жылля і зразумець, наколькі для нас рэальная такая пакупка. Проста сядаем і ў нататніку альбо ў табліцы Excel прыкідваем суму і перыяд, за які рэальна на яе зарабіць, назбіраць. Тады ўжо дакладна можна зразумець, падсілу нам дасягнуць жаданага альбо трэба разглядаць іншыя варыянты.
Калі з глабальнымі і вялікімі фінансавымі мэтамі ўсё больш-менш зразумела, то як быць, напрыклад, у сітуацыях, калі нашы ўласныя дзеці патрабуюць купіць дарагі падарунак? Тут ёсць свае нюансы. Бо часта жаданне дзіцяці займець нейкую цацку, рэч прадыктавана рэкламай, парадамі сяброў. Аднак не заўсёды такія запыты супадаюць з фінансавымі магчымасцямі сям'і. Як жа ў такім выпадку дзейнічаць? Адмаўляць ці дамаўляцца?
Спецыяліст адзначае, што «змагацца з дзіцячымі «хачу» вельмі складана. Але калі дзіця выхоўваецца ў тым ліку і фінансава, то з ім можна абгаворваць такія сітуацыі. Напрыклад, сын ці дачка ходзяць з бацькамі ў краму, і там ім тлумачаць, што і чаму купляюць бацькі. Так у дзяцей фарміруецца ўспрыманне таго, як робіцца выбар тавараў, як суадносяцца якасць і цана. Тое ж самае і з сітуацыяй, калі дзеці актыўна ўдзельнічаюць у планаванні сямейнага бюджэту. Тады ў іх ёсць магчымасць разумець, на што будуць выдаткоўвацца грошы ў наступным месяцы. Усе гэтыя працэсы аднойчы вельмі дапамагаюць пры ўзнікненні спантаннага жадання набыць нешта папулярнае, моднае. Бо вы з вашым дзіцем размаўляеце на адной мове, і ў такім выпадку лягчэй растлумачыць яму, якія могуць быць варыянты для здзяйснення пакупкі. Напрыклад, можна дамовіцца, што будзеце разам адкладаць грошы пэўны час, альбо купіце рэч на нейкае свята ў падарунак. Ваша пазіцыя павінна наглядна дэманстраваць: вось такія сумы нам спатрэбяцца, таму вось ад гэтага давядзецца адмовіцца.
І потым разам ужо ў працэсе абмеркавання можна прыняць сумеснае рашэнне, як дзейнічаць далей».
Стаўка на эмоцыі?
Між тым у наш час, калі раптам узнікае жаданне нешта набыць, людзі часта звяртаюцца ў банк па крэдыты. У такой магчымасці ёсць як прыхільнікі, так і тыя, хто катэгарычна супраць. Бо крэдыты бываюць розныя. І, як паказвае практыка, не заўсёды мэтазгодна імі карыстацца. Напрыклад, наў-
рад ці варта браць на сябе такога кшталту грашовыя абязацельствы, калі вам хочацца стаць уладальнікам самай новай мадэлі мабільнага тэлефона. Гэта неразумна з пункту гледжання фінансавых паводзін.
А вось іншая сітуацыя: сям'я хоча палепшыць жыллёвыя ўмовы. Муж і жонка падлічваюць свае заробкі і разумеюць, што купіць сваю кватэру ці пабудаваць дом за кошт зберажэнняў змогуць гадоў праз дваццаць. Тады, магчыма, і варта звярнуцца ў банк па крэдыт. Хоць працэнты там не малыя, але ж на карту пастаўлены камфорт сям'і, які адбіваецца і на здароўі, і на эмацыянальным фоне...
— Што датычыцца пакупак, тут я заўсёды кажу пра эмацыянальны складнік. Калі, скажам, вы купілі новы гаджэт і радуецеся яму пару дзён, а потым на змену эйфарыі прыходзіць сумная думка пра крэдыт, які трэба аддаваць, то ўзнікае пытанне: якую эмоцыю вы купілі? Я ў такім кантэксце магу прывесці свой прыклад — набыццё бесправаднога пыласоса. Ён з'явіўся ў мяне пяць гадоў таму, але да сённяшняга дня я шчаслівая. Купляць варта доўгатэрміновыя эмоцыі. Зразумела, кожная сітуацыя мае свае нюансы. Аднак крэдыт ці растэрміноўка неабходныя толькі ў тым выпадку, калі мы набываем вырашэнне нейкай сапраўднай праблемы, і яно радуе нас доўгі час, — дзеліцца думкамі Святлана Мурашка.
Фінансы ў кантэксце нашых патрэб і жаданняў — тэма сапраўды важная, якая патрабуе індывідуальнага і граматнага падыходу, каб дасягнуць вынікаў і застацца ў плюсе.
Алена ДРАПКО
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Памяць — гэта тое, што робіць нас людзьмі.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.