Вы тут

Досвед паліглота: прымаем ці не?


Прырода чытацкага стаўлення да літаратараў нярэдка будуецца не столькі на творах, колькі на асобе аўтара, на яго творчай (і бытавой) біяграфіі. Ці ведала б на памяць «Чорнага чалавека» такая колькасць людзей, ці меў бы верш такую пазамастацкую моц, калі б Ясенін не злоўжываў алкаголем і не скончыў самагубствам? Ці займалі б Маякоўскі і Купала такое высокае месца ў літаратуры, каб не, зноў жа, загадкавая смерць і складаныя зносіны з савецкай уладай, супрацоўніцтва (у мностве сэнсаў) з якой падзяліла творчыя шляхі паэтаў на «да» і «пасля»?


Звычайныя чытачы па канонах рамантычных стэрэатыпаў часам шукаюць літаратуру ў самой літаратары. Да таго ж можна было б паглыбіцца ў з’явы аўтарскага міфа і медыявобраза, але тады атрымаўся б зусім іншы тэкст, таму можна проста сцвярджаюць, што сёння акцэнт на асобе важны, як ніколі, і хутчэй да чытача даходзяць тыя творы, за якімі стаіць нешта большае, чым чалавек, які нешта некалі напісаў. Аўтар — не проста творца, але твар сваіх тэкстаў.

І ў якасці своеасаблівага кейса можна паспрабаваць разабраць не зусім факт літаратуры, але кнігу, якае мае да яе дачыненне, — «Чароўны свет моў і  паэзіі» за аўтарствам Юрася Жалезкі — не толькі літаратара, літаратуразнаўца і  перакладчыка, але ў першую чаргу паліглота. Дарэчы, падзагаловак так і гучыць: «Досвед паліглота».

У асноўным аўтар ставіць перад гэтай кнігай навучальную мэту: праз свой досвед давесці да шырокага кола чытачоў думку аб тым, што паліглотам можа быць, па сутнасці, кожны пры належнай працавітасці — і на ўласных прыкладах паліглот дэманструе, якімі дакладна метадамі гэта рабіць. 19 моў  — лічба значная, таму чакаеш адпаведнай значнасці гісторый засваення: ці то з боку ўласных і прыродных здольнасцей, ці то з выкарыстаннем хітрых стратэгій, прымальных у  сітуацыях недахопу часу. Але сцэнарыст біяграфіі Юрася Жалезкі (можа, Госпад, а можа, і сам Юрась) робіць сваю справу не надта прафесійна, таму адказ, які атрымлівае чытач на пытанне пра сакрэт поспеху, гучыць глуха: «Вывучыў, бо вывучыў». Амаль кожны эпізод вывучэння мовы зводзіцца да звычайнага «паставіў перад сабой мэту, патраціў час — і вывучыў». Нават у момантах, калі аўтар акцэнтуе асаблівую ўвагу на тым, што зараз будзе дзяліцца канкрэтнымі «лайфхакамі», даецца ўсяго толькі падрабязнае апісанне таго, як многа-многа разоў пераслухваў касеты з аўдыёматэрыяламі дапаможнікаў, пакуль не вызубрываў іх на памяць. Аўтар прайшоў праз некалькі вышэйшых адукацыйных устаноў (у тым ліку замежных), меў досвед размоў з  носьбітамі тых моў, якія вывучаў, але інфармацыя даецца ў  амаль пратакольным тоне: спачатку адбылося першае, потым — другое, а следам — і трэцяе.

З гэтага пункту гледжання гісторыі Юрася Жалезкі моцна не хапае мастацкага аздаблення ці хаця б увагі да дэталей. У эпізодах размовы з носьбітамі замежных моў, думаю, можна было б уплесці цікавыя вытрымкі з дыялогаў. Эпізоды жыцця ў замежжы ахопліваюць выключна ўніверсітэцкія актыўнасці, хаця маглі б выхапіць з памяці аўтара і нешта пазаўніверсітэцкае. Вяртаючыся да тэмы самапрэзентацыі аўтара, з якой усё пачыналася, можна канстатаваць незацікаўленасць аўтара ў вербальным самаўпрыгожванні, што можа быць добрай рысай у звычайным жыцці, але грае злы жарт з кнігай.

Нельга не паддацца пэўнаму прафесійна-крытычнаму адхіленню ў тым, што датычыцца момантаў, калі да працэсу біяграфічнага аповеду далучаюцца паэтычныя акцэнты. Гэта падаецца важным, бо існуе меркаванне, быццам поўнае засваенне замежнай мовы адбываецца тады, калі чалавек становіцца здольным ствараць на гэтай мове паэтычныя тэксты. Мовай-прыкладам у выпадку з вершамі паўстае выключна беларуская, але нават такой дробнай праявы хапае для таго, каб паставіць пад сумненне веды аўтара.

У рыфмаваных творах, прыведзеных у кнізе, Юрась Жалезка дапускае нематывавана халастыя радкі («Месяц спіць і марыць ён у снах // Што ў прасторы дзікай сам вандруе // Як яго ўладарніца Зямлі // Над якой ніхто тут не пануе»); бедныя рыфмы на адну галосную («хараство-віно», «усё-жыццё», «душая»); няўдалыя інверсіі («Сярод прыроды прыгажосці», «Птушка бо ўвесь час маўчала»)... На прыкладзе вершаў аўтар калі і не павінен быў сцвердзіць узровень свайго валодання беларускай мовай, то хаця б проста даць чытачу падставу для пазітыўнага да сябе стаўлення. Досвед паліглота: прымаем ці не?

У выніку адразу ў некалькіх сэнсах маем «кнігу-антонім». Па-першае, структурны антонім, бо дзве трэці яе займае лінгвістычная біяграфія аўтара, а  трэць, якая складаецца з  вершаў, з’яўляецца толькі ілюстрацыяй таго, што ў  паэтычнай кнізе было  б умоўнай «прадмовай». Па-другое, антонімам мэтавым, бо замест прыкладнога дапаможніка да вывучэння моў ці агульнаматывацыйнай кнігі, ці нават мінімальна цікавага нон-фікшну на кожнай з пазіцый вымалёўваецца строгае «анты-»: антыдапаможнік, антыматывацыя, антыцікавасць. І калі ў апошні раз згадаць тое, з чаго пачыналася размова, становіцца відавочным, што гэтай кнігай — у якой прыклады прафесійнай дзейнасці Юрася Жалезкі амаль не прадстаўлены (і нават вершы — хутчэй за ўсё зусім раннія і аматарскія), — аўтар нараджае пытанне: яго зборнік — гэта рэклама ці антырэклама?

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.