Канцэрт у... канцэрце
Адбылася гэтая гiсторыя гадоў з пятнаццаць таму, але помнiцца па-ранейшаму добра.
Значыць, лета на дварэ, жнiвень. З поля ўбралi збожжавыя, у працы вяскоўцаў наступiў кароткi перадых. А да яго якраз даляцела чутка, што ў раёне гастралюе спявачка Iрына Дарафеева, што ў нядзелю ў недалёкiм ад нас мястэчку адбудзецца вялiкi канцэрт.
Не скарыстацца такой магчымасцю проста грэх, бо калi яшчэ выпадзе?
Карацей, мы з сям'ёю сабралiся ехаць: за гадзiну-другую да пачатку ў багажнiк паклалi табурэтку (на ўсякi выпадак, каб нашай бабулi было дзе сесцi), у гародчыку нарэзалi самых прыгожых кветак i...
Мы загадзя прыехалi: на пляцоўцы каля школы поўным ходам iшлi апошнiя прыгатаваннi, народу збiра-
лася ўсё больш i больш...
А вось ужо i спявачка — прыгожая, узнёслая, хораша прыбраная... Павiтала ўсiх, заспявала... Грымнулi апладысменты, да сцэны рушылi хлопцы з прыгожымi вяргiнямi.
Iшлi яны, праўда, неяк няўпэўнена — хiсталiся трохi з боку ў бок. Аднак артыстка ўзяла iх кветкi, хораша падзячыла... Заспявала новую песню, а потым яшчэ...
Не паспела закончыць, як тыя ж двое прыхiльнiкаў няцвёрдай хадой, але ж навыперадкi, зноў панеслiся да сцэны — ужо з букетамi астраў... А напярэймы iм з iншага кута заспяшаўся старшыня сельсавета — мужчына вельмi аб'ёмны. Не, ён не бег, але гэтак спрытна перабiраў нагамi...
Затрымаў аднаго з фанатаў (мусiць, зрабiў вымову — папрасiў не перашкаджаць спявачцы?). Другi ў гэты час быў на сёмым небе ад шчасця, бо такi прарваўся — данёс, аддаў Дарафеевай кветкi!..
I трэба сказаць, што гэта быў толькi пачатак... канцэрта ў канцэрце, бо мы, гледачы, з асалодай слухалi песнi, а паралельна — сачылi за хлопцамi, якiя раз-пораз насiлi спявачцы кветкi.
Дзе бралi? Па-першае, у зале, у iншых людзей, якiм не хапала, можа, адвагi iсцi да сцэны, а па-другое...
Трохi пазней, пасля канцэрта, стала вядома, як моцна пацярпелi кветнiкi каля хат, размешчаных непадалёк ад школы.
...Без сумневу, у заслужанай артысткi Iрыны Дарафеевай было вельмi шмат розных незабыўных сустрэч i памятных канцэртаў. А ў нас — вось гэты.
Iрына Салата
г. Гродна
Выйсцi замуж — трэба знаць...
У той цёплы жнiвеньскi дзень я выпадкова апынулася на вакзале: праводзiла сяброўку ў вёску да бабулi, памахала ручкай услед цягнiку, а далей, як той казаў, аслупянела, бо ўбачыла... Яго — хлопца сваёй мары: прыгожая постаць, мяккi, славянскi тып твару, уважлiвыя шэрыя вочы...
Што цiкава, яны таксама глядзелi на мяне — захоплена, радасна. Яны казалi: «Анёл мой, я рады вас бачыць!»
I гэта не вельмi мяне здзiвiла, бо ў свае 18 я не толькi помнiла крылатае: «У чалавеку ўсё павiнна быць прыгожым...» Пасля пятага класа, у пiянерскiм лагеры, я, можна сказаць, не спускала вачэй з нашай важатай. У яе, Палiны, быў вельмi худы, выцягнуты твар, доўгi кручкаваты нос... Але пры гэтым — капа залатых валасоў, постаць каралевы, голас як звон ручайка. Да таго ж акуратнае моднае адзенне, лёгкi макiяж, туфелькi на шпiльках, усмешка...
Iншымi словамi, нарадзiўшыся зусiм непрыгожай, Палiна была прыгажуняй!
Вось i я з усiх сiл старалася. Ва ўсякiм разе, у той дзень прыбралася ў сукеначку сонца-клёш з цудоўным шалiчкам, у туфлi-лодачкi. Валасы — колеру спелай саломы (я ж на хiмфаку вучуся!) — сабраны ў прычоску «Афiцэры, за мной!».
I, як высвятлялася, не толькi яны?
...Хлопца звалi Колем. Мы пазнаёмiлiся, я даведалася, што ён таксама студэнт, праўда, сталiчнай ВНУ (а я — вiцебскай), што тут, у гэтым горадзе, жыве яго бабуля, што мы абое любiм марожанае, кнiгi i кiно, што зараз ён едзе ў Мiнск...
Адтуль на мой адрас хутка паляцелi пiсьмы. I чым больш iх было, тым часцей я лавiла сябе на крамольнай думцы (мне ж яшчэ вучыцца i вучыцца — другi курс), што Коля — якраз тое, што трэба: мой чалавек, мая палавiнка.
Ды i я — магчыма — яго?.. Ну раптам? Хоць тады, вядома ж, на каханне нiякiх намёкаў i нiякiх прызнанняў, бо з чаго б, калi мы толькi-толькi пазнаёмiлiся, калi памiж намi ўсяго i было, што некалькi гадзiн на вакзале, некалькi порцый марожанага?
Наступная сустрэча магла адбыцца зiмой: Коля пасля сесii збiраўся прыехаць да бабулi ў Вiцебск, а напярэдаднi нашу суседку запрасiлi на вяселле да пляменнiцы. На мяне яна пакiдала сваю кватэру i ў ёй — малога катка, Афоню. Такiм чынам, да экзаменаў я рыхтавалася за чужым сталом, у перапынках — пiсала пiсьмо... А кацяня гэтым часам стала адбiраць маю ручку — прасiць, каб я з iм гуляла...
Ну i як тут было адмовiць, калi яно такое прыгожанькае, такое пушыстае, мiлае...
Карацей, Колю я напiсала пра тое, што адчувала i бачыла, прычым без намёкаў, што Афоня — проста кацяня...
Адказ на гэты лiст быў вельмi хуткi i гэтакi ж злы. Коля пiсаў, што я яго падманула: ён, маўляў, да мяне ўсёй душой, а вось я, маючы iншага i такога ўжо ўлюбёнага кавалера, зводжу з розуму яшчэ i яго... Навошта?!
...Адказаць на гэтае досыць смешнае для мяне пытанне я збiралася пры сустрэчы, нават, калi выпадзе, можа, i пазнаёмiць Колю з Афонем. Уяўляла, як гэта будзе, як здзiвiцца i засмяецца Коля.
Аднак здзiвiлася я сама. I не менш.
Неяк да нас у дзверы пастукалi, я адчынiла i ўбачыла за парогам прыгожую дзяўчыну сваiх гадоў. Яна ўдакладнiла, цi я перад ёй, а потым працягнула мне... мой лiст да Колi, сказала, што знайшла яго выпадкова ў... мужа (?!) ў кiшэнi, што яны жанатыя ўжо чатыры гады.
— Мне здаецца, — казала Вера, — што Коля закахаўся. Iнакш не насiў бы з сабой гэты лiст, не перачытваў яго... Але ж у нас — сям'я, дачушцы трэцi гадок... Ды i ў вас — я прачытала — ёсць «мiлы Афоня», дык адступiцеся, не пiшыце яму, не сустракайцеся — не бурыце наша жыццё.
Не ведаю, чаму я тады не рассмяялася (хоць вельмi хацелася).
Не ведаю, куды — i, можна сказаць, iмгненна — знiклi ўсе пачуццi да Колi. А вось розум — наадварот — уключыўся.
— Пакладзiце гэты лiст назад у кiшэню, — параiла я сваёй госцi. — I нiчога не бойцеся (ва ўсякiм разе — з майго боку). Колю я напiшу праўду: што люблю Афоню, што ў нас з iм хутка вяселле.
...Калi выходзiла з дому, каб занесцi гэты лiст у паштовую скрынку, «жанiх» мой, разлучнiк Афоня, выбег насустрач — пацёрся аб ногi, папрасiўся на рукi.
Я з задавальненнем падняла яго, патрапала за вушкi, пагладзiла па пяшчотнай шыйцы, хоць ён, як кандыдат у «мужы», мог чакаць яшчэ i прысмакаў.
Зоя Наваенка
г. п. Падсвiлле,
Глыбоцкi раён
Галаву можна вешаць, ламаць, сушыць, намыльваць... Але не губляць!
Жыццё ёсць жыццё: нехта ў iм нешта губляе (найчасцей у транспартных сродках), нехта знаходзiць. Для гэтага, наколькi ведаю, нават спецыяльныя бюро створаны пры метрапалiтэнах, аўтобусных ды тралейбусных парках. I што толькi туды не трапляе: сумкi, планшэты, кашалькi, парасоны, тэлефоны, фотаапараты... Не кажучы ўжо пра дробязь накшталт тэнiсных ракетак цi пальчатак-рукавiц, калi, згубiўшы адну, не будзеш карыстацца i другой... Хiба, можа, пару знойдзеш, як Прынц з Папялушкай? Але ж гэта — хутчэй выключэнне, бо iншых людзей, якiя нешта згубiлi, шчаслiвымi не назавеш.
Дык вось. Хто-нiхто з маiх аднакурснiкаў пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii застаўся працаваць на кафедрах, з часам атрымаў вучоныя званнi i ўжо ў якасцi выкладчыкаў стаў ездзiць у профiльныя каледжы ды сярэднiя навучальныя ўстановы, каб параiць маладым вучыцца далей — якраз у акадэмii.
Той раз у камандзiроўку збiралiся двое — Iван Iванавiч (назавём яго так), загадчык кафедры, кандыдат навук, i зусiм малады аспiрант.
Апроч асабiстых рэчаў, яны бралi з сабой (калегi вельмi прасiлi) аб'ёмны сакваяж з метадычнай лiтаратурай. На вакзал яго прынёс аспiрант, ён жа ўладкаваў кнiгi на багажнае месца ў вагоне. Цягнiк крануўся.
Колькi там часу прайшло, я сказаць не бяруся, але ж праваднiца аб'явiла, што хутка iх станцыя — Пiнск. Усхваляваны Iван Iванавiч прылiп да вакна, бо цягнiк павiнен быў сустракаць наш агульны аднакурснiк, ён жа дырэктар мясцовага каледжа. Так i ёсць! Прыехаў! Iван Iванавiч заспяшаўся насустрач. Аспiрант, баючыся адстаць, рушыў следам за iм.
На пероне пачалiся абдымкi, першыя пытаннi пра здароўе, сям'ю, работу, пасля чаго Iван Iванавiч з форсам заявiў: «Мы там рознай лiтаратуры для вас прывезлi... Вiця, пакажы», — павярнуўся ён да маладога калегi, i той, якраз у тую ж мiнуту, зразумеў, што i сакваяж, i дыпламат з асабiстымi рэчамi паехалi ў бок Варшавы...
Чым скончылася гэта гiсторыя? Тым, што дырэктар каледжа хутка знайшоў дзяжурнага па станцыi, той звязаўся са сваiмi калегамi ў Брэсце, з начальнiкам цягнiка, якi на наступнай станцыi перадаў забыты багаж на пасажырскi цягнiк «Варшава — Масква».
I такiм чынам яшчэ раз пацвердзiў крылатае: «Абы галаву не згубiць... Усё астатняе, дасць бог, знойдзецца».
Валерый Гаўрыш
г. Чавусы
Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?