24 верасня, чацвер

Вы тут

Чым карысная язда на веласiпедзе?


Сёння многiя з нас праводзяць свой час за камп'ютарам. I чым далей развiваюцца тэхналогii, тым больш наш актыўны спосаб жыцця мяняецца на сядзячы. Але, як вядома, рух — гэта жыццё i здароўе. Медыкi не заклiкаюць наведваць штодня спартыўную залу. Можна актыўнiчаць лёгка i прыемна, напрыклад, з дапамогай веласiпеда. Гэта ўжо не руцiнная работа над сваiм целам, а проста забава. Якiя перавагi для здароўя нясе гэты занятак, расказала ўрач-гiгiенiст аддзялення гiгiены працы Мiнскага абласнога цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Iнга ФЯДОТКАВА.


  • Паляпшэнне сну. Паездка на веласiпедзе з ранiцы дапамагае арганiзму прачнуцца. А рэгулярныя нагрузкi днём цi ўвечары дапамагаюць пазбавiцца ад праблем са сном.

— Рэгулярныя паездкi выводзяць з арганiзма стрэсавы гармон — картызол, якi перашкаджае заснуць. Такiм чынам велапрагулкi дапамагаюць нам пазбавiцца ад бяссоннiцы, — расказвае Iнга Мiхайлаўна.

  • Паляпшэнне стрававання. Язда на веласiпедзе паляпшае абмен рэчываў. Дзякуючы гэтаму павышаецца апетыт i паляпшаецца ператраўлiванне ежы. Памятаеце, як хочацца есцi пасля веласiпеднай прагулкi? З'яўленне апетыту — прыкмета актыўнага абмену рэчываў.
  • Павышэнне вынослiвасцi. Дзякуючы рэгулярным паездкам на веласiпедзе павышаецца агульная вынослiвасць арганiзма, мы адчуваем сябе больш бадзёрымi, актыўнымi i моцнымi, лягчэй пераносiм нагрузкi падчас працоўнага дня, а наш эмацыянальны фон стабiлiзуецца. У вынiку паляпшаецца нават знешнi выгляд.
  • Знiжэнне вагi. Падчас веласiпеднай прагулкi спальваецца вялiкая колькасць калорый, змяншаюцца непажаданыя адклады ў вобласцi сцёгнаў. Пры гэтым наш арганiзм спальвае тлушч не толькi падчас паездкi, але i цягам некалькiх наступных гадзiн.
  • Паляпшэнне стану скуры. Рэгулярная язда на ве-ласiпедзе дапамагае замарудзiць старэнне скуры.

— Велапрагулкi ствараюць iдэальныя ўмовы для выпрацоўкi калагену, якi, у сваю чаргу, дапамагае затрымаць узнiкненне маршчын, — тлумачыць урач.

  • Павышэнне мышачнага тонусу. Веласiпед дапамагае трэнiраваць мышцы ног, грудзей, спiны, рук. Дзякуючы гэтаму паляпшаецца iх форма i адначасова павышаецца вынослiвасць.
  • Знiжэнне стрэсу i ўмацаванне нервовай сiстэмы. Велапрагулкi — самы хуткi спосаб атрымаць дозу гармонаў шчасця. Гэта выдатны спосаб «выпусцiць пару» пасля працоўнага дня.
  • Умацаванне сардэчна-сасудзiстай сiстэмы.

— Кардыёнагрузка, якую забяспечвае катанне на веласiпедзе, спрыяе ўмацаванню сардэчнай мышцы, павышэнню тонусу сасудаў, знiжэнню ўзроўню «дрэннага» i павышэнню «добрага» халестэрыну. Веласiпед у цэлым робiць кровазварот больш рацыянальным i эфектыўным, арганiзм пазбаўляецца ад застойных з'яў у крывяносных сасудах. Дзякуючы гэтаму iстотна знiжаецца рызыка сардэчна-сасудзiстых хвароб, — тлумачыць Iнга Фядоткава.

  • Узбагачэнне клетак кiслародам. Падчас катання кроў iнтэнсiўна ўзбагачаецца кiслародам, якi разам з iншымi пажыўнымi рэчывамi паступае да клетак галаўнога мозга i iншых органаў.
  • Прадухiленне варыкозу.

— У момант рухаў нагамi кроў пачынае актыўна цыркуляваць па крывяносных сасудах, не застойваючыся. Пры гэтым падчас язды на веласiпедзе цалкам адсутнiчае ўдарная нагрузка (якая ёсць падчас бегу), а гэта карысна для суставаў, — удакладняе медык.

  • Паляпшэнне работы лёгкiх. Пры яздзе на веласiпедзе нашы лёгкiя працуюць больш актыўна. Дзякуючы прымусовай вентыляцыi яны хутчэй вызваляюцца ад таксiчных рэчываў, якiх хапае амаль у любым сучасным горадзе.
  • Паляпшэнне зроку. Велапрагулкi карысныя для трэнiроўкi зроку. Бо вам даводзiцца сачыць за дарогай, погляд пастаянна факусуецца i пераключаецца з прадмета на прадмет. Такая трэнiроўка вочных мышцаў знiжае рызыку ўзнiкнення блiзарукасцi.
  • Умацаванне iмунiтэту. Той, хто рэгулярна бавiць вольны час з веласiпедам, iстотна павышае здольнасць арганiзма супрацiўляцца iнфекцыям, дзякуючы чаму радзей пакутуе ад сезонных хвароб — грыпу i прастуд.

— Памятайце, што важна правiльна ацэньваць свае магчымасцi. Не трэба катацца да знемажэння, бо ў першую чаргу такiя прагулкi павiнны прыносiць радасць, — нагадвае ўрач.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

«Горш за ўсё, калi канфрантацыйная рыторыка гучыць з боку ўлады».

Грамадства

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

У гэтым праекце знаёмім вас з бяздзетнымi парамi, якiя хацелі, але праз стан свайго здароўя не маглі мець дзяцей.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.