Вы тут

Лукашэнка: Наша краіна вымушаная надаваць пільную ўвагу забеспячэнню ўласнай ваеннай бяспекі


Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на цырымоніі ўшанавання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу.


Віншуючы афіцэраў з заканчэннем вучобы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта падзея па-сапраўднаму значная не толькі для іх, але і для органаў ваеннага кіравання, воінскіх частак і фарміраванняў сілавых структур, куды, па яго словах, прыйшло «новае, добра падрыхтаванае, дасведчанае афіцэрскае папаўненне».

Прэзідэнт падкрэсліў асаблівую сімвалічнасць таго, што дыпломы афіцэры атрымалі ў год святкавання вялікай гістарычнай даты — 75-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа.

«Але сённяшняй рэальнасцю стала пагроза разбурэння глабальнай сістэмы кантролю над узбраеннямі, у тым ліку ядзернымі, нягледзячы на тое, што 75 гадоў таму ўсе адчулі і зразумелі, што такое вайна. Сутыкненні геапалітычных інтарэсаў звышдзяржаў падаграваюць тлеючыя і спараджаюць новыя лакальныя канфлікты. Прычым няма прымальных універсальных рэцэптаў для іх вырашэння», — канстатаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік краіны ўпэўнены, што мілітарызацыя Усходняй Еўропы і актывізацыя ваеннай дзейнасці, у тым ліку каля беларускіх межаў, ні да чаго добрага не вядзе.

«Рызыкі і выклікі ў ваеннай сферы растуць. Давер паміж краінамі падрываецца. І на гэтым фоне эканамічныя, дэмаграфічныя, а таксама экалагічныя праблемы будуць абвастрацца», — папярэдзіў лідар дзяржавы.

Па яго словах, Беларусь выступае актыўным удзельнікам працэсу ўмацавання міжнароднай бяспекі.

«Пры гэтым наша краіна вымушаная надаваць пільную ўвагу забеспячэнню ўласнай ваеннай бяспекі, і найважнейшая роля ў гэтым адводзіцца Узброеным Сілам. Мы абсталёўваем войскі новымі і мадэрнізаванымі танкамі, сродкамі сувязі і радыёэлектроннай барацьбы, радыёлакацыйнымі станцыямі, пастаянна абнаўляем парк авіяцыйнай тэхнікі», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён запрасіў і афіцэраў Узброеных Сіл, прысутных у Палацы Незалежнасці, актыўна ўключыцца ў працу па падтрыманні пастаяннай баявой гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей.

Галоўнай задачай супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, па словах кіраўніка дзяржавы, з’яўляецца забеспячэнне грамадскага парадку ў краіне і бяспекі грамадзян, а прыярытэтамі застаюцца процідзеянне наркаманіі, карупцыі, узмацненне барацьбы з крадзяжамі і злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогій.

Службы, падраздзяленні і органы кіравання Міністэрства па надзвычайных сітуацыях павінны яшчэ больш працаваць на папярэджанне і ліквідацыю інцыдэнтаў і аварый. Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы прапанаваў звярнуць на бяспечную эксплуатацыю атамнай станцыі.

Выпускнікам-пагранічнікам Аляксандр Лукашэнка наказаў надзейна забяспечыць ахову дзяржаўнай мяжы.

Адна з асноўных задач спецслужбаў — выяўленне і нейтралізацыя элементаў тэрарызму, экстрэмізму, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці, прадухіленне спробаў нанясення шкоды эканоміцы. Гэта таксама падкрэсліў Прэзідэнт.

«Кожны з вас — пісьменны, усебакова падрыхтаваны афіцэр-прафесіянал, упэўнены: патрыёт, які прысвяціў сваё жыццё бескарысліваму служэнню краіне і нашаму народу. Перакананы, што вы зможаце належным чынам абараніць нашу Айчыну, грамадзян і грамадскую стабільнасць. Памятайце, што вы з’яўляецеся спадчыннікамі пераможных традыцый нашых дзядоў і прадзедаў», — звярнуўся да афіцэраў Вярхоўны галоўнакамандуючы.

Сёння традыцыйна ўручаны генеральскія пагоны. Як нагадаў Прэзідэнт, у Беларусі камандзіраў такога ўзроўню зусім няшмат, і атрыманне гэтага звання з’яўляецца публічным прызнаннем заслуг афіцэра.

Выпускнікам вышэйшых ваенных вучэбных устаноў Аляксандр Лукашэнка пажадаў таксама даслужыцца да генеральскіх пагонаў, а ўсім удзельнікам цырымоніі — моцнага здароўя, поспехаў у службе і асабістым жыцці. Прэзідэнт уручыў падзякі лепшым выпускнікам ваенных ВНУ.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.

Грамадства

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Першае i галоўнае правiла — яшчэ дома вызначыцеся з тым, што вам трэба.