Вы тут

На маляўнічым беразе Дзвіны


Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», які сёлета прымаў гасцей з 16 па 19  ліпеня, называюць галоўнай культурнай падзеяй года. На XXIX форуме, што праходзіў пад дэвізам «Я люблю цябе, жыццё», трыумфатарамі сталі беларусы. Па рашэнні прафесійнага журы Гран-пры на конкурсе маладых выканаўцаў дасталася Раману Волазневу. Галоўная ўзнагарода дзіцячага міжнароднага конкурсу таксама засталася ў Беларусі — Гран-пры заваявала Ангеліна Ламака.


Фестываль задумваўся як свята дружбы народаў: беларусаў, расіян і ўкраінцаў. Падчас адкрыцця форуму Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Чвэрць стагоддзя таму гэтае вялікае дзейства магло адправіцца ў падарожжа па гарадах і вёсках разваленага Савецкага Саюза. А ў гэтым годзе ён мог проста стаць на паўзу, як гэта здарылася з вядомымі сусветнымі шоу і конкурсамі. Але тады і сёння мы збераглі наш “Славянскі базар”, нашу славянскую традыцыю. Нягледзячы на закрытыя граніцы, тут сабраліся самыя яркія тытулаваныя артысты з Беларусі, Расіі, Украіны, брацкіх нам народаў і рэспублік і іншых дзяржаў. Інакш, напэўна, і быць не магло».

Традыцыйнае

Як і заўжды, старт фестывалю даў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які ўпэўнены: беларускі народ ніколі не пасуе перад выклікамі часу. Паводле яго слоў, прамоўленых на канцэрце адкрыцця, «Славянскі базар» стаў сэрцам культурнага і духоўнага адзінства.

«Асабліва сёння, калі ўсе краіны і народы знаходзяцца на мяжы глабальнага геапалітычнага крызісу, перадзелу свету, для нас жыццёва важна захаваць традыцыю, якая аб’ядноўвае людзей. Што б ні адбывалася ў свеце, міжнародны фестываль “Славянскі базар” заўсёды разбураў бар’еры і ўмацоўваў дружбу народаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сапраўды, на сцэне фестывалю з году ў год выступалі артысты розных нацыянальнасцей, розных палітычных і рэлігійных поглядаў, з розных краін. Але, не зважаючы на міжнародныя канфлікты, міжнацыянальныя і ўнутрыпалітычныя крызісы, тут заўсёды панавалі мір, дружба і ўзаемаразуменне. «У чым сакрэт? Напэўна, і перш за ўсё — у культурным кодзе славян, у агульнай тысячагадовай гісторыі продкаў сучасных славянскіх народаў. У ёй мы не знойдзем фактаў варварскага разбурэння традыцый і знішчэння іншых цывілізацый. Ёсць толькі стварэнне і ўзаемаўзбагачэнне культур. Мы мірныя людзі, рабілі і будзем рабіць усё прыгожа і мірна. Таму штогод “Славянскі базар у Віцебску” прыцягвае да сябе ўдзельнікаў і гасцей з розных куткоў планеты на гэты маляўнічы бераг Дзвіны», — адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

 Між тым, Прэзідэнт уручыў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2019-2020 гады. Яны традыцыйна прысуджаюцца за значны ўклад ва ўмацаванне адносін братэрства, дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй. Іх уладальнікі вызначаюцца раз на два гады. Упершыню прэміі Саюзнай дзяржавы былі ўручаны ў 2002 годзе.

Сёлета ўзнагароды атрымалі кінарэжысёр студыі «Летапіс» народны артыст Беларусі Анатоль Алай, мастацкі кіраўнік тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Аляксандр Яфрэмаў і аўтарскі калектыў у складзе рэжысёраў Ірыны Марголінай, Аксаны Чаркасавай, Алены Пяткевіч і Ірыны Кадзюковай. Спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення» атрымаў эстрадны спявак народны артыст Расіі, Украіны і Малдовы Філіп Кіркораў.

«Для мяне вялікі гонар другі раз прыняць адну з самых галоўных узнагарод Беларусі. У маёй памяці той вечар, калі я атрымаў ордэн Францыска Скарыны. Гэта было некалькі гадоў таму. Думаю, што ордэн я сапраўды заслужыў, гэтак жа як і тыя, хто дастойна прадстаўляў Беларусь на конкурсе “Еўрабачанне”, калі я напісаў песню Дзмітрыю Калдуну, стаў прадзюсарам гэтага выступлення. І сапраўды, на сёння гэта самы высокі рэзультат Беларусі на “Еўрабачанні”, і я вельмі ганаруся, што меў да гэтага дачыненне»,  — адзначыў Філіп Кіркораў, прымаючы ўзнагароду ад Аляксандра Лукашэнкі.

Дарэчы, у Дзень Саюзнай дзяржавы перад пачаткам адмысловага канцэрта дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота ўручыў дыпломы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы за творчае ўвасабленне ідэі сяброўства народаў Беларусі і Расіі. За вялікі ўнёсак ва ўмацаванне беларуска-расійскіх сувязей узнагароды ўдастоены кіраўнік аркестра «Фонограф-Симфо-Джаз» Сяргей Жылін (Расія). Калектыў мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» узнагароджаны за рэстаўрацыю і музеефікацыю збудаванняў Брэсцкай крэпасці пры падтрымцы Саюзнай дзяржавы. Дыплом за даследаванне беларуска-расійскіх літаратурных сувязей атрымалі супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча. За ўдзел у праекце Саюзнай дзяржавы па стварэнні Ржэўскага мемарыяла Савецкаму салдату і правядзенне мерапрыемстваў да 75-годдзя Вялікай Перамогі ўзнагародзілі дырэктара Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945  гадоў Аляксандра Школьніка (Расія).

Конкурснае

Па-ранейшаму галоўнай сцэнай фестывалю быў Летні амфітэатр. Там прайшлі самыя маштабныя мерапрыемствы «Славянскага базару». У іх ліку — конкурс маладых выканаўцаў. Сёлета Гран-пры, спецыяльны прыз «Ліра» і грашовую прэмію ў памеры 20 тысяч долараў атрымаў прадстаўнік Беларусі Раман Волазнеў.

Конкурс праводзіўся два дні. У першы ўдзельнікі выконвалі песню кампазітара краіны на роднай мове, у другі — выступалі з кампазіцыяй на выбар. Так, у першым туры Раман Волазнеў выканаў беларускамоўную песню «Свяча», якую напісаў сам на верш Максіма Багдановіча, а ў другім  — «Autumn Leaves». Дарэчы, гэтую кампазіцыю і каверы на яе запісвалі на розных мовах вядомыя выканаўцы па ўсім свеце. У выніку прадстаўнік Беларусі набраў 134 балы, столькі ж атрымала Эліна Івашчанка, прадстаўніца Украіны, якой у выніку журы прысудзіла першую прэмію конкурсу «Віцебск-2020». Лаўрэатам другой прэміі стала Караліна Лында з Літвы, а трэцюю падзялілі паміж сабой Хансултан (Казахстан) і Івона Одзіцкі (Боснія і Герцагавіна). Між тым, Раман Волазнеў удастоены таксама спецыяльнай узнагароды імя Уладзіміра Мулявіна за лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, высокае выканальніцкае майстэрства і спецыяльнага прыза Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі «Славянская надзея» прысуджаны Эліне Івашчанка. Канкурсантка з Расіі Freyman адзначана спецыяльнымі прызамі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі і Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «МИР».

За перамогу ў XXIX Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2020» спаборнічалі ўдзельнікі з 14 краін: Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Італіі, Казахстана, Кубы, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Сербіі, Украіны і Эстоніі. Адзнакі канкурсантам сёлета выстаўлялі Іна Афанасьева (Беларусь), Кейт Раян (Бельгія), Томас Невергрын (Данія), Карлыгаш Абдзікарымава (Казахстан), Ладзіслаў Бубнар (Славакія), Наталля Бучынскія (Украіна). Узначаліў журы народны артыст Расіі Алег Газманаў.

У XVIII Міжнародным дзіцячым конкурсе перамагла прадстаўніца Беларусі Ангеліна Ламака. Сёлета ў ім ўдзел узялі выканаўцы з 17 краiн: Арменii, Беларусi, Боснii i Герцагавiны, Iталii, Казахстана, Канады, Латвii, Лiтвы, Малдовы, Расii, Сербii, Турцыi, Украiны, Фiнляндыi, Францыi, Харватыi i Эстонii. Першую прэмію атрымала Крыступас Кэруліс з Латвіі, другую падзялілі паміж сабой Жасмін Тлеумбетава (Казахстан) і Уладзімір Сяркоў (Расія), трэцюю прэмію заваявалі Багдана-Б’янка Вістэрнічану з Малдовы і Анастасія Мартынюк з Украіны. Старшынёй журы стаў заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Саладуха.

Цікава, што з гэткім рэзультатам на «Славянскім базары ў Віцебску» беларускія артысты выступілі 15 гадоў таму. Тады пераможцамі сталі Паліна Смолава і Ксенія Сітнік.

Выставачнае                 

У межах свята адбыліся і адмысловыя мастацкія праекты  — выстаўка «Geometric flight» Дар’і Ерамеевай, экспазіцыя «Усё жыццё ў святле рампы», прысвечаная народнай артыстцы Беларусі Святлане Акружной, і Міжнародны конкурс майстроў традыцыйнага і сучаснага мастацкага роспісу «Фарбы нябёсаў». Жывапіс мастака-графіка Дар’і Ерамеевай выяўляе геаметрычныя фантазіі аўтара. На выстаўцы, прысвечанай Святлане Акружной, прадстаўлены фотаздымкі са спектакляў з удзелам актрысы і яе фотапартрэты, афішы і праграмкі пастановак, дзе актрыса выконвала цэнтральныя ролі, сцэнічныя касцюмы гераінь Святланы Акружной, а таксама ўзнагароды (дзяржаўныя, фестывальныя і ад грамадскіх арганізацый). Сярод іх — «Крыштальная Паўлінка» Беларускага саюза тэатральных дзеячаў і імянны гадзіннік ад Прэзідэнта Беларусі.

На працягу двух дзён  — падчас конкурсу «Фарбы нябёсаў» — майстры з розных рэгіёнаў Беларусі распісвалі фарбамі тканіны, шкло, дрэва, кераміку. За працэсам назіралі члены журы, якое ўзначальвала кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт культуралогіі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава, вядучы метадыст абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Людміла Вакар. Крытэрыі, па якіх адбіралі пераможцаў, — адпаведнасць лакальным традыцыям, іх творчае пераасэнсаванне, захаванне тэхналагічных асаблівасцей, завершаны мастацкі вобраз. Уладальніцай Гран-пры конкурсу «Фарбы нябёсаў» стала Вольга Гукава з Паставаў за маляваны дыван «Беларускае вяселле». Першае месца заняла майстар роспісу па кераміцы Людміла Кавальчук з Віцебска.

Нязвыклае

Гэтым летам фестываль доўжыўся чатыры дні замест дзевяці. Між тым, запланаваныя імпрэзы Дня Саюзнай дзяржавы, Дзён моладзі, Дня беларускай культуры, якія пераважна прайшлі на адкрытых пляцоўках, сабралі вялікую колькасць аматараў спеваў і танцаў, народных рамёстваў і вулічнага мастацтва. Арганізатары задзейнічалі плошчу Перамогі, Летні амфітэатр, тэрыторыю каля канцэртнай залы «Віцебск», Пушкінскую плошчу і іншыя месцы ў горадзе.

У сувязі з эпідэміялагічным становішчам прайшла дабрачынная акцыя «Букет дабрыні». Доступ да сцэны Летняга амфітэатра гледачам, якія традыцыйна віталі артыстаў, дарылі сувеніры і кветкі, быў абмежаваны дзеля выканання мер бяспекі. Таму выказаць шчырыя пачуцці да любімых выканаўцаў можна было, пералічыўшы на спецыяльна створаны рахунак любую суму  — на прэзенты або кветкі артыстам. Усе атрыманыя грошы пойдуць на дапамогу выхаванцам Сененскай школы-інтэрната для дзяцей-сiрот i дзяцей, якія засталiся без апекi бацькоў.

Наступны, юбілейны, форум «Славянскі базар у Віцебску» пакажа, наколькі фестывальны глядач гатовы вяртацца да правераных хітоў і нечаканых навінак. А пакуль — толькі яркія эмоцыі ад мінулых сустрэч.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля.

Грамадства

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

У нашым акружэнні практычна заўсёды знойдзецца песіміст, нечым пакрыўджаны, запальчывы чалавек, вакол якога заўсёды скандалы і звадкі. 

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент