Вы тут

Адкрылася трэцяя пазачарговая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання


У панядзелак у Авальнай зале Дома ўрада адкрылася трэцяя пазачарговая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання.


Адкрываючы пасяджэнне, спікер ніжняй палаты парламента Уладзімір Андрэйчанка паведаміў, што пазачарговая сесія склікаецца згодна з рашэннем кіраўніка дзяржавы для заслухоўвання штогадовага Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Беларусі і разгляду іншых пытанняў.

Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, па інфармацыі БелТА, запланавана на 4 жніўня.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прагаласавалі за правядзенне сумеснага з Саветам Рэспублікі пасяджэння для заслухоўвання штогадовага Паслання Прэзідэнта Беларусі беларускаму народу і парламенту.

У парадак дня пасяджэння сесіі 3 жніўня ўключаны тры пытанні: аб ратыфікацыі Выканаўчай праграмы паміж урадамі Беларусі і Егіпта; аб далучэнні Беларусі да Пратакола аб абмене інфармацыяй у электронным выглядзе паміж удзельнікамі СНД для ажыццяўлення падатковага адміністравання; аб ратыфікацыі Пагаднення аб асаблівасцях ажыццяўлення аперацый з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі ў рамах ЕАЭС.

Парламентарыі ратыфікавалі выканаўчую праграму паміж урадамі Беларусі і Егіпта аб супрацоўніцтве ў сферы вышэйшай і паслявузаўскай адукацыі.

Па словах старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіміра Андрэйчанкі, адносіны паміж Беларуссю і Егіптам развіваюцца вельмі дынамічна па самым шырокім коле напрамкаў. Ён нагадаў пра візіты Прэзідэнта Беларусі ў Егіпет у 1998, 2017 гадах і лютым сёлета і пра леташні візіт Прэзідэнта Егіпта ў Мінск.

«Дагаворна-прававая база нашых двухбаковых адносін уключае парадку 50 міжнародных дагавораў, у іх ліку гандлёвае пагадненне, пагадненне аб эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, узаемадзеянні ў інавацыйнай, падатковай і іншых сферах», — сказаў ён. 

Міжурадавая выканаўчая праграма прадугледжвае супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі і адукацыі пасля завяршэння ВНУ, яна была падпісаная ў лютым гэтага года ў Каіры падчас афіцыйнага візіту туды Прэзідэнта Беларусі.

Міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка паведаміў дэпутатам, што палажэнні выканаўчай праграмы развіваюць нормы міжурадавага пагаднення ў галіне вышэйшай адукацыі, якое было падпісанае ў 1998 годзе, і прадугледжваюць арганізацыю на парытэтных умовах і на падставе конкурснай заяўкі штогадовага абмену на поўны курс навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі абедзвюх дзяржаў студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. Ён паведаміў, што кожны навучальны год на такіх умовах будуць прымацца чатыры чалавекі на навучанне ў ВНУ і яшчэ адзін — у аспірантуру, навучанне будзе бясплатным з выплатай стыпендый. Выканаўчая праграма таксама прадугледжвае накіраванне выкладчыкаў ва ўстановы адукацыі краіны-партнёра.

Міністр праінфармаваў, што зараз у Беларусі навучаецца каля 50 егіпецкіх студэнтаў, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт рыхтуе кадры для мэблевай прамысловасці Егіпта, у Нацыянальным дзіцячым аздараўленчым цэнтры «Зубраня» ў канцы жніўня плануецца прыём каля 20 дзяцей з гэтай краіны. 

Дэпутаты прагаласавалі і за два іншыя законапраекты парадку дня.

Пасля завяршэння пасяджэння сесіі старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк падзяліўся з журналістамі сваімі чаканнямі ад Паслання Прэзідэнта Беларусі народу і парламенту, якое адбудзецца заўтра ў Палацы Рэспублікі.

«Пасланне — гэта заўсёды вельмі важная рэч, — падзяліўся з журналістамі сваімі чаканнямі ад заўтрашняй падзеі старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк. — Пасланне адбудзецца па самай важнай тэме, пра якую Прэзідэнт ужо неаднаразова казаў на працягу апошніх месяцаў, — гэта ўмацаванне суверэнітэту і нацыянальнай незалежнасці».

Па меркаванні дэпутата, на гэтых выбарах вырашаецца пытанне пра тое, ці будзе Беларусь незалежнай, суверэннай, культурнай і сацыяльна самадастатковай краінай. Ён дадаў, што гэтыя выбары адбываюцца пад беспрэцэдэнтным знешнім прэсінгам. 

«Думаю, што Аляксандр Лукашэнка заўтра растлумачыць, што краіна не прадаецца ні за якія каўрыжкі, раскажа аб тым, як мы будзем развівацца, і пра тое, як мы будзем умацоўваць рэальную суверэннасць і рэальную незалежнасць, — сказаў ён. — ...Мы будзем развіваць сваю эканоміку, палітыку, культурную матрыцу ў адпаведнасці з тымі памкненнямі, якія для нас з’яўляюцца святымі».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.