Вы тут

Ці складана працаваць важатай?


Некалькі гадоў таму, падчас вучобы ў Лінгвагуманітарным каледжы Мінска, я пазнаёмілася з Юліяй ДРОБЫШ. Маладая прывабная дзяўчына выкладала ў нашай групе бізнес-англійскую мову. Кампетэнтная, добра ведала свой прадмет... І ў той жа час тактоўная, спагадлівая, удумлівая... Але мы палюбілі яе не толькі за гэта. На занятках навучэнцы ніколі не баяліся задаваць пытанні або выказваць свае думкі. Але ж дысцыпліны і якасці ведаў ад гэтага ніколі не бракавала і заўсёды яны былі на высокім узроўні.


Ва­жа­тая (у цэнт­ры) з атра­дам.

Я скончыла каледж... Юлія таксама змяніла месца работы і зараз настаўнічае ў адной з мінскіх школ. Але яе пары засталіся ў маёй памяці. Справа ў тым, што Юлія адна з тых асоб, пра якіх звычайна кажуць: «чалавек з вялізарнай унутранай энергіяй». Напэўна, з-за таго, што дзяўчына мае патрэбу бесперапынна аддаваць яе людзям, штогод, падчас свайго адпачынку ўлетку, яна з сур'ёзнага і строгага педагога ператвараецца ў вясёлую важатую, якая з лёгкасцю прыдумляе крычалкі, ставіць творчыя нумары ды танцуе разам з выхаванцамі.

Дзяўчына скончыла факультэт англійскай мовы МДЛУ ў 2016 годзе і атрымала спецыяльнасць выкладчыка рыторыкі і дзвюх замежных моў: англійскай і нямецкай. А ў ролі важатай упершыню паспрабавала сябе на практыцы пасля трэцяга курса, і з таго часу кожны год працуе ў гэтай якасці на ўсіх пяці летніх лагерных зменах.

Цікава, ці адрозніваюцца абавязкі выхавальнікаў пры рабоце з дзецьмі розных узростаў? Юлія расказвае, што працавала з малодшымі толькі аднойчы, калі ўпершыню прыехала ў лагер на практыку... Наступныя разы дзяўчыне даставаліся старэйшыя атрады. Параўнаўшы, суразмоўніца зрабіла выснову, што менавіта ёй падабаецца мець справу з больш дарослымі дзецьмі.

— Калі займаешся з маленькімі, вельмі шмат дадатковых абавязкаў, якія аўтаматычна знікаюць пры стасунках з падлеткамі. Першым даводзіцца дапамагаць у шматлікіх бытавых момантах, часам у іх зусім няма ўмення сачыць нават за сваёй асабістай гігіенай... За «малянят» нярэдка трэба рабіць усё: і выразаць, і маляваць, і ставіць танцы. Мне здаецца, што ў рабоце з імі адзіны плюс: рана кладуцца спаць! (Смяецца.) А ў больш дарослых хлопчыкаў з дзяўчаткамі сваё светабачанне і інтарэсы, яны заўсёды маюць арыгінальныя думкі і нетыповыя ідэі. Прапаноўваюць, ставяць нумары, прыдумляюць плакаты, крычалкі, гербы і іншае.

Але і работа з падлеткамі мае свае нюансы. Магчыма, болей сур'ёзныя, чым нейкія бытавыя моманты з маленькімі дзецьмі. Юлія кажа, што даволі часта першыя робяць спробы правезці на тэрыторыю лагера цыгарэты або спіртныя напоі. Таму галоўная задача важатых: каб падлеткі заўсёды былі дагледжаныя і не рабілі небяспечных ды шкодных для здароўя спраў. Пастаянны кантроль вельмі важны, бо ён дапамагае пазбегнуць траўмаў. Калі выхаванец атрымлівае яе падчас спартыўных мерыпрыемстваў, гэта лічыцца няшчасным выпадкам. А калі нешта здарылася ў вольны час, калі адказныя асобы не дагледзелі за дысцыплінай, тады ўсю адказнасць за траўму нясе важаты. Асабіста ў Юліі не было такога досведу, бо яны з калегамі стараюцца не пакідаць выхаванцаў без нагляду.

Таксама суразмоўніца расказвае, што дзеці са старэйшых атрадаў не заўсёды зацікаўлены ў лагерных мерапрыемствах. З некаторых яны проста вырастаюць, не жадаюць спяваць ці танцаваць, завісаючы ў сацыяльных сетках. Задача важатай — зацікавіць і аб'яднаць атрад, паказаць, што праводзіць час можна не толькі ў сеціве. У Юліі заўсёды атрымліваецца гэта зрабіць, і напрыканцы змены ўсе развітваюцца са слязамі на вачах.

Юлія (зле­ва) з ад­ной з вы­ха­ва­нак.

Як важатыя дапамагаюць справіцца са стрэсам ад расставання?

— Мы запрашаем дзетак зноў вяртацца ў летнік. Хтосці можа прыехаць на змены ў гэты ж год, а хтосьці сустрэнецца з пасталелымі сябрамі наступным летам. Проста кажам, што мы ўсе будзем на сувязі, будзем перапісвацца ў сацыяльных сетках, абменьвацца фотаздымкамі і гэтак далей, — дзеліцца сваімі педагагічнымі сакрэтамі Юлія.

Увогуле, летні лагер часта бывае тым месцам, дзе дзіцё ўпершыню пазнае сапраўднае сяброўства, саперніцтва, каханне... Важатыя ў такіх сітуацыях становяцца ледзве не адзінымі, да каго можна звярнуцца, з кім можна пагутарыць, спытаць парады.

— Выхавальнікі вельмі часта дапамагаюць дзецям у вырашэнні псіхалагічных і эмацыянальных праблем. Галоўнае — устанавіць кантакт, выклікаць давер выхаванцаў, каб яны былі гатовыя падзяліцца з вамі перажываннямі. Але заўсёды трэба трымацца залатой сярэдзіны ў стасунках. Нельга станавіцца найлепшай сяброўкай, бо ўсё ж такі павінна быць субардынацыя. Але важатаму абавязкова трэба застацца тым чалавекам, якому дзеці могуць давяраць. А яшчэ трэба заўсёды разумець, што некаторыя праблемы, якія нам, дарослым, падаюцца несур'ёзнымі, для падлеткаў могуць быць сапраўднай катастрофай.

Як прызнаецца Юлія, ёй пашанцавала, што яе работа — таксама і яе хобі. Яна нават не адносіцца да важацтва як да абавязку, бо заўсёды працуе ў кайф і адчувае задавальненне ад таго, што робіць. Дзяўчына кажа, што калі б было інакш, яна проста не займалася б гэтым.

— Я люблю кантактаваць з людзьмі, асабліва з дзецьмі. А сядзець за камп'ютарам і паперкамі мне зусім не падабаецца... Даўно зразумела: дзеці — гэта тое, што мне патрэбна. Яны зараджаюць мяне пазітыўнымі эмоцыямі і вайбамі, як і я іх. Кожны год вяртаюся ў гэты дзівосны свет дзяцінства, каб падзяліцца сваёй энергіяй і атрымаць новыя ўражанні...

Паліна ПРАКАПЕНЯ, студэнтка ІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота з асабістага архіва суразмоўніцы

Загаловак у газеце: «Мая праца — маё хобі», або Як вярнуцца ў дзівосны свет дзяцінства

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.