Вы тут

За апошнiя пяць гадоў у Беларусi мэтанакiравана зарыблена 73 вадаёмы i вадатокi


Сярод iх вадасховiшчы Вiлейскае, Заслаўскае, Чыгiрынскае, азёры Лепельскае, Плешчанiцкае, рэкi Прыпяць, Дняпро i iншыя. Для гэтага ў воды краiны была змешчана 161 тона рыбы, або 574 тысячы асобiн.


Асноўныя вiды, якiя выкарыстоўваюць для зарыблення вадаёмаў, — шчупак i сом. У тых выпадках, калi вадаём трэба пачысцiць, гэта робяць з дапамогай вiдаў, якiя з'яўляюцца натуральнымi фiльтратарамi, — таўсталобiка i белага амура. Дадаткова могуць падсяляцца карась, сазан, лiнь i сцерлядзь.

Пра гэта расказаў Анатоль МАЛАЖАЎСКI, намеснiк старшынi праўлення Рэспублiканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства паляўнiчых i рыбаловаў». Дарэчы, колькасць яго ўдзельнiкаў зараз складае 36 тысяч чалавек. Члены БТПР рэгулярна плацяць узносы, грошы з якiх i накiроўваюцца на зарыбленне вадаёмаў. Наўзамен члены таварыства маюць шэраг пераваг — магчымасць лавiць рыбу не пяццю кручкамi (гэтая колькасць дазволена для ўсiх рыбаловаў-аматараў), а дзесяццю. Таксама БТПРаўцы маюць права на падводнае паляванне, лоўлю рыбы на дарожку з суднаў з рухавiком.

Другi кiрунак, у якiм працуе БТПР, — гэта спартыўнае рыбалоўства. У краiне гэтым спортам займаецца каля трох тысяч чалавек, у тым лiку 400 юных рыбаловаў. Прафесiйна — каля 300 чалавек. У Беларусi штогод праходзiць прыкладна 100 спаборнiцтваў раённага, мiжраённага, абласнога i рэспублiканскага ўзроўняў па спартыўным рыбалоўстве.

Акрамя гэтага, па iнiцыятыве «Беларускага таварыства паляўнiчых i рыбаловаў» з 2014 года праводзiцца акцыя «Чысты вадаём», накiраваная на экалагiчнае выхаванне грамадзян, а таксама на прывядзенне ў парадак прыбярэжнай зоны вадаёмаў напярэдаднi адкрыцця сезона актыўнага адпачынку. У ёй бяруць удзел члены БТПР, прадстаўнiкi прыродаахоўных дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый, неабыякавыя грамадзяне, найперш рыбаловы. Штогод прыбiраецца каля 700 кубiчных метраў смецця, якое вывозiцца на адпаведныя палiгоны. Вычышчаецца прыбярэжная зона, даўжыня якой сумарна па краiне складае каля тысячы кiламетраў.

Каб пасля зарыблення не парушылася натуральная папуляцыя вадаёма, трэба вельмi сур'ёзна рыхтавацца да гэтага працэсу. Правесцi манiторынг вадаёма, выпрацаваць падставы для зарыблення, прапанаваць пэўныя вiды рыб, якiя не нашкодзяць абарыгенам. Гэтым i займаецца Iнстытут рыбнай гаспадаркi, — паведамiў Андрэй СЯРГЕЕЎ, загадчык лабараторыi сажалкавай i iндустрыяльнай рыбагадоўлi iнстытута. Прадпрыемства супрацоўнiчае з краiнамi-суседзямi: напрыклад, з Расiйскай Федэрацыяй наконт трансгранiчнай ракi Дняпро, з Лiтвой i Калiнiнградскай вобласцю — наконт Нёмана i гэтак далей. Таксама цяпер праводзiцца манiторынг уплыву новай беларускай АЭС на раку Вiлiя, якая знаходзiцца побач.

Падвёў вынiк Уладзiмiр УСЦIН, загадчык сектара запаведнай справы Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi па бiярэсурсах:

— Мы намагаемся, каб усе сферы — прыродаахова вадаёмаў, экалагiчны i рыбалоўны турызм — развiвалiся комплексна i каб адзiн кiрунак дапаўняў другi.

Палiна ПРАКАПЕНЯ

Прэв’ю: fishes.by

Загаловак у газеце: Лавiся, рыбка!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.