Вы тут

Найлепшае — выбар журы


Вызначаны пераможцы конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія — 2019». Сёлета найлепшымі літаратарамі сталі Ігар Пракаповіч, Іван Саверчанка, Уладзімір Сцяпан, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Вольга Нікіценка (Івалга) і Валерый Грышкавец. На прэс-канферэнцыі «“Нацыянальная літаратурная прэмія — 2019” як адлюстраванне сучаснага літаратурнага працэсу», што прайшла ў прэс-цэнтры Дома прэсы, падвялі вынікі літаратурнага спаборніцтва і паразважалі пра важнасць узнагароды.


Падчас прэс-канферэнцыі.

Сёлета на прэмію было прадстаўлена звыш 80 твораў намінантаў. Іх разгледзеў экспертны савет, куды ўваходзяць прадстаўнікі кнігагандлю, сталічнай гарадской і дзіцячай бібліятэкі. Былі праведзены маркетынгавыя даследаванні, каб высветліць, якія творы найбольш карыстаюцца попытам. У выніку да конкурсу былі дапушчаны 64 работы. Затым да працы прыступіла журы, якое вызначыла найлепшыя творы.

Як і звычайна, конкурс праводзіўся ў 7 намінацыях: «Найлепшы твор (зборнік твораў) паэзіі»; «Найлепшы твор прозы»; «Найлепшы твор драматургіі»; «Найлепшы твор публіцыстыкі»; «Найлепшы дэбют» (першая публікацыя ці выданне аўтара ў  жанрах паэзіі, прозы, публіцыстыкі); «Найлепшы твор для дзяцей і юнацтва»; «Найлепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства». Так, зборнік аповесцей і апавяданняў «Хвалі» Уладзіміра Сцяпана стаў найлепшым празаічным творам (прадстаўлены і выдадзены выдавецтвам «Мастацкая літаратура»), а выбранае «Застаюся назаўсёды» («Остаюсь навсегда») Валерыя Грышкаўца — пераможца ў намінацыі на найлепшы твор паэзіі (прадстаўлены і выдадзены ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі»). Кніга-квэст Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Ключ ад Вялікай Каштоўнасці», прадстаўленая Мінскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі і выдадзеная ў Выдавецкім доме «Звязда», стала найлепшым творам для дзяцей. У катэгорыі «Найлепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства» журы вылучыла кнігу «Магія слова» Івана Саверчанкі, прадстаўленую і выдадзеную «Мастацкай літаратурай». Найлепшы твор публіцыстыкі напісаў Ігар Пракаповіч — «Пастаўшчына» з серыі «Падарожжа па родным краі» (твор прадстаўлены і выдадзены выдавецтвам «Беларусь»). Зборнік вершаў «Сузор’е птушкі» Вольгі Нікіценкі, прадстаўлены Мінскім гарадскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі і выдадзены ў «Мінкапрынт», журы назвала найлепшым дэбютам. Найлепшы твор драматургіі не вызначалі: на конкурс трапіла толькі адна кніга.

Уручэнне прэміі падчас Дня беларускага пісьменства будзе адной з найярчэйшых і знакавых падзей, упэўнена Алена Стэльмах, старшыня журы, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. «Таленавітыя аўтары пераадолелі дастаткова складаны шлях у дасягненні гэтай мэты. Вядома ж, калі на конкурс было прадстаўлена шмат цікавых работ, вялікая колькасць аўтараў, то журы не пазайздросціш. Складана вызначыцца з найлепшымі імёнамі. Тым не менш галоўная сутнасць любой прэміі, а тым больш Нацыянальнай літаратурнай, гэта беларуская літаратура, роднае слова, чытанне. Літаратура ўплывае на нашу свядомасць, фармулюе нацыянальную культуру, традыцыі, асобу. Таму трэба добра ўяўляць, што Нацыянальная літаратурная прэмія — не проста ўзнагарода, а тая літаратура, якая значна ўплывае на беларусаў, на наш нацыянальны характар», — зазначыла яна.

Навум Гальпяровіч, намеснік дырэктара канала «Культура» Беларускага радыё, падкрэсліў: нашай літаратуры не хапае глыбокага аналізу, грунтоўнай гаворкі. Трэба больш падрабязна гаварыць пра тое, што пішуць сёння, чым жывуць сучасныя літаратары і літаратура ўвогуле. Па яго словах, творы, прадстаўленыя на Нацыянальную прэмію, сведчаць, што беларуская літаратура жыве і развіваецца.

Конкурс праводзіцца штогод у мэтах падтрымкі развіцця беларускай мастацкай літаратуры і творчасці айчынных пісьменнікаў, стымулявання стварэння новых высокамастацкіх твораў у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, публіцыстыкі, літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства для дарослых, дзяцей і юнацтва, папулярызацыі кнігі і чытання ў грамадстве. Нацыянальная літаратурная прэмія зацверджана ў 2015 годзе. Яе заснавальнікі — Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з сайта Дома прэсы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.