Вы тут

Пад Смалявічамі прайшлі вучэнні па рэагаванні на аварыі і надзвычайныя сітуацыі на аб'ектах жыццезабеспячэння


У Беларусі заканчваецца падрыхтоўка да чарговага ацяпляльнага сезона. Аварыі на аб'ектах жыццезабеспячэння — лініях электраперадачы, кацельнях, трубах — у гэты час асабліва вострыя. Улетку непаладкі з той жа кацельняй не такія прыкметныя. Жыхары дамоў з цэнтралізаваным гарачым водазабеспячэннем і так застаюцца на два тыдні без яго праз планавае адключэнне. Не вельмі прыемна, але не крытычна. А вось ва ўмоўныя мінус дзесяць сядзець без цяпла — так сабе перспектыва.


Канешне, ідэальную страхоўку ад усіх імаверных здарэнняў вынайсці немагчыма. Затое можна зрабіць іншае — ліквідаваць іх наступствы як мага хутчэй. А каб навучыцца гэта рабіць у высокім тэмпе, патрэбны адмысловыя «прагоны» сітуацыі. Вось таму ў пасёлку Зялёны Бор пад Смалявічамі прайшлі вучэнні па рэагаванні на аварыі і надзвычайныя сітуацыі на аб'ектах жыццезабеспячэння. У іх удзельнічалі як ратавальнікі, так і камунальнікі, энергетыкі і прадстаўнікі газавай службы. Каардынаваў іх дзеянні штаб па ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі на чале з намеснікам старшыні Смалявіцкага райвыканкама Ігарам Кузняцовым.

Пэўна, такой колькасці спецыялістаў, якія ліквідавалі адну аварыю за другой, невялічкі пасёлак не бачыў ніколі. Будзем спадзявацца, што рэальнай нагоды для гэтага ніколі і не настане. Дзеянне спачатку разгарнулася блізу мясцовай кацельні. Яна дае цяпло больш чым у 40 дамоў, сярод якіх — амаль тры дзясяткі шматпавярховікаў, школа, дзіцячы садок, сельвыканкам, лазня, дом культуры... Агулам яна абаграе каля 2300 чалавек. Па задуме вучэнняў, на адну з апор ліній электраперадачы, якая сілкуе кацельню, упала дрэва. Пры гэтым яно зачапіла чалавека, які праходзіў побач. Медыкі аказалі яму неабходную дапамогу. Электрычнасць жа на перыяд рамонту выпрацоўвала дызель-генератарная ўстаноўка.

Гарачая вада і цяпло павінны паступаць незалежна ад любых абставін. І калі што, у ход павінен уступіць рэзерв. Аднак вось незадача — кацёл, які працуе на цвёрдым паліве, выйшаў са строю. Некрытычна — на гэты выпадак ёсць рэзервовы, на газе. Ды вось толькі ў спешцы не да захавання патрэбнага тэхналагічнага працэсу. Як вынік — выбух. Кацельнае абсталяванне пашкоджана так, што не можа працаваць. Ды калі б і магло, то дзе? Бо выбуховай хваляй вынесла вокны і дзверы ў памяшканні. Там былі два супрацоўнікі кацельні. А людзі па-ранейшаму застаюцца без цяпла.

На месца падзей прыехалі аварыйныя брыгады, якія знайшлі пацярпелых, перадалі іх медыкам і разгарнулі спецыяльную блочна-модульную кацельню. Перасоўны комплекс стане генерыраваць цяпло, пакуль не будзе адрамантаваны будынак і асноўныя рабочыя катлы. Нарматыўны час яго пуску — да 50 хвілін.

— Адначасова пасёлак без цяпла не застанецца, — запэўніваюць спецыялісты Смалявіцкай ЖКГ. — У нас ёсць магчымасць падтрымліваць ціск у сістэме цеплазабеспячэння пры дапамозе адмысловай помпы.

З двух ствалоў ратавальнікі тушаць будынак, з вокнаў якога валяць клубы дыму. Да тарца кацельні пад'ехалі аўтавышкі. Унутры пажар ужо патушаны, але полымя паспела падпаліць дах. Калі будынак шчодра паліваюць вадой, то зверху гасяць агонь пенай. Пашкоджанні з вышыні зняла камера беспілотніка.

А тым часам новая бяда — парвала трубу цеплатрасы...

— Падобныя вучэнні праводзяцца ў кожным раёне, — зазначыў начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Лапановіч. — У іх аснову закладваюцца максімальна складаныя сцэнарыі развіцця неспрыяльных падзей. Гэта трэба для таго, каб праверыць на трываласць дзейнасць дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

Вось і ў нашым выпадку падчас правядзення земляных работ у месцы парыву цеплатрасы коўш пашкодзіў і газавую трубу. Утварыўся свішч. Таму камунальнікі павінны паказаць, як яны аператыўна працуюць у такіх сітуацыях — накласці бандаж на газавую трубу, раскапаць цеплатрасу, адпампаваць адтуль ваду, заварыць трубу.

Таксама спецыялісты рэгулярна замяралі загазаванасць пры дапамозе лазернага дэтэктара. Ды і пра забеспячэнне спецыялістаў, якія вядуць рамонт, таксама трэба паклапаціцца. Таму для іх разгарнулі спецыяльны пункт, дзе можна было пагрэцца і пад'есці.

Вынікі вучэння абазначыў намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр Кручанаў.

— Алгарытм правільны, а дзеянні прадстаўнікоў розных ведамстваў і арганізацый вельмі зладжаныя, — зазначыў ён. — Так, ёсць рэчы, якія спрагназаваць і папярэдзіць не можа ніхто. Але для таго і патрэбна зладжанасць, каб аператыўна адрэагаваць на праблему і выпрацоўваць новыя падыходы для яе вырашэння.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. 

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.