Найбліжэйшыя дні верасня яшчэ пацешаць нас сапраўдным цяплом, аднак у выхадныя камфортнасць надвор'я парушыць моцны парывісты вецер, а на наступным тыдні пахаладае, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У суботу тэрыторыя краіны застанецца ў цёплай паветранай масе, удзень на паўднёвым захадзе Брэсцкай вобласці адаб'ецца ўплыў франтальнага падзелу. Прагназуецца пераважна без ападкаў, толькі ўдзень месцамі па заходнім рэгіёне пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымыя навальніцы. Раніцай і ўдзень на большай частцы тэрыторыі чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с. Уначы чакаецца ад 9 цяпла па ўсходзе да плюс 17 градусаў па захадзе краіны, удзень будзе 21—27 цяпла.
Пад уплыў атмасферных франтоў, якія перамяшчаюцца з тэрыторыі Украіны, мы трапім у нядзелю. Уначы па паўднёвым захадзе, удзень на большай частцы краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах магчымыя навальніцы. У многіх раёнах чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с, тэмпература паветра ўначы складзе 10—17 цяпла, удзень — ад плюс 17 градусаў да плюс 23.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, на наступным тыдні тэмпературны фон пачне паступова паніжацца і наблізіцца да звычайных для канца верасня значэнняў. У панядзелак уначы на большай частцы тэрыторыі, удзень месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы будзе ад 7 да 14 цяпла, удзень — плюс 13—20 градусаў. Кароткачасовыя дажджы прагназуюцца ў аўторак і сераду. Тэмпература паветра ў аўторак уначы складзе 7—14 градусаў вышэй за нуль, удзень — плюс 13—20 градусаў, па паўднёвым усходзе краіны — да 22 цяпла.
Пералом надвор'я на восень сіноптыкі чакаюць ужо ў сераду. Максімальная тэмпература ўдзень складзе 11—18 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: zr.ru
У лясніцтвах ужо тыдзень кіпіць работа.
«Адно немагчыма без другога».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.