Вы тут

У фінале WorldSkills Belarus каманда Гомельскай вобласці заваявала 14 медалёў


Каманда Гомельскай вобласці заваявала 14 медалёў у фінале рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus, які адбыўся 15—18 верасня. За Гомельшчынай — два залатыя, шэсць срэбных і шэсць бронзавых медалёў. Іх уладальнікі — маладыя рабочыя, спецыялісты, навучэнцы і студэнты ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.


Фота: gp.by

Фінал IV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 праходзіў на тэрыторыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Спаборніцтвы праходзілі па 47 кампетэнцыях у такіх кірунках як транспарт, лагістыка, творчыя прафесіі і мода, сацыяльныя і персанальныя паслугі, а таксама інжынерныя, будаўнічыя, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі.

— «Золата» ў кампетэнцыі «Тэхналогіі праектавання будынкаў (BIM)», якая ўпершыню была прадстаўлена на рэспубліканскім конкурсе, заваявалі супрацоўніцы ТАА «Праектнае Бюро „Жылбудпраект“» Марына Жукава і Таццяна Фралова, — патлумачыла дырэктар абласнога навучальна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Таццяна Радкоўская. — Яшчэ адным медалём вышэйшай якасці ўдастоены студэнт ГДУ імя Ф. Скарыны Данііл Дамасканаў. Яго «золата» у кампетэнцыі «Сеткавае і сістэмнае адміністраванне».

«Срэбра» камандзе Гомельшчыны прынеслі ўдзельнікі WorldSkills Belarus 2020 у кампетэнцыях «Фларыстыка», «Графічны дызайн», «Цырульнае мастацтва», «Кулінарнае мастацтва і хлебапячэнне» і «Пачатковая адукацыя».

Вызначаны і ўладальнікі бронзавых медалёў у фінале рэспубліканскага конкурсу. «Бронзу» у скарбонку каманды Гомельшчыны прынеслі ўдзельнікі спаборніцтваў у кампетэнцыях «Сантэхніка і ацяпленне», «Сталярная справа», «Праграмныя рашэнні для бізнэсу», «Фларыстыка», «Зварачныя тэхналогіі» і «Рэстаранны сэрвіс».

— Асобныя ўдзельнікі з Гомельскай вобласці ўвойдуць у нацыянальную зборную, якая ў наступным годзе паедзе на чэмпіянат WorldSkills Competition у Шанхай (Кітай), — адзначае Таццяна Радкоўская. — На працягу гэтага часу ўдзельнікі будуць трэніравацца, каб годна прадставіць нашу краіну на міжнародным узроўні.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.