Вы тут

Інтэр'ер для эстраднай зоркі. Глусчане сведчаць, што Філіп Кіркораў заказваў на іх фабрыцы дзверы


На жаль, канкрэтнага пацвярджэння гэтаму не захавалася, але ўсё можа быць. Менавіта ў Глуску існавала вядомая на ўвесь Савецкі Саюз фабрыка па вытворчасці мэблі. Тыя, чыя маладосць прыйшлася на пасляваенны перыяд, напэўна, памятаюць стыльныя канапы з драўлянымі спінкамі і круглымі падлакотнікамі. А шафы з люстэркамі яшчэ можна сустрэць у вясковых хатах. Зараз такой фабрыкі няма, але ёсць людзі, якія могуць згадаць гісторыю яе існавання.


Вольга Байко дэманструе абсталяванне, якое зрабіла Глуск вядомым на ўвесь Савецкі Саюз.

Бізнес на асіне

На Дні пісьменства ў Бялынічах, які сёлета прымала Магілёўшчына, я звярнула ўвагу на незвычайныя экспанаты ад Глускага раёна — старадаўнія чамаданы, асінавы капялюш (хоць мне спачатку падалося, што ён саламяны), гардэроб савецкай модніцы. Як высветлілася, усё гэта мае дачыненне да легендарнай фабрыкі, якая да рэвалюцыі называлася «Спартры», а потым перажыла шмат трансфармацый і змен назваў. Але справа па вытворчасці той самай спартры — асінавай габлюшкі, якую распачаў у беларускай глыбінцы прадпрымальны немец, — жыла амаль да развалу вялікай краіны. Падобных ёй на ўвесь Савецкі Саюз было яшчэ дзве — на Урале і ў Ленінградзе. З асінавай габлюшкі тут рабілі нарыхтоўкі для капелюшоў, фіранак і іншых вельмі запатрабаваных рэчаў. У капелюшах з глускай рагожкі фарсілі савецкія модніцы і нават замежныя бізнесвуман. Праўда, крута?

— У нас у Глуску жыве дачка майстрыхі, якая мела дачыненне вось да гэтых капялюшыкаў, — заінтрыгавала начальніца аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глускага райвыканкама Алена Самуйлік, кіўком паказваючы на вялікі стэнд, дзе маладая дзяўчына за станком пляце асінавую касу.

Ніна Шум прыйшла на фабрыку сямнаццацігадовай дзяўчынай ў канцы 40-х мінулага стагоддзя. На той момант у арцелі працавалі некалькі сотняў чалавек, прычым 70 % з іх былі камсамольцамі. Не дзіўна, што адбылося, кажучы сучаснай мовай, рэбрэндзіраванне назвы прадпрыемства на больш рэвалюцыйную «КІМ» — Камуністычны інтэрнацыянал моладзі. А ў 1960 годзе арцель перайменавалі ў прамкамбінат. Вытворчасць была значна пашырана, але драўняная габлюшка працягвала вырабляцца. Пра яе нават напісалі ў сваім неўміручым рамане «12 крэслаў» Ільф і Пятроў: «Унутры моднай і капялюшнай кватэры не было ні спартры, ні адстройвання, ні безгаловых манекенаў з афіцэрскай выпраўкай...» Гаспадыня кватэры проста знайшла іншы спосаб падзарабіць. Але ёсць людзі, якія памятаюць калі не пра капялюшыкі, дык пра фіранкі з глускай спартры, якія ўпрыгожвалі крымскія здраўніцы.

Вось з гэтым чамаданам мы ездзілі да бабулі ва Украіну.

Дзяўчына з плаката

Майстрыхі Ніны Шум ужо, на жаль, няма ў жывых, але яе дачка Ганна Шум жыве ў гістарычнай частцы гарадскога пасёлка, дзе раней знаходзіўся яўрэйскі квартал. Побач — аптэка, і Ганна Шум сцвярджае, што калісьці гэтым вялікім домам, дзе акрамя яе жыве яшчэ дзве сям'і, валодаў заможны яўрэй. Ён жа быў уладальнікам аптэкі. Дом з высокай столлю агульнай плошчай прыкладна 150 «квадратаў» пабудаваў сабе ў 1880 годзе. Зараз у Ганны рамонт і мы сядзім у застаўленым рознай мэбляй пакоі. Дарэчы, часткова зробленай на Глускім прамкамбінаце. Сёння гэта, лічы, музейныя экспанаты.

— Гэтым крэслам і зэдлікам ужо болей чым 70 гадоў, — кажа суразмоўніца. — У нас калісьці быў поўны набор мэблі. Я сядзела на крэсле, рабіла ўрокі і ўяўляла сябе царыцай, бо гэта крэсла было з такой спінкай, што падавалася мне тронам. А яшчэ яно вельмі дысцыплінавала. Калі мы з сястрой хадзілі ў музычную школу, хатнія заданні заўсёды выконвалі на гэтым троне. Можаце смяяцца, але нават інструмент па-іншаму гучаў. Крэсла неверагодным чынам стымулявала стараннасць. Да яго так і хацелася звярнуцца, як Гаеў у чэхаўскім «Вішнёвым садзе» да шафы, — паважанае крэсла.

Акрамя маці, на фабрыцы працаваў і бацька Ганны Вадзім. Жанчына згадвае, як ён прыехаў з Украіны ў іх маленькі гарадок, убачыў юную Ніну і вырашыў застацца. Глуск наогул лічыўся перспектыўным населеным пунктам. Тут было шмат моладзі і ніякіх праблем з работай.

— Нашы майстры мелі залатыя рукі, — запэўнівае Ганна. — Рабілі дзверы, кухонныя гарнітуры, выконвалі індывідуальныя заказы — сюды прыязджалі за мэбляй з усяго Савецкага Саюза. Той жа Кіркораў, як мне расказвалі, дзверы заказваў. Пасля развалу Саюза прадпрыемства абанкруцілася. А да таго часу на ім можна было зарабіць вельмі добрыя грошы.

У такіх сукенках красаваліся мясцовыя модніцы.

Чамадан з абрыкосавым варэннем

А хто не ведае пра глускія чамаданы? У сямідзясятыя імі карысталіся, напэўна, усе жыхары Савецкага Саюза. Глуск пастаўляў іх ва ўсе куточкі вялікай краіны, у тым ліку ў Маскву, Ленінград, Свярдлоўск. У Ганны яшчэ захавалася некалькі такіх чамаданаў. Натуральная скура, металічныя ражкі, драўляныя дэталі, кардон — было прэстыжна валодаць такім модным аксэсуарам. Чамаданам не менш за паўстагоддзя, кажа Ганна і смяецца, што яна іх равесніца.

— З маленькім, які называюць яшчэ дэмбельскім, бацька хадзіў у лазню — там вельмі зручна размяшчаліся венік і прыналежнасці для мыцця, — усміхаецца яна. — А вунь з тым, што крыху паболей, мы ездзілі ў госці да бабулі ва Украіну. Родам мой тата з Данецкай вобласці, з сумна вядомай нам сёння Горлаўкі. Але ў тыя часы гэта было месца, куды я любіла ездзіць на канікулы. Назад вярталіся з поўным чамаданам прысмакаў. Бабуля рабіла цудоўнае абрыкосавае варэнне і мы цалкам запаўнялі ім чамадан — ён станавіўся непад'ёмны. Ехалі тры дні. Выязджалі з Бабруйска, а ў Харкаве рабілі перасадку. Бабуліны пельмені, баршчы і варэнікі дагэтуль згадваю з настальгіяй.

У сярэдзіне 80-х Ганна, калі вучылася ў старэйшых класах, нават падпрацоўвала падчас канікул на знакамітай вытворчасці. Была пры справе і мела ўласныя грошы. Наогул, кажа, жылі цікава. А ў час парадаў вельмі ганарыліся, калі аб'яўлялі, што ў калоне ідуць работнікі Глускага прамкамбіната.

Станок, які зрабіў Глуск вядомым на ўвесь свет

Каб карцінка склалася цалкам, трэба пабываць у раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, дзе захоўваецца тое самае абсталяванне, дзякуючы якому немец разбагацеў, а Глуск стаў вядомым месцам.

— Яго нам перадалі мясцовыя жыхары, — удакладняе галоўны захавальнік музея Вольга Байко.

Прынцып работы просты: замацаваў прыстасаванне на сцяне, заціснуў у ім драўляную нарыхтоўку — і з дапамогай разака рабі сабе танюсенькую габлюшку. Яшчэ адно прыстасаванне прызначалася для таго, каб плесці з яе косы. А выраўноўваць іх дапамагаў так званы прэс.

— Адначасова можна было зрабіць чатыры стужачкі. З іх потым ткалі асінавыя рагожкі. У савецкі час яны вельмі шырока выкарыстоўваліся ў якасці фіранак, — кажа Вольга і паказвае на яшчэ адзін станок. Ён якраз і прызначаны для таго, каб рабіць на ім гэтыя палотны.

Супрацоўніца музея расказвае, што працавалі на фабрыцы ў некалькі змен, і першая распачынала сваю работу ажно ў чатыры гадзіны раніцы. Тым, хто хацеў падзарабіць, дазвалялася плесці габлюшку дома. Гэта быў дадатковы заробак. Кажуць, што за палотнамі глускіх ткачых прыязджалі нават з краін Цэнтральнай Азіі. За адно плацілі 14—16 капеек. Не шмат, але ж гэта былі жывыя грошы.

— Заўсёды цікава размаўляць з людзьмі, якія бачаць у музеі знаёмыя рэчы і расказваюць, як працавалі, — кажа Вольга. — Становіцца зразумела, што недарэмна збіраеш усё гэта. У Бялынічах на Дні пісьменства да нас падышла жанчына і нават расплакалася, гледзячы на сукенкі савецкага перыяду. У такіх мы хадзілі ў маладосці, з настальгіяй сказала яна. А мы сабралі іх, каб нагадаць, што тыя таксама вырабляліся на нашым прамкабінаце. У іх красаваліся мясцовыя модніцы.

У музеі ёсць яшчэ і Кніга народнай славы, куды ўпісаны імёны тых, хто меў дачыненне да Глускага прамкамбіната. Яе перадалі былыя работнікі з надзеяй, што іх нашчадкі будуць ганарыцца сваёй малой радзімай. Бо быў час, калі Глуск грымеў на ўвесь Савецкі Саюз.

Нэлі ЗІГУЛЯ, г. п. Глуск

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi здолеў паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?

Грамадства

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Аб альтэрнатыве клайпедскаму порту, рэканструкцыi Нясвiжскага палаца i роднай мове падчас сямейных сустрэч.

Грамадства

Заразіцца прафесіяналізмам. Чаму трапіць на неканферэнцыю настаўнікаў EdCamp лічыцца вялікай удачай?

Заразіцца прафесіяналізмам. Чаму трапіць на неканферэнцыю настаўнікаў EdCamp лічыцца вялікай удачай?

Чацвёртая педагагічная неканферэнцыя прайшла ў мінулыя выхадныя з нязменным аншлагам і сабрала больш як тры сотні педагогаў з розных куткоў нашай краіны.