Вы тут

Як вулiчкам мiкразоны ў Магiлёве разам з дэпутатамi асвятляў дарогу да школы


Аляксандр Пiкуля нездарма ўжо некалькi гадоў запар займае пасаду старшынi вулiчнага камiтэта мiкразоны Падгорная—Падмiколле, бо такога ўпартага i апантанага справай чалавека трэба яшчэ пашукаць. I нават тыя, на каго ён, бывае, скардзiцца, не крыўдзяцца, бо ўсе бачаць, што чалавек робiць гэта не са злосцi, а дзеля справы.


Сярэдняя школа № 33 не на яго ўчастку, але сюды ходзяць дзецi з «яго» мiкразоны. Яе скончылi i ўнукi Аляксандра Васiлевiча, але чамусьцi тады пытанне з асвятленнем дарогi не стаяла так востра. Школа знаходзiцца ў цэнтры шчыльнай жылой забудовы, лiхтароў там нiколi не было, i бацькi апошнiм часам вельмi перажываюць, што дзецям даводзiцца прабiрацца дадому ледзь не навобмацак. Некалькi гадоў таму яны пачалi звяртацца ў розныя iнстанцыi з патрабаваннем зрабiць асвятленне каля школы i дзiцячага садка № 81, што побач з ёй.

— Размова адбылася на сходзе, якi праводзiўся ў гэтай школе ў кастрычнiку 2018 года,— прыгадвае суразмоўца. — На сустрэчы прысутнiчалi дэпутаты, у тым лiку i Дзмiтрый Харытончык, на той момант старшыня аблсавета. Ён паабяцаў, што вырашыць праблему. Магчыма, часу не хапiла або былi нейкiя iншыя прычыны, але за год нiякiх зрухаў не адбылося. I на чарговым сходзе я зноў узняў гэтае пытанне.

На гэты раз справа была даведзена да лагiчнага завяршэння. Падключылiся дырэктар прадпрыемства «Гарсвятло» Аляксандр Пашкевiч, старшыня Магiлёўскага гарсавета Максiм Гурын, камунальныя службы. У маi яны разам са старастам абследавалi зону, якую патрэбна было б асвятлiць, i яшчэ да пачатку новага навучальнага года ўздоўж пешаходных тратуараў з боку Дняпроўскага бульвара i вулiцы Падгорнай з'явiлася 16 светлавых апор са святлодыёднымi лямпачкамi.

— Гэта яскравы прыклад таго, як плённа могуць працаваць органы мясцовага самакiравання, дэпутаты i мясцовая ўлада разам, — кажа Аляксандр Пiкуля. — Калi паставiлi першы слуп, мне тэлефанавалi настаўнiкi, каб паведамiць радасную навiну. Я добра ведаю, як яны чакалi гэтага моманту. Яны ж таксама нясуць адказнасць за бяспеку дзяцей. Але больш за ўсiх удзячны бацькi — iх нарэшце пачулi.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Фота аўтара

 

Каментарый у тэму

Старшыня Магiлёўскага гарсавета Максiм Гурын:

— Калi гараджане звяртаюцца да нас па дапамогу, яны вельмi спадзяюцца, што мы iх не падвядзём. Але вельмi часта ўсё ўпiраецца ў грошы. I мы шукаем спосаб, як выйсцi са складанай сiтуацыi . Калi ўсё атрымлiваецца, адчуваеш вялiкае задавальненне.

Каля 33-й школы сапраўды быў неасветлены ўчастак, але гэты аб'ект у гарадскi план мерапрыемстваў па добраўпарадкаваннi на сёлета не ўваходзiў. Прыйшлося шукаць спосаб, як вырашыць пытанне, бо бяспека дзяцей заўсёды на першым месцы. Звярнулiся да кiраўнiка магiлёўскага прадпрыемства «Гарсвятло» Аляксандра Пашкевiча, якi з'яўляецца дэпутатам аблсавета, абмеркавалi праблему з кiраўнiцтвам упраўлення камунальных прадпрыемстваў, разам выехалi на месца, каб вызначыцца, якiя апоры ставiць i якую падсветку рабiць. Прыйшлося дырэктару «Гарсвятла» задзейнiчаць свае рэзервы. У такiх пытаннях дэпутатам вельмi часта даводзiцца выкарыстоўваць сваё службовае становiшча, бо народныя абраннiкi яшчэ i дзесьцi працуюць, а грамадскiмi справамi займаюцца, як у гэтым выпадку, паралельна.

Загаловак у газеце: Цяпер з лiхтарамi

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.