Вы тут

Як стаць аўтаінструктарам і вучыць іншых?


Спецыяліст па ваджэнні — даволі стрэсавая і вельмі адказная прафесія, якая з кожным годам карыстаецца ўсё большым попытам з боку кліентаў. Як стаць майстрам у гэтай справе і з якімі цяжкасцямі давядзецца сутыкнуцца, мы высветлілі ў дырэктара адной з мінскіх аўташкол 31-гадовага Аляксандра Новікава.


Фо­та но­сіць ілюст­ра­цый­ны ха­рак­тар.

Пачалося ўсё з... дзяўчыны

— Я ўпершыню пабываў у аўташколе, калі мне было прыкладна гадоў дзесяць. У ёй працаваў сябра бацькі, таму даволі часта там пачаў «завісаць». Ужо ў той час мяне пачало цікавіць усё, звязанае з машынамі. А калі ў чатырнаццаць гадоў першы раз сеў за руль на закрытай пляцоўцы, канчаткова зразумеў, што гэта маё, — расказвае суразмоўнік. — Нягледзячы на гэта, у прафесію прыйшоў усё ж выпадкова. Калі вучыўся ў інстытуце па спецыяльнасці менеджар-эканаміст, мая дзяўчына захацела атрымаць пасведчанне кіроўцы, і я вырашыў уладкавацца ў аўташколу і стаць яе інструктарам, бо ўсе патрэбныя навыкі і дакументы на той момант у мяне ўжо былі. Вядома, не абышлося на ранніх этапах без цяжкасцяў. Самая галоўная — гэта максімальна хутка паглыбіцца ў навучальны працэс. Проста кіраваць аўтамабілем самому і навучыць вадзіць курсанта аўташколы, які ніколі не сядзеў за рулём, — абсалютна розныя рэчы. На шчасце, з гэтай задачай я справіўся даволі хутка, і практычна ўсе першыя навучэнцы здалі экзамен у Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі з першага разу, уключаючы маю дзяўчыну. Акрамя гэтага, асноўнай праблемай для мяне стала афармленне ўсёй неабходнай рабочай дакументацыі, бо яе было вельмі шмат і з вялікай колькасцю нюансаў і правілаў. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, я не толькі стаў прафесіяналам сваёй справы, але, дзякуючы ўпартасці і матывацыі, змог дасягнуць пасады дырэктара аўташколы.

Ніякага ціску на курсантаў

— Аўтаінструктары хоць і ўскосна, але адказваюць за жыцці людзей. Бо, калі мы дрэнна навучылі ці выдалі пасведчанне чалавеку, які не ўмее вадзіць, і па яго віне адбудзецца аварыя, то гэта будзе наша віна. Таму людзі маёй прафесіі павінны валодаць пералікам пэўных навыкаў і якасцяў. Думаю, тлумачыць, што сам інструктар павінен умець кіраваць машынай, нікому не трэба. (Смяецца.) Акрамя гэтага, добры спецыяліст павінен «ад» і «да» ведаць Правілы дарожнага руху і, акрамя тэорыі, умець прымяняць на практыцы. Таксама адзін з самых асноўных, але, напэўна, самых складаных навыкаў, — умець простай мовай растлумачыць вучню ўсе тонкасці кіравання.

Што датычыцца якасцяў, то ў першую чаргу любы аўтаінструктар павінен быць добрым псіхолагам для таго, каб знайсці падыход да кожнага курсанта. Бо людзі бываюць розныя, і да ўсіх патрэбна індывідуальнае стаўленне. Вядома ж, важная стрыманасць, ні ў якім разе нельга крычаць, а тым больш прымяняць фізічную сілу. Кажуць, і такое бывае. Таму што любы ціск з боку педагога прыводзіць да поўнай страты жадання вучыцца.

І студэнты, і пенсіянеры

— Сярод маіх вучняў былі і ёсць людзі розных сфер дзейнасці і пасад: урачы, акцёры тэатра і кіно, дэканы навучальных устаноў... І гэта галоўны, на мой погляд, плюс прафесіі. З імі ўсімі вельмі цікава камунікаваць і пазнаваць нешта новае для сябе. З многімі з колішніх падапечных я камунікую нават пасля атрымання тымі правоў кіроўцы.

Гэтак жа ў аўташколах няма асаблівых абмежаванняў па ўзросце, але дакументы вам выдадуць не раней за васямнаццаць гадоў. У нашай навучальнай установе асноўную масу вучняў складаюць людзі ва ўзросце менавіта з васямнаццаці і да трыццаці гадоў. Найбольш актыўнымі ахвотнымі навучыцца вадзіць з'яўляюцца, вядома, студэнты. У іх такі ўзрост, калі працэс адбываецца «з лёту». Акрамя «стандартных» курсантаў былі і тыя, каму за семдзесят гадоў. Безумоўна, працэс асваення азоў даваўся ім складаней, але тым не менш і яны змаглі здаць паспяхова экзамен і атрымаць пасведчанне кіроўцы на роўных з усімі.

Як змагацца са страхамі

— Прыкладна восемдзесят працэнтаў з тых, хто прыходзіць на навучанне, баяцца кіраваць аўтамабілем, таму што ні разу не сядзелі за рулём. І гэта зусім нармальнае пачуццё, бо боязь перад нязведаным — гэта натуральна. Пасля некалькіх заняткаў на аўтадроме пачуццё страху сыходзіць у большасці. Тым, у каго яно ўсё ж застаецца, я заўсёды тлумачу, што няма нічога немагчымага і ўсе праблемы, хваляванні мы зможам пераадолець.

Акрамя ўласнай няўпэўненасці, ёсць яшчэ адна праблема. Многія курсанты баяцца «не знайсці агульную мову з аўтамабілем». Да гэтага пытання асабіста я стаўлюся вельмі прынцыпова і маю шэраг патрабаванняў да навучальнага транспарту. У першую чаргу ён павінен быць сучасны, таму што час савецкіх машын ужо прайшоў. Па-другое, бяспечны і камфортны для засвойвання азоў кіравання. Курсант, сядаючы за руль, павінен адчуваць сябе зручна, тады і працэс ідзе нашмат лягчэй. У сукупнасці гэтыя фактары даюць выдатны вынік у працэсе. А далей ужо справа за ўпартасцю і жаданнем.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІV курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.