Вы тут

Як засцерагчы сябе ад небяспечнага захворвання і не сапсаваць навагодні настрой


Пра гэта і не толькі ў размове з намеснікам галоўнага ўрача Магілёўскай інфекцыйнай бальніцы, галоўным пазаштатным інфекцыяністам галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Ірынай Бас.


— Магілёўскія медыкі ацэньваюць сітуацыю па каранавірусе ў рэгіёне і абласным цэнтры як дастаткова напружаную і трывожную. Гэта сапраўды так? — спыталіся мы ў спецыяліста.

— Колькасць пацыентаў вялікая, — не хавае Ірына Сцяпанаўна. — Калі раней сярод насельніцтва існавала меркаванне, што цяжка хварэюць у асноўным людзі сталага ўзросту, цяпер мы бачым, што цяжка могуць хварэць і людзі дастаткова маладога ўзросту. І часам нават без спадарожнай паталогіі, але з вялікай вагой цела. І ў такіх маладых людзей захворванне працякае, як і ў сталых, дастаткова цяжка.

— Наперадзе святы. У якія раёны Магілёўскай вобласці не трэба ехаць, каб не падчапіць заразу?

— Святы — гэта цудоўна, але не забывайце, што гэта не апошні Новы год і не апошнія Каляды. Пры такой эпідабстаноўцы лепш застацца дома і правесці іх з тымі блізкімі, з якімі мы жывём у адной кватэры. Любыя пабочныя кантакты павышаюць рызыку захворвання. За сталом у масцы сядзець не будзеш.

— Ёсць меркаванне, што калі ўжываеш алкаголь, COVІD-19 цябе не закране...

— Калі мы выкарыстоўваем спіртазмяшчальныя антысептыкі і дэзсродкі, гэта не значыць, што трэба ўжываць моцныя напоі. Гэта не застрахуе ад віруса. Наадварот, чалавек страчвае кантроль, і рызыка падхапіць хваробу ўзрастае.

— Трывогу выклікае, што паміраюць людзі крыху за 50, якія вялі здаровы спосаб жыцця і не скардзіліся на дрэннае самаадчуванне...

— На жаль, ад гэтага ніхто не застрахаваны. Усё залежыць ад многіх фактараў — генетычных асаблівасцяў, віруснай нагрузкі, наяўнасці спадарожных захворванняў. У тых, каму за 50, ужо ёсць, як правіла, артэрыяльная гіпертэнзія, шмат у каго цукровы дыябет. А гэта павялічвае пагрозу захварэць цяжка.

— У Беларусі ёсць невялікая колькасць людзей, якія выпрабоўваюць расійскую вакцыну. Можна казаць пра нейкія першыя вынікі?

— Так, у Беларусі ёсць шэраг асоб, якія ўвайшлі ў групу для клінічных выпрабаванняў расійскай вакцыны. Аднак павінен прайсці час, каб пераканацца, што гэта вакцына дзейсная.

— На колькі хапае натуральнага імунітэту, калі ты ўжо перахварэў?

— Такой гарантыі няма. Імунітэт выпрацоўваецца ў большасці людзей, але, на жаль, паўторныя выпадкі інфіцыравання існуюць. І часам паўторныя працякаюць дастаткова цяжка, цяжэй, чым у першым выпадку. У кожнага імунная сістэма свая, ёсць пэўныя асаблівасці. Часам імунітэт, які выпрацоўваецца, не трывалы, і чалавек пры паўторнай сустрэчы з вірусам захворвае. Мы разлічваем на тое, што імунітэт павінен захоўвацца паўгода, але ў некаторых яго хапае на месяц—тры.

— Шмат хто скардзіцца на недасканаласць дыягностыкі. У чалавека ўсе прыкметы захворвання ёсць, а аналіз адмоўны. Прычына ў зменлівасці віруса або ў нечым іншым?

— Мы павінны разумець, што любы вынік аналізу мы павінны сувымяраць з клінічнай карцінай. Інфарматыўнасць таго ж ПЛР-даследавання дакладная толькі на 60 %. Гэта залежыць ад шматлікіх фактараў — ад збору матэрыялу, транспарціроўкі, колькасці віруса. Калі мы назіраем у пацыента «клініку» двухбаковай пнеўманіі, робім РКТ органаў грудной клеткі і бачым тыповую карціну ковіднай пнеўманіі, але пры гэтым атрымліваем адмоўны вынік ПЛР, то дыягназ каранавіруснай інфекцыі не здымаем, пазначаем толькі, што ён клініка-рэнтгеналагічны. Асноўнае — гэта «клініка», лабараторныя даследаванні павінны сувымярацца з клінічнай карцінай. Што датычыцца тэстаў на антыцелы, то трэба разумець, калі ўзяць кроў для праверкі на іх наяўнасць у пацыента, які толькі захварэў, вынік будзе адмоўны. Імунная сістэма выпрацоўвае антыцелы не імгненна. Каб з'явіліся імунаглабуліны М, павінна прайсці мінімум сем дзён, у некаторых яны з'яўляюцца толькі на 10-ы і нават 14-ы дзень. Адным словам, калі чалавек захварэў, рабіць аналіз крыві на антыцелы ў першыя сем дзён бессэнсоўна. Яны не выпрацоўваюцца ў сувязі з асаблівасцямі нашай імуннай сістэмы. Таму вельмі важна ведаць, што кожны аналіз павінен назначаць урач. Ён жа павінен даваць і інтэрпрэтацыю гэтых аналізаў, з улікам «клінікі» і іншых даных — аналізу крыві, у тым ліку біяхімічнага, і гэтак далей. Такога, што захацеў праверыць кроў на антыцелы — пайшоў і здаў, быць не павінна. Інакш можна страціць пільнасць і прыняць COVІD за ВРЗ.

— А калі чалавек вырашыў падстрахавацца і зрабіць КТ?

— Гэта магчыма, толькі калі ёсць накіраванне ўрача. КТ — гэта метад даследавання, а не метад лячэння. Калі чалавеку робяць рэнтген і бачна, што ў яго пнеўманія, навошта рабіць КТ? Іншая справа, калі чалавеку зрабілі рэнтген, змен не выявілі, а тэмпература падымаецца, захоўваецца кашаль, дрэннае самаадчуванне, пры гэтым тэст ПЛР адмоўны, канешне, доктар прызначыць КТ. І трэба разумець, што калі зрабіць КТ у першы дзень захворвання, нават на другі, а магчыма і трэці, змен у лёгкіх можна і не заўважыць. Зноў жа такі чалавек супакойваецца, маўляў, у яго хваробы няма. А калі зрабіць КТ на пяты-шосты дзень, там ужо будуць змены. Так развіваецца хвароба. Проста ў першы-другі дзень пнеўманія была рэнтгеналагічна не бачная. Абследаванне назначае не пацыент сабе, а ўрач.

— Мы ўсе ведаем меры прафілактыкі, але не лішнім будзе яшчэ раз пра іх нагадаць.

— Насельніцтва павінна вельмі сур'ёзна ставіцца да захавання элементарных мер прафілактыкі, якія вельмі дзейсныя. Гэта нашэнне масак, асабліва ў месцах знаходжання вялікай колькасці людзей. Масачны рэжым, які спачатку пачаў дзейнічаць у Магілёве, а пасля і па ўсёй рэспубліцы, быў уведзены не проста так. Таму ў крамах, грамадскім транспарце, месцах, дзе шмат людзей, мы павінны насіць маскі. Акрамя гэтага, усе павінны захоўваць сацыяльную дыстанцыю. Метр-паўтара — гэта менавіта тая адлегласць, якая дазваляе мінімізаваць перадачу віруса. І не трэба забываць пра гігіену рук — іх неабходна мыць вельмі старанна з мылам, а калі такой магчымасці няма, апрацоўваць ахоўным антысептычным сродкам. Неабходна таксама як мага часцей праветрываць памяшканне, асабліва калі там знаходзіцца больш за тры чалавекі. Нагадаю, што дзеці могуць з'яўляцца бессімптомнымі пераносчыкамі інфекцыі і пераносіць хваробу без «клінікі», або з мінімальнымі яе праявамі. Пры гэтым яны будуць з'яўляцца крыніцай інфекцыі для сваіх бацькоў, або, што яшчэ больш небяспечна, дзядуль і бабуль. Таму трэба скараціць кантакты дзяцей з пажылымі сваякамі.

— Некаторыя, каб не захварэць, п'юць розныя антывірусныя сродкі. Ці правільна гэта?

— У свеце не распрацавана ніводнага супрацьвіруснага сродку, які б уздзейнічаў на COVІD-19. Яго няма. Усе тыя лекавыя прэпараты, якія выкарыстоўваюцца, з'яўляюцца эксперыментальнымі. Некаторыя з іх часткова валодаюць супрацьвіруснымі ўласцівасцямі. Той жа прэпарат для лячэння ліхаманкі Эбола. У часткі пацыентаў ён паказаў сваю эфектыўнасць у раннія тэрміны захворвання. Іншыя лекавыя сродкі падаўляюць гіперімунны адказ, але іх прызначаюць тым пацыентам, у якіх ёсць пэўныя паказанні. Але дзейснага на 100 % прэпарата няма, інакш ужо б увесь свет вылечыўся. Мы маем вялікія спадзяванні на вакцыну, якая цяпер праходзіць выпрабаванні.

— А ці трэба купляць для ўласнага самазаспакаення прыборы для вымярэння сатурацыі?

— Здароваму чалавеку яны не патрэбны. Уладальнікі мабільных тэлефонаў могуць спампаваць праграмку для вызначэння сатурацыі і карыстацца ёй. Эфект той самы.

— Як часта адбываюцца пасяджэнні штаба па мінімізацыі рызык распаўсюджвання віруснай інфекцыі і аказанні дапамогі насельніцтву?

— Штабы створаны па даручэнні Прэзідэнта і каардынуюць работу ўсіх службаў, у тым ліку МУС, МНС, адукацыі і гэтак далей на мясцовым узроўні. Наш рэгіянальны штаб узначальвае старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Кожнаму ведамству даюцца даручэнні і прызначаюцца тыя шляхі, якія дапамагаюць нам спраўляцца з сітуацыяй. Штотыдзень на некалькі дзён у Магілёў прыязджаюць эксперты — прафесар кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта Дзмітрый Данілаў і дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэанімацыі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Уладзіслаў Рымашэўскі. Адзін дзень яны прысвячаюць кансультацыям у магілёўскіх бальніцах, а на другі мы апошнім часам выязджаем на раёны.

— Якія прагнозы існуюць па COVІD-19? Кажуць, разнявольвацца нельга да чэрвеня.

— Разнявольвацца мы і не будзем. Спадзяемся, што ў найбліжэйшыя некалькі месяцаў выйдзем на плато.

— У інтэрнэце існуе інфармацыя, што ковід — гэта лабараторны вірус, накіраваны на знішчэнне значнай часткі насельніцтва Зямлі. А вы як лічыце?

— Адказ на гэтае пытанне дадуць вучоныя. Але па папярэдніх звестках гэта натуральны вірус.

Пытанні задавала Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Ірыны БАС

Загаловак у газеце: Пільнасць, маскі і дыстанцыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.